У Беларусі нараджальнасць штогод зніжаецца на 10 %. Пра гэта ў эфіры СТВ заявіла намесніца дырэктара РНПЦ «Маці і дзіця» Алена Гашкевіч.
«Мы маем кожны год падзенне нараджальнасці прыблізна на 10 %. І ў 2019-м, і ў 2020-м, і ў 2021-м, і ў 2022-м. І ў 2023-м мы чакаем тыя ж мінус 10 %», – сказала яна.
Пры гэтым Алена Гашкевіч заявіла, што палітычныя падзеі не ўплываюць на нараджальнасць, але «нюансы былі».
«Не магу сказаць, што ў 2020 годзе ў нас яны былі цудоўныя. Так, нюансы былі, але глабальна гэта не можа адбіцца на нараджальнасці, бо ўсё роўна ў краіне было стабільнае становішча», – дадала яна.
Пры гэтым яна прызнала магчымы ўплыў пандэміі, бо людзям «нават у галаву не прыходзіла, што яны могуць мець зносіны з мэтай завесці сям’ю або абмяркоўваць пытанні нараджэння дзяцей».
Адзначым, што для звычайных беларусаў статыстка нараджальнасці, смяротнасці і міграцыяў схаваная з 2020 года. Яе закрылі з пачаткам пандэміі каронавіруса і палітычнага крызісу ў краіне. Таму праверыць словы і падлікі Гашкевіч не ўяўляецца магчымым.
Але некаторыя звесткі ўсё ж прасочваюцца. Гэтак, паводле тэлеграм-каналу Гомельскага аблвыканкаму «Гомельщина официально», у 2022 годзе ў Гомельскай вобласці нарадзілася 10 462 дзяцей, з іх 5142 дзяўчынкі і 5320 хлопчыкаў. Гэта на 23,5 % меней, чым было тры гады таму, у 2019. Калі ж параўнаць з узроўнем нараджальнасці 2015 года (тады ў вобласці нарадзілася 18 480 дзяцей, найбольшы паказнік за апошнія 10 гадоў), то спад нараджальнасці летась складаў 43,39 %.
Пасля заканчэння Другой сусветнай вайны падобнае падзенне нараджальнасці ў Гомельскай вобласці адзначалася толькі раз – пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС.
Якуб Хруст belsat.eu