Вадзім Гігін прапанаваў запатрабаваць у Польшчы рэпарацыі


Беларусь можа «выставіць рахунак палякам». Пра гэта ў эфіры ток-шоу «Будни» на «Альфа-Радыё» заявіў экс-дэкан факультэту філасофіі БДУ, старшыня таварыства «Веды», прапагандыст Вадзім Гігін. Ягоныя словы перадае «СБ – Беларусь сегодня».

Вадзім Гігін.
Фота: novgazeta.by

Гігін загаварыў пра «рахунак палякам» у адказ на тое, што Польшча вырашыла запытаць рэпарацыі з Нямеччыны за страты ў Другой сусветнай вайне.

Прапагандыст заявіў, што Нямеччына хаця б «пакаялася ў злачынствах нацыстаў» і што Польшча мусіла б пакаяцца ў «злачынствах Пілсудскага», а замест гэтага ставіць яму помнікі.

«Я лічу, што цалкам разумна нам – гісторыкам і палітыкам – распачаць працэс, па крайняй меры на ўзроўні грамадскіх слуханняў (мы будзем звяртацца і ў наш парламент), каб мы падлічылі, якая шкода была нанесеная Беларусі польскай дзяржавай», – сказаў Гігін.

На думку прадзяржаўнага філосафа, Польшча штучна перашкаджала развіццю Заходняй Беларусі, выкачвала з яе сельскагаспадарчыя рэсурсы, заніжала заробкі працаўнікам, нанесла шкоду культурным помнікам – зачыняла праваслаўныя цэрквы ці перадавала іх пад касцёлы, знішчала школы і газеты, стварыла канцлагер у Бярозе-Картузскай.

«Ці можам мы прад’явіць гэты рахунак палякам? Канешне ж, можам. Ёсць і прававая перспектыва для падобнага разбіральніцтва. Польскі ўрад тады, асабліва пасля майскага перавароту 1926 года, фактычна не выконваў шмат якія палажэнні Рыжскай дамовы, якая не проста раздзяліла тэрыторыю, але гарантавала нацыянальным меншасцям у рамках Рэчы Паспалітай правы і свабоды», – заявіў прапагандыст.

Таксама Гігін нагадаў, што набліжаецца 17 верасня, які Лукашэнка назваў Днём народнага адзінства. У 1939 годзе ў гэты дзень Заходняя Беларусь была далучаная да БССР.

Hавiны
Польшча хоча запатрабаваць у Нямеччыны рэпарацыю за Другую сусветную вайну на больш чым $ 1,3 трлн
2022.09.01 21:23

1 верасня, у гадавіну нападу Нямеччыны на Польшчу, лідар правячай партыі «Права і справядлівасць» Яраслаў Качыньскі заявіў, што Польшча будзе патрабаваць ад Нямеччыны рэпарацыі за шкоду ад Другой сусветнай вайны ў памеры €1,3 трыльёны. Берлін адказаў, што пытанне рэпарацыяў лічыць вычарпаным.

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў