Ігар Лосік напісаў жонцы Дар’і 15 лістоў, але яна ніводнага не атрымала


Пасля абвяшчэння прысуду Дар’і Лосік адміністрацыя наваполацкай калоніі, дзе адбывае пакаранне ейны муж, журналіст і блогер Ігар Лосік, дазволіла яму ліставацца з жонкай. Аднак Дар’я не атрымлівае лістоў, паведамляе радыё «Свабода».

Дар’я Лосік паказвае фота сябе разам з мужам.
Фота: Белсат

Палітзняволены Ігар Лосік напісаў жонцы Дар’і 15 лістоў, але яна ніводнага не атрымала. Да абвяшчэння прысуду сужэнцам не дазвалялася ліставацца. Але, відаць, і пасля афіцыйнага дазволу нічога не змянілася. Дар’і лісты па-ранейшаму даходзяць толькі ад бацькоў.

Вядома, што падчас судовага працэсу Дар’я прастудзілася. Цяпер ёй лепш, але кашаль пакуль застаецца. Яна вельмі перажывае за 4-гадовую дачку Паўліну, якую даглядаюць бацькі яе і Ігара.

Нагадаем, Дар’ю Лосік 19 студзеня пакаралі двума гадамі зняволення з адбываннем у папраўчай калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму за інтэрв’ю пра ейнага мужа, зняволенага журналіста радыё «Свабода» Ігара Лосіка. Яе абвінавацілі паводле арт. 361-4 Крымінальнага кодэксу («Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці»).

Журналіст «Свабоды» Ігар Лосік за кратамі больш за два гады – з 25 чэрвеня 2020 года. У снежні 2021 года Гомельскі абласны суд прысудзіў Ігару 15 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Яго судзілі паводле ч. 3 арт. 130 КК («Распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай або іншай сацыяльнай варожасці або разладу, учыненыя групай асобаў») і ч. 1 арт. 293 («Арганізацыя масавых беспарадкаў»). Палітвязня перавялі ў Наваполацк, на месца пастаяннага зняволення.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў