Ад забароны дронаў да патрабавання нараджаць больш беларусаў. Галоўныя падзеі ў малюнках


Беларусы не змогуць карыстацца дронамі, а жанчына, якая нарадзіла і выхавала пяцёра дзяцей, не атрымае званне маці-гераіня, калі не будзе валодаць «высокімі маральнымі якасцямі». Акрамя таго, дзяржава пагражае студэнтнам-платнікам абавязковым размеркаваннем, а тым, хто навучаецца за кошт бюджэту – павелічэннем тэрміна адпрацоўкі. За гэтымі ды іншымі гучнымі падзеямі разам з «Белсатам» сочыць мастак Дэ Лёс. 

Малюнак: Дэ Лёс / Белсат

Аляксандр Лукашэнка 25 верасня падпісаў указ, які забараняе фізічным асобам у Беларусі валодаць і карыстацца беспілотнымі лётнымі апаратамі і авіямадэлямі. Забарона карыстацца і набываць пачала дзейнічаць адразу пасля публікацыі ўказа, а пазбыцца ад сваіх дронаў беларусы павінны цягам паўгода. Каб грамадзяне не купілі дрон ці камплектуючыя для яго, на пошце нават будуць правяраць пасылкі. Пакуль уладальнікам дронаў не паведамілі, куды яны павінны здаваць сваю маёмасць, бо продаж пры забароне на карыстанне ў межах краіны сэнсу не мае.

Малюнак: Дэ Лёс / Белсат

21 верасня Аляксандр Лукашэнка правёў нараду, прысвечаную пытанням адукацыі, падчас якой былі абвешчаныя чарговыя рэпрэсіўныя захады, што гэтым разам закрануць беларускую моладзь.

Каментар
Ідэальная адукацыя – каб людзі «кнігі не ўмелі чытаць»? Што стаіць за нарадаю Лукашэнкі
2023.09.22 18:03

Падчас нарады міністр адукацыі Андрэй Іванец прапанаваў увесці адпрацоўку пасля навучання ў тым ліку для платнікаў. Таксама прагучала прапанова павялічыць тэрмін адпрацоўкі па размеркаванню тым, хто вучыўся за кошт бюджэту. Адпаведныя змяненні ўжо рыхтуюцца для ўнясення ў Кодэкс аб адукацыі.

Малюнак: Дэ Лёс / Белсат

У Беларусі нараджальнасць штогод зніжаецца на 10 %. Пра гэта ў пачатку кастрычніка ў эфіры СТВ заявіла намесніца дырэктара РНПЦ «Маці і дзіця» Алена Гашкевіч. Адначасова з гэтым незадаволенасць тым, што беларускі мала нараджаюць дзяцей выказала старшыня Савету Рэспублікі Наталля Качанава. Яна паабяцала заняцца выпраўленнем сітуацыі.

Меркаванні
Качанава заклікае беларусак нараджаць, беларускі пакуль адмаўляюцца
2023.10.03 20:39

Тэму падхапіла кіраўніца праўладнага Саюзу жанчын Вольга Шпілеўская, якая стала агітаваць за шматдзетнасць і традыцыйныя каштоўнасці. На яе думку, ва ўсім вінавата арыентацыя беларусак на «заходняю культуру, заходнія каштоўнасці».

Малюнак: Дэ Лёс / Белсат

Патрабаванне нараджаць больш уступае ў некаторую супярэчнасць з другой ініцыятывай уладаў – яны  захацелі пашырыць патрабаванні да жанчын, якія будуць прэтэндаваць на ордэн Маці. Цяпер будзе недастаткова нарадзіць або выхаваць пяць і болей дзяцей, трэба яшчэ «валодаць высокімі маральнымі якасцямі» і рыхтаваць дзяцей да грамадска карыснай працы. Адпаведныя змены ў закон «Аб дзяржаўных узнагародах» ужо падрыхтаваныя. Законапраект аб зменах у закон «Аб дзяржаўных узнагародах» апублікаваны на Нацыянальным прававым партале Беларусі.

Малюнак: Дэ Лёс / Белсат

Тэма дзяцей апошнім часам у Беларусі абмяркоўваецца ўсё часцей. Прычым, не толькі беларускіх, але і ўкраінскіх. Міжнародная федэрацыя таварыстваў Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца апублікавала вынікі расследавання ў дачыненні старшыні Беларускага Чырвонага Крыжа Дзмітрыя Шаўцова. Ад беларускай арганізацыі запатрабавалі звольніць яго не пазней за 30 лістапада. У адваротным выпадку будзе прыпыненае фінансаванне Беларускага Чырвонага Крыжа і яго сяброўства ў міжнароднай федэрацыі.

Міжнародны Чырвоны Крыж і Чырвоны Паўмесяц праверыў заявы Шаўцова пра ядравую зброю і перамяшчэнне ўкраінскіх дзяцей, а таксама ягоны візіт у Луганск і Данецк. І хоць датычнасці да вывазу ўкраінскіх дзяцей знойдзена не было, палітызацыя і маніпуляванне гуманітарнай дзейнасцю было прызнана недапушчальным.

Як паведамлялася, Дзмітрый Шаўцоў ездзіў на акупаваныя ўкраінскія тэрыторыі ў вопратцы з нашыўкаю з літараю «Z» – сімвалам расейскага ўварвання, прывозіў, як заяўлялася, гуманітарную дапамогу дзецям. Ён прызнаваў, што Беларускі Чырвоны Крыж займаўся вывазам дзяцей у Беларусь.

belsat.eu

Стужка навінаў