З Балонскага працэсу выключылі ўсе беларускія і расейскія ВНУ. Аб гэтым паведамляецца на афіцыйным сайце Еўрапейскай прасторы вышэйшай адукацыі (EHEA).
Балонская група аб’явіла аб спыненні ўдзелу прадстаўніцтваў Беларусі і Расеі ва ўсіх структурах Балонскага працэсу яшчэ 11 красавіка, пасля таго, як Расейскі саюз рэктараў выступіў у падтрымку вайны ва Украіне, а рэктары і кіраўнікі адукацыйных арганізацый Расеі паставілі свае подпісы пад зваротам у падтрымку Пуціна.
Тады група суправаджэння Балонскага працэсу выступіла з заявай прыпыніць прадстаўніцтва Расеі, але пра Беларусь размова не ішла. Аднак пазней група суправаджэння Балонскага працэсу папрасіла чальцоў EHEA і чальцоў з кансультатыўным статутам спыніць супрацоўніцтва і кантакты з дзяржорганамі Расеі і іншых краін, якія падтрымліваюць напад на Украіну.
У сваю чаргу намеснік міністра навукі і вышэйшай адукацыі Расеі Дзмітрый Афанасьеў заявіў, што краінам не трэба разрываць ніякія дамовы і выходзіць з іх. «Я сказаў бы, што гэта Балонская сістэма з нас выйшла, а не мы з яе», – сказаў Афанасьеў.
Беларусь і Расея сталі першымі краінамі, якіх выключылі з Балонскага працэсу. Да гэтага працэдуры выхаду ці выключэння наогул не існавала.
Балонскі працэс – гэта рух па стварэнні Еўрапейскай прасторы вышэйшай адукацыі, запушчаны ў 1999 годзе з падпісання Балонскай дэкларацыі. Стварэнне Еўрапейскай прасторы вышэйшай адукацыі мае на ўвазе адзіную сістэму адукацыі, якая складаецца з трох ступеняў: бакалаўрыят – магістратура – вучоная ступень, дактарантура. Таксама краіны-ўдзельніцы Балонскага працэсу павінны прытрымлівацца пэўных стандартаў у адукацыі і арганізацыі навучальнага працэсу.
Беларусь далучылася да працэсу ў 2015 годзе.
Алена Рувіна belsat.eu