Каардынацыйную раду амаль дарэфармавалі. Чаму так доўга? І ці раскажуць, каго ўзялі?


У кастрычніку 2022 года Каардынацыйная рада распачала рэформу, пра якую казалі яшчэ ў жніўні. Яе збіраліся завершыць да 16 снежня. Але толькі 26 студзеня 2023-га прайшла першая сустрэча абноўленага складу – яшчэ не поўнага. Калі будзе поўны склад, чаму так доўга і ці раскажуць, хто ўвайшоў?

Абнаўленне Каардынацыйнай рады. Выява: Белсат

«Белсату» пра гэта расказаў сябра прадстаўнічай працоўнай групы ў справе рэформе КР Валер Мацкевіч.

Ёсць ужо 90 дэлегатаў, будзе яшчэ 15

У панядзелак, 6 лютага, мае завершыцца галасаванне за дэлегатаў, якія вылучаліся самастойна – не ад арганізацыяў. 15 новых сяброў будуць кааптаваныя да складу Каардынацыйнай рады, і гэта будзе канчатковы абноўлены склад. Цяпер у КР – 19 дзейных чальцоў з ранейшага асноўнага складу і 71 новы дэлегат, выбраны палітычнымі і грамадзянскімі структурамі.

«Сёння магу сказаць з упэўненасцю: мы гэта зрабілі! – абвяшчае Мацкевіч у каментары «Белсату». – Сёння Каардынацыйная рада сапраўды мае маральнае права заявіць, што рэпрэзентуе дэмакратычныя сілы і грамадзянскую супольнасць Беларусі. Больш прадстаўнічага органу, больш прадстаўнічай пляцоўкі не існуе».

Наўпроставыя выбары, як у парламент, з удзелам усіх ахвочых грамадзянаў Беларусі выбарчага ўзросту вырашылі не праводзіць з меркаванняў бяспекі і праз немагчымасць зладзіць верыфікацыю выбарнікаў у Беларусі. Дый Каардынацыйная рада, тлумачыць Мацкевіч, – гэта прадстаўнічы орган дэмакратычных сілаў і грамадзянскай супольнасці, таму за дэлегатаў галасавалі дэмакратычныя сілы і прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці.

Першапачаткова было задумана так: да 25 дзейных чальцоў ранейшага складу Каардынацыйнай рады дадаць 75 дэлегатаў ад арганізацыяў, супольнасцяў ды ініцыятываў пяці розных сектараў, пры чым так, каб арганізацыі самі між сабою дамовіліся, каго вылучаць дэлегатам.

Разбор
Хто будзе выбіраць Каардынацыйную раду, ці трапяць туды людзі з Беларусі і як правераць кандыдатаў?
2022.10.27 12:55

Замест 25 і 75 атрымалася 19 і 71, якія сустрэліся і перазнаёміліся 26 студзеня, абмеркавалі праект будучага рэгламенту.

Яшчэ 15 месцаў вылучылі для «беспартыйных» – выбітных беларусаў, за якімі не стаяць арганізацыі. Іх маюць выбраць бліжэйшым часам, у гэтыя дні трывае рэйтынгавае галасаванне дзейных і новых чальцоў. Кандыдатаў на гэтыя 15 месцаў больш за 40.

«Разам гэта пераважная большасць усіх рэальна дзейных структураў, якім удалося выжыць, – запэўнівае Мацкевіч. – І якія працягваюць рабіць усё магчымае і нават больш, каб палітычныя вязні выйшлі на волю, каб спыніць рэпрэсіі ды наблізіць той самы доўгачаканы момант, калі адзінае для ўсіх беларусаў жаданне нарэшце спраўдзіцца».

Пасля таго як на гэтым тыдні сфармуюць поўны абноўлены склад Каардынацыйнай рады, маюць адбыцца фінальныя дэбаты пра новы рэгламент і адпаведнае галасаванне паводле яго. Што далей у арганізацыйным плане, залежыць ад прынятага рэгламенту: ці будуць выбіраць спікера і віцэ-спікера, ці будзе архітэктура органу прадугледжваць фракцыі… Але Мацкевіч перакананы: найбліжэйшыя два тыдні працэс рэфармавання будзе цалкам завершаны і абноўленая КР распачне новы этап працы.

Чаму так доўга?

Трэці год трываюць рэпрэсіі, амаль год ідзе вайна ва Украіне… А можна было хутчэй выбраць абноўлены склад Каардынацыйнай рады?

«Па-першае, кожны, хто прыйшоў у КР і хто быў у КР дагэтуль, увесь гэты час рабілі ўсё залежнае ад сябе, а некаторыя, я ведаю, нават болш, каб наблізіць нашую агульную перамогу, – адказвае Мацкевіч. – Гэта была пераклічка ўсіх жывых і здатных ісці далей, калі не ў адзінадушнай еднасці, то прынамсі ў празрыстай каардынацыі, шукаючы агульныя падыходы».

Прадстаўнік КР адзначае, што рэформа ішла ў «надзвычай складаных, але натуральных для цяперашняга часу ўмовах». Як сведчанне таму ён згадвае, што проста ў дзень першай сустрэчы прамежкавага складу стала вядома пра ўнясенне Каардынацыйнай рады ў спіс «экстрэмісцкіх фармаванняў» – да таго КР фігуравала толькі ў спісе «экстрэмісцкіх матэрыялаў» (туды ўнеслі Telegram-канал КР, закрыты чат КР у Telegram і сайт Rada.vision).

Сябра прадстаўнічай працоўнай групы ў справе рэформы Каардынацыйнай рады Валер Мацкевіч. Здымак з відэа: НАУ Беларусь / Youtube

І дадае: у рэформе хацелі выканаць усе запланаваныя і абвешчаныя працэдуры, «каб усе чальцы ды арганізацыі разумелі, што ўся праўда адбылася, каб не было сумневу, што гэты орган легітымны з пункту гледжання прадстаўніцтва дэмакратычных сілаў і грамадзянскай супольнасці». Працэдуры выканалі, таму ён верыць, што атрымалася «найлепшае з магчымага» ў цяперашніх умовах.

Мацкевіч расказвае пра два аспекты, якія пасунулі планы.

1. Больш за дзясятак заявак адхілілі. Такія прэтэндэнты не адпавядалі першасным крытэрам, якія агучваліся пры анонсах. Былі такія, што існавалі толькі фармальна: праз кансультацыі з дэмакратычнаю супольнасцю арганізатары рэформы атрымлівалі пацверджанні гэтаму. Былі і некалькі заявак псеўдадэмакратычных структураў: праверылі, а структура аказалася, як кажа Мацкевіч, «з вельмі падазроным пазіцыянаваннем і сувязямі».

2. Асаблівай увагі патрабаваў працэс дэлегавання ад дыяспараў. Ёсць краіны, дзе ў беларусаў больш за адну арганізацыю дыяспары, расказвае Мацкевіч. Трэба было спраўдзіць, ці ёсць кансэнсус паміж арганізацыямі краіны, ці могуць вылучаць супольна. Таксама імкнуліся вытрымаць геаграфічны баланс, каб дэлегатамі ад дыяспараў быў рэпрэзентаваны цэлы свет.

Мацкевіч падкрэслівае: усе анансаваныя працэдуры выканалі; усе арганізацыі дасканала верыфікавалі; супольна вызначылі найбольш моцных, актыўных і ўплывовых, здольных да каардынацыі ды вытрымлівання дамоўленасцяў кожны ў сваёй сферы.

Hавiны
Навошта ісці ў Каардынацыйную раду? Спыталі, што яна дасць дэлегатам і астатнім беларусам
2022.10.28 13:50

Ці раскажуць, каго выбралі?

Пакуль Каардынацыйная рада не раскрывала, хто ўвайшоў у прамежкавы склад і хто выставіў кандыдатуры на астатнія месцы. З самога пачатку Каардынацыйную раду вырашылі не рабіць максімальна публічнай праз пагрозу рэпрэсіяў чальцам у Беларусі і тым, хто за мяжой, але мае ў Беларусі блізкіх.

«Ясна, што мы зноў пераглядаем бяспеку, што датычыць пытання адкрытасці інфармацыі пра сябраў КР і рэпрэзентаваныя арганізацыі, – кажа Мацкевіч. – Акурат цяпер завяршаюцца дадатковыя кансультацыі, праз якія будзе вырашана, хто можа сабе дазволіць быць публічным».

У названую «экстрэмісцкім фармаваннем» раду ўвайшлі і тыя, хто рэпрэзентуе арганізацыі, чые структуры дзеюць у Беларусі. Мацкевіч лічыць, што прычыны права на непублічнасць зразумелыя.

Сябры Прэзідыуму Каардынацыйнай рады, сфармаванай пасля выбараў 2020 года. Злева направа: Павел Латушка, Марыя Калеснікава (цяпер у зняволенні), Вольга Кавалькова, Максім Знак (цяпер у зняволенні), Сяргей Дылеўскі. У Прэзідыум таксама ўвайшлі не прысутныя на здымку Святлана Алексіевіч і Лілія Уласава. Менск, Беларусь. 18 жніўня 2020 года.
Фота: Svaboda.org / RFE/RL

Крымінальную справу супраць Каардынацыйнай рады распачалі яшчэ 20 жніўня 2020 года, перадалі ў суд 16 снежня 2022-га. У гэтай справе Святлану Ціханоўскую, Паўла Латушку, Вольгу Кавалькову, Сяргея Дылеўскага і Марыю Мароз завочна вінавацяць у змове з мэтаю захапіць дзяржаўную ўладу, стварэнні экстрэмісцкага фармавання і кіравання ім, публічных закліках да санкцыяў, распальванні сацыяльнай варожасці ды паводле іншых артыкулаў (асабіста Ціханоўскую – яшчэ ў здрадзе дзяржаве).

Ад рэпрэсіяў пасля выбараў-2020 пацярпелі шмат якія сябры Каардынацыйнай рады, за кратамі цяпер застаюцца чальцы прэзідыуму КР Максім Знак і Марыя Калеснікава.

Каментар
Выбары-2024: улады Беларусі ўжо іх плануюць, а чаго чакаць беларусам? Тлумачыць Класкоўскі
2023.02.03 19:02

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў