Урад намагаецца спыніць рост коштаў. Эксперты кажуць, што праграмы рэгулявання сітуацыі не ўратуюць


Чыноўнікі ў Беларусі рапартуюць, што распрацавалі і зацвердзілі праграму захадаў дзеля стабілізацыі коштаў у краіне. Урадоўцы супольна з КДК цягам гэтага года будуць кантраляваць выкананне коштаўтварэння. Эканамісты ў размове з «Белсатам» крытыкуюць гэтыя крокі і выказваюць меркаванне, што стварэнне праграмы не можа істотна паўплываць на сітуацыю.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Людзі набываюць гародніну ў краме ў Менску, Беларусь.
Фота: Белсат

Праграма абяцае кантроль і легалізацыю паралельнага імпарту

Урад супольна з Камітэтам дзяржкантролю зацвердзілі праграму захадаў дзеля стабілізацыі коштаў у Беларусі сёлета. Афіцыйна паведамляецца, што праграма стане стратэгічным планам, які прывядзе да насычэння ўнутранага рынку таварамі праз легалізацыю паралельнага імпарту і распрацаванне імпартазамяшчэння. Чыноўнікі абяцаюць кантраляваць дзяржаўнае коштарэгуляванне, у межах якога ўдасканаляць яго метадалогію. Таксама асобнымі пунктамі пазначылі стварэнне лічбавай платформы, працягненне пагаднення пра зніжкі, маніторынг коштаў на імпартныя тавары.

Эканамісты ў размове з «Белсатам» адзначаюць, што адным загадам спыніць рост коштаў проста немагчыма. Таму захады чыноўнікаў у экспертаў выклікаюць толькі крытыку.

«Калі б можна было праз стварэнне праграмы стабілізаваць кошты ў Беларусі, то Лукашэнка зрабіў бы гэта яшчэ ў 1995 годзе. Але гэтымі інструментамі ён нешта робіць і робіць, а апошнія трыццаць гадоў Беларусь застаецца адной з найбольш неспрыяльных краінаў з гледзішча інфляцыі. На жаль для Лукашэнкі – але на шчасце для нас, ёсць законы эканомікі, паходжання грошай, якіх ніхто не адмяняў. Да таго ж, ніколі ў гісторыі яшчэ не было, каб чыноўнікі нейкімі маніпуляцыямі маглі б стабілізаваць кошты», – кажа эканаміст Яраслаў Раманчук.

Аналітыка
Даходы памяншаюцца, выдаткі – павялічваюцца. Дэфіцыт бюджэту Беларусі працягне расці
2022.07.05 15:08

Робіцца гэта для імітацыі сацыяльнай бяспекі, для таго, каб было больш інструментаў у руках кантралёраў, праз якія можна браць хабар і займацца рэйдарствам, паколькі ў нас ваенны камунізм, выказвае перакананне Яраслаў Раманчук. Зрэшты, Лукашэнка сам пра гэта адкрыта казаў, што трэба найлепшае браць з ваеннага камунізму. Паводле суразмоўцы «Белсату», у агучанай праграме няма навукі, здаровага сэнсу, гэта бязглуздзіца.

Але і гэтыя захады будуць адчувальныя для спажыўцоў. Праўда, карысці яны не прынясуць – варта чакаць адваротнага эфекту.

«Штучнае ўмяшанне прывядзе да таго, што стане бракаваць якасных прадуктаў, будзе дэфіцыт інгрэдыентаў. У нас былі падобныя сітуацыі і з яйкамі, і з малаком. Калі людзі не вучацца нават на сваіх памылках, гэта проста імітацыя. Ды і ўвогуле, выканаць такія рэчы проста немагчыма. Паколькі чыноўнікі імітуюць дзейнасць, нічога не вырашаецца. Як у Савецкім Саюзе казалі, вы робіце выгляд, што працуеце, а я раблю выгляд, што аплачваю. Так і тут – яны робяць выгляд, што кантралююць, што нібыта займаюцца сацыяльнай бяспекай насельніцтва, але плёну з гэтага быць проста не можа», – кажа Яраслаў Раманчук.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Мандарыны на Камароўскім рынку ў Менску, Беларусь.
Фота: Белсат

Інфляцыя расце насуперак загадам чыноўнікаў

Пры гэтым кошты ў Беларусі растуць нашмат хутчэй, чым запланавалі ўлады. Паводле Нацбанку, інфляцыя ў краіне па выніках бягучага года не павінная перакрочыць 6 %, але з пачатку года і да чэрвеня кошты выраслі на 11,9 %. Гадавая інфляцыя (травень 2021 года – травень 2022 года) дасягнула 17 %.

Пры гэтым яшчэ на самым пачатку 2022 года ўрад распачаў захады для рэгулявання коштаў. Першапачаткова яны датычылі сацыяльна значных тавараў. У красавіку ўлады апублікавалі пастанову аб коштах. Паводле дакументу, забаранілі іх рост больш чым на 1,2 % на шэраг тавараў без узгаднення з камісіяй у пытаннях дзяржаўнага рэгулявання коштаўтварэнняў пры Саўміне. Такі рэжым абвесцілі да канца бягучага года. У спісе не толькі харчы, але туалетная папера, шкарпэткі, мыла.

7 чэрвеня Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю пашырыла рэгуляванне коштаў на сацыяльна значныя тавары.

Аналітыка
Цэны ў Беларусі працягваюць рост. Што здолее іх запаволіць?
2022.06.15 11:01

Мікалай Каткоў, belsat.eu

Стужка навінаў