Каардынацыйная рада анансавала рэформу: будзе 115 чальцоў, 25 дзейных і 90 новых


У першы тыдзень пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года Святлана Ціханоўская заснавала Каардынацыйную раду, якая мусіла арганізаваць працэс пераадолення палітычнага крызісу. Рэжым Аляксандра Лукашэнкі адказаў на гэта рэпрэсіямі, частка чальцоў рады трапіла за краты. Цяпер Каардынацыйная рада збіраецца перафармавацца. 

У новы склад Каардынацыйнай рады збіраюцца паклікаць 115 чальцоў:

  • 25 ужо дзейных чальцоў рады, якія пацвердзілі свае паўнамоцтвы;
  • 75 новых дэлегатаў ад структураў дэмакратычных сілаў і грамадзянскай супольнасці;
  • 15 чалавек – «выбітныя дзеячы, якія прайшлі працэдуру для свабодна вылучаных кандыдатаў».

Выставіць дэлегата ў Каардынацыйную раду можа арганізацыя, супольнасць ці ініцыятыва, створаная беларусамі або звязаная з Беларуссю, якая не кантралюецца дзяржавай і ёсць незалежнай у сваіх рашэннях, не прызнае афіцыйныя вынікі выбараў 2020 года, лічыць недапушчальным гвалт рэжыму Аляксандра Лукашэнкі і разглядае незалежнасць Беларусі як безумоўную каштоўнасць. Да 13 лістапада можна выслаць дакументы аб кандыдатуры, інструкцыя для арганізацыяў тут, анкета для вольнага вылучэння тут.

Пытанне рэформы Каардынацыйнай рады абмяркоўвалі на канферэнцыі «Новая Беларусь» у жніўні – па выніках канферэнцыі Святлана Ціханоўская сабрала Аб’яднаны пераходны кабінет. Удзельнікі панэлі пра лічбавую дэмакратыю абмеркавалі тады ідэю выбараў у абноўленую Каардынацыйную раду з удзелам людзей у Беларусі – але для такіх выбараў яшчэ трэба стварыць праграму, якая адначасова дазваляла б верыфікаваць выбарніка праз нейкую форму «лічбавага ID». Над такой праграмай працавалі розныя каманды, але выніковы прадукт пакуль не прадставілі.

Адказны за стратэгічнае планаванне і каардынацыю Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Валер Мацкевіч расказаў, што рэфармаванне Каардынацыйнай рады ладзяць, каб рада стала прадстаўнічым органам побач з выканаўчым – Аб’яднаным пераходным кабінетам.

Мяркуецца, што пасля «перазагрузкі» рада будзе каардынаваць дзейнасць дэмакратычных сілаў, распрацоўваць праграмы і стратэгічныя дакументы, ладзіць абмеркаванні грамадска значных пытанняў, а таксама ўзгадняць прызначэнне прадстаўнікоў Пераходнага кабінету. А Кабінет ужо будзе ладзіць тактычнае кіраванне як адзіны цэнтр прыняцця палітычных рашэнняў.

Першае паседжанне абноўленай Каардынацыйнай рады збіраюцца зладзіць да 16 снежня – адразу пасля ўключэння новых дэлегатаў.

Аналітыка
7 рэчаў, якія трэба ведаць пра Аб’яднаны пераходны кабінет пры Ціханоўскай
2022.08.11 10:43

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў