Рэканструкцыя ці знішчэнне? У Горадні адчынілі Стары замак


Сёння ў Горадні з удзелам 2К – так гарадзенцы называюць фактычных кіраўнікоў вобласці Уладзіміра Караніка і Юрыя Караева – афіцыйна абвесцілі заканчэнне першай фазы рэканструкцыі гарадзенскага Старога замку. А з 6 лістапада рэканструяваныя залы змогуць наведаць усе цікаўныя.

Стары замак пасля рэстаўрацыі. Горадня, Беларусь. 5 лістапада 2021 года.
Фота: Белсат

Стары замак – адна з самых адметных славутасцяў гораду. Галоўная асаблівасць замку – у тым, што ён выконвае важную ролю для трох культураў – беларускай, літоўскай і польскай, бо ў ім спалучаная гісторыя Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай.

Яго будавалі мясцовыя славяне з яцвягамі, перабудоўвалі Вітаўт з Баторым, разбуралі маскоўскія і шведскія войскі. У замку амаль усё ХХ стагоддзе быў музей. У мінулае дзесяцігоддзе замак дачакаўся рэканструкцыі, якая набрала тэмпу за часоў бязвізу і тлуму турыстаў у горадзе.

Стары замак пасля рэстаўрацыі. Горадня, Беларусь. 5 лістапада 2021 года.
Фота: Белсат

Рэканструкцыя Старога замку выклікала і працягвае выклікаць шмат крытыкі адмыслоўцаў. З аднаго боку, усе прызнаюць, што з замкам трэба было нешта рабіць, інакш ён проста разбурыцца, а з другога, і так лічаць многія, – той праект рэканструкцыі, які рэалізоўваецца, пераўтварае ўнікальны для Беларусі гістарычны помнік у навабуд.

Перадгісторыя

Стары замак да нядаўна быў у вельмі непрывабным стане і ўяўляў сабою царскую казарму канца XIX – пачатку XX стагоддзя. Усё, што раскапалі на яго тэрыторыі, толкам не было закансерваванае. Нешта кансервавалі палякі, нешта – савецкая ўлада.

Стары замак у Горадні. Малюнак Тамаша Макоўскага, 1600 год

Але паступова ўсё прыходзіла ў заняпад. Сцяна часу Вітаўта, контрфорсы, якія тырчалі з зямлі, былі закансерваваныя па-савецку: проста налілі зверху бетону, каб не развальвалася. У паваенны перыяд замку асабліва не рамантавалі, увесь час чакалі нармальнай рэстаўрацыі. Ды пытанне ўпіралася ў тэхналогіі, грошы, адмыслоўцаў.

Стары замак меў гатычны выгляд да канца 1570-х гадоў, калі новаабраны кароль Рэчы Паспалітай Стэфан Баторы перабудаваў яго ў стылі маньерызму. Фактычна Гарадзенскі замак стаў галоўнаю рэзідэнцыяй гэтага караля, а затым і месцам ягонай смерці (1586 год). Замак перабудоўвалі пасля разбурэнняў 1655 і 1702 гадоў падчас новых войнаў з расейскім царствам.

Стары замак у Горадні, малюнак Напалеона Орды. Выява створаная між 1861 і 1869 гадамі

Далейшыя істотныя змены выгляду былой манаршай рэзідэнцыі адбыліся ў XIX стагоддзі, калі старадаўні замак пераўтварылі ў клуб для расейскага гарнізону.

У выніку гэтых пераўтварэнняў ад Старога замку засталіся толькі становішча на родным падмурку, частка старых вонкавых сценаў, сутарэнні.

Вайсковы клуб у Старым замку ў Горадні. Фота XIX стагоддзя

Пытанне рэканструкцыі зноў стала на парадку дня з 2014 года, калі ў адной з залаў музею правалілася падлога. Тады, каб неяк мабілізаваць улады да дзеянняў, работнікі масава напісалі заявы аб звальненні на ўласнае жаданне.

Стары замак залучылі ў дзяржаўную праграму «Замкі Беларусі», у межах якой на яго рэканструкцыю ў другой палове 2014 года далі Br 7 мільярдаў. Але праграму згарнулі, праз адсутнасць фінансавання працу над праектам таксама прыпынілі.

Стары замак у Горадні падчас рэканструкцыі. 19 ліпеня 2018 года.
Фота: Белсат

З увядзеннем бязвізавага рэжыму ва ўладаў зʼявілася больш жадання зрабіць нешта з былою каралеўскаю рэзідэнцыяй, якая паступова развальвалася. Пасля доўгага перапынку праект рэканструкцыі атрымаў паўмільёна долараў з рэспубліканскага і мясцовага бюджэтаў.

На рэканструкцыю Старога замку патрэбныя сумы, якія на сёння дакладна ніхто назваць не можа. Напрыклад, у аднаўленне палацу вялікіх князёў літоўскіх у Вільні ўклалі больш за $ 100 мільёнаў. Стары замак памерамі прыкладна такі ж, і эпоха тая ж. Толькі тут трэба рабіць сурʼёзную рэстаўрацыю, а літоўскі замак проста бралі і аднаўлялі. Рахунак можа ісці на дзясяткі мільёнаў долараў.

Загадкі беларускай гісторыі
Стары замак у Горадні. Ад сталіцы да музею
2016.05.11 17:46

Спрэчкі вакол праекту

Праект рэканструкцыі Старога замку выклікаў шмат пытанняў і дыскусіяў у асяродку навукоўцаў. Напрыклад, гісторык Акадэміі навук Мікалай Волкаў, які пісаў навуковую працу пра Гарадзенскі замак, заўважыў шэраг памылак у праекце Бачкова. За трыццаць гадоў гістарычная навука зрабіла крок наперад, адкрыліся новыя крыніцы пра замак, дзякуючы інтэрнэту з’явілася магчымасць параўноўваць дакументы, выявы, апісанні.

Так, паводле архітэктара Уладзіміра Бачкова, мае выглядаць брамная вежа.
Фота: Белсат

Асноўныя пытанні да праекту звязаныя з формаю купалу над уязною вежаю (да гэтага элементу ўзніклі нараканні з боку навукова-метадычнай рады – адправілі на дапрацоўванне), наяўнасцю камяніцы, якой нібыта не было (Бачкоў гэты будынак намаляваў, і ад яго ў гэтым праекце немагчыма адмовіцца, бо там завязана мноства камунікацыяў: трубы, цеплавузлы і г. д.), надбудоваю паверхаў на вежах і галерэях, якіх у рэчаіснасці не было, разбурэннем аўтэнтычных частак.

Волкаў актыўна прасоўваў ідэю, што праект фантазійны ды ўвогуле дрэнны, а замак з часам усё роўна давядзецца перарабляць.

Стары замак пасля рэстаўрацыі. Горадня, Беларусь. 5 лістапада 2021 года.
Фота: Белсат

У папрок Бачкову ставілася і тое, што ў сваім праекце ён ігнараваў планы ды інвентарныя апісанні замку: праз няведанне нямецкай і польскай моваў з’явіліся памылкі пры перакладзе, адсюль – памылкі ў праекце.

Пра спрэчныя моманты ў праекце выказваўся і дырэктар музею Юрый Кітурка. Паводле яго, падчас працаў на першай чарзе рэканструкцыі выявілася праблема: нягледзячы на тое, што Стары замак даследуюць ужо цэлае стагоддзе, ён аказаўся недастаткова вывучаны. Кітурка адзначыў неабходнасць і важнасць дадатковых даследаванняў для захавання гістарычнай праўдзівасці.

Стары замак пасля рэстаўрацыі. Горадня, Беларусь. 5 лістапада 2021 года.
Фота: Белсат

Гэта не першы выпадак крытыкі Бачкова. У свой час ён займаўся рэканструкцыяй Нясвіжскага палацу, і ягоная праца выклікала бурную крытыку. Архітэктар зрабіў галоўную вежу замку такой, як яна выглядае на гравюры Макоўскага 1600-х гадоў. Прыехала княгіня Лізавета Радзівіл, нашчадак магнацкага роду, і сказала, што цыбуліна няправільная, яны такога ніколі не бачылі. Гэта ў прынцыпе натуральна, бо жылі яны там у 30-х гадах, а не ў XVII стагоддзі. Здарыўся скандал, купал давялося перарабляць.

Тая ж гісторыя са Старым замкам. Але бяда тут не ў праекце Бачкова і ў не ў тым, што ён няправільна нешта надумаў. Насамрэч гэты канфлікт паказвае ўсю праблему беларускай сістэмы рэканструкцыі.

Стары замак пасля рэстаўрацыі. Горадня, Беларусь. 5 лістапада 2021 года.
Фота: Белсат

У 1990-х гадах праект Бачкова быў адзіным, на чым акцэнтаваліся абаронцы гістарычна-культурнай спадчыны, кажучы, маўляў, паглядзіце, які цудоўны замак, мы яго адновім. Аднак навуковая праца «Белрэстаўрацыі» ў 1990-х была зробленая няякасна. Сёння гісторыкі навучыліся працаваць з інвентаром, правільна іх тлумачыць, працаваць з матэрыяламі стала ў разы лягчэй.

Але ў краіне такая сістэма, што ніхто не будзе казаць, маўляў, мы дарма выдаткавалі сотні тысяч долараў на праект і зараз усё будзем згортваць ды зноў даваць грошы на новы праект. Пасля рэзанансу праект накіравалі на перагляд у Міністэрства культуры, але рэкамендацыі наконт зменаў былі нязначнымі. Мінкульт спрабаваў умяшацца ў працэс рэканструкцыі постфактум, але безвынікова.

Стары замак пасля рэстаўрацыі. Горадня, Беларусь. 5 лістапада 2021 года.
Фота: Белсат

Праект зацверджаны – трэба засвоіць бюджэтныя сродкі. Бяда яшчэ і ў тым, што ў краіне вельмі вялікія праблемы з усім: рэстаўратарамі, матэрыяламі, тэхналогіямі.

Уратаваць палац – місія (не)выканальная

Першая чарга рэканструкцыі каштавала Br 28 мільёнаў. Сюды ўвайшлі даследчыя і рэстаўрацыйныя работы. Раней зʼявілася інфармацыя, што распісваць сцены ў Старым замку будзе беларускі мастак Алесь Пушкін. Увесну ў Горадні нават паказалі праект роспісаў на адмысловай выставе. Аднак, калі мастака арыштавалі, інфармацыю пра гэта зняпраўдзілі.

Стары замак пасля рэстаўрацыі. Горадня, Беларусь. 5 лістапада 2021 года.
Фота: Белсат

Паводле графіку абʼекты першай чаргі рэканструкцыі мусілі быць адкрытыя да наведання яшчэ ўлетку, аднак адкрыццё тройчы пераносілі. Цяпер распрацоўваюць праект на другую чаргу рэканструкцыі: працы над палацам Стэфана Баторага.

Гісторыкі ж кажуць, што рэканструкцыю варта спыніць, бо яна мае незваротны характар, і мы рызыкуем замест каралеўскай рэзідэнцыі атрымаць муляж. Вядомы гарадзенскі краязнаўца і гісторык, кандыдат гістарычных навук Андрэй Чарнякевіч назваў тое, што атрымалася ў выніку працаў на першай чарзе рэканструкцыі, «казачным замкам, створаным фантазіяй сучасных архітэктараў».

Стары замак пасля рэстаўрацыі. Горадня, Беларусь. 5 лістапада 2021 года.
Фота: Белсат

СК belsat.eu

Стужка навінаў