Мае звесткі скралі? Вінаватыя ёсць? Як і чаму Facebook і Instagram «падалі»


Надзвычай доўгі збой у працы самых папулярных сацыяльных сетак адбыўся 4 кастрычніка ў самы нязручны час: зранку для Амерыкі і ўвечары для Еўропы. Недасяжнасць адных перагрузіла іншых. Што гэта было?

Экран уваходу ў Facebook.
Фота: pixabay.com

Прычыну высветлілі, вінаватых не назвалі

Працу Facebook, Instagram і мэсэнджара WhatsApp, які належыць той жа карпарацыі Facebook, Inc., удалося аднавіць толькі праз шэсць гадзінаў пасля пачатку збою. Гэта найбуйнейшы збой аж з 2008 года. Заснавальнік Facebook Марк Цукербэрг папрасіў прабачэння.

Як пішуць у афіцыйным блогу карпарацыі, прычына такая: «Змены ў канфігурацыі апорных маршрутызатараў, якія каардынуюць сеткавы трафік паміж нашымі цэнтрамі апрацоўвання звестак, выклікалі праблемы, якія перарывалі сувязь».

Большых падрабязнасцяў не раскрылі, а з гэтага тлумачэння зразумела толькі, што да збою спрычынілася памылка, а не хакерская атака або новая версія Windows. Тэхнічныя спецыялісты адзначалі, што ў час збою адрасы сацсетак зніклі з глабальных табліцаў маршрутызацыі – «адраснай кнігі інтэрнэту». Як менавіта гэта звязана з апісаным у блогу Facebook, незразумела, хоць выказваліся розныя здагадкі.

Звесткі карыстальнікаў не скралі?

Карпарацыя піша, што няма прыкметаў таго, што звесткі карыстальнікаў былі скрадзеныя. Але чуткі хадзілі розныя, ды й выцек звестак мільёнаў карыстальнікаў ужо не раз здараўся, у тым ліку ў гэтым годзе уцякла інфармацыя паўмільярда чалавек.

Таму на ўсялякі выпадак лепей змяніць паролі для Facebook, Instagram і WhatsApp – рэгулярныя змены пароляў у любым выпадку не пашкодзяць карыстальнікам, але зробяць цяжэйшымі дзеянні зламыснікаў.

Чаму так доўга?

«Упалі» не толькі старонкі для звычайных карыстальнікаў, але і сродкі сувязі спецыялістаў кампаніі: яны не маглі высылаць электронную пошту з карпаратыўных адрасоў і пісаць у карпаратыўных мэсэнджарах, нават праз WhatsApp – самы папулярны сродак перапіскі ў свеце і надзвычай папулярны ў ЗША. Магчыма, нямала часу пайшло на тое, каб скантактавацца праз альтэрнатыўныя сродкі сувязі.

Таксама працаўнікоў фізічна «не пускала ў Facebook»: адзін работнік расказаў журналістам, што людзі не могуць трапіць у будынак, бо іхныя ключы-карткі не спрацоўваюць на дзвярах.

Праблемы перакінуліся на іншых

Калі сотні мільёнаў карыстальнікаў Facebook, Instagram і WhatsApp засталіся без звыклых праграмаў, яны проста перайшлі на іншыя. Спачатку Twitter радаваўся, павітаў «літаральна ўсіх» з афіцыйнага акаўнту.

Але іншыя сэрвісы не былі гатовыя да такой колькасці людзей: неўзабаве праблемы пачаліся і ў Twitter, і ў Telegram, і ў сайтаў правайдараў, потым і ў Amazon, Google, TikTok і «УКантакце».

Што цяпер?

Пакуль нічога асаблівага гэты збой не выклікаў. Цукербэрг губляў прыблізна мільярд на гадзіну збою, акцыі Facebook, Inc упалі на 6 %, але цана ўжо паступова аднаўляецца. Збой адмоўна паўплываў і на цэны акцыяў іншых інтэрнэт-кампаніяў.

Ды ў кампаніі Цукербэрга і без таго было нямала праблемаў: збой адбыўся ў дзень, калі былая работніца Facebook абвінаваціла сацсетку ў выкарыстанні мовы варожасці дзеля прыбытку. За два дні да таго карпарацыю абвінавацілі ў тым, што яна ведала аб кепскім уплыве Instagram на псіхічны стан дзяўчатак-падлеткаў, а нічога з тым не рабіла. Тэхнічны збой можа як адцягнуць увагу ад тых скандалаў, так і нагадаць масам пра іх.

Як з гэтага жартавалі

«Падзенне» адбылася ў час папулярнасці на Захадзе паўднёвакарэйскага серыялу «Гульня ў кальмара» (오징어게임), які выйшаў на сервісе Netflix у сярэдзіне верасня. Паводле сюжэту, людзі ўдзельнічаюць у абсурдных гульнях дзеля вялікага грашовага прызу, але ў выпадку паразы іх забіваюць. Жартавалі, што Twitter застаўся апошнім ацалелым – пераможцам.

І што Twitter у прынцыпе выйграў ад сітуацыі.

Самы папулярны калектыўны блог у свеце сарамліва запрашаў да сябе тых, у каго ёсць вольная хвіліна, але, мяркуючы з відэа, здагадваўся, што яго кантэнт многіх моцна здзівіць.

Многія згадвалі эпізод серыялу «Крамянёвая даліна» (Silicon Valley), дзе прычынай збою было тое, што хтосьці паставіў бутэльку на кнопку Backspace.

Папулярны ў рунэце мэм «Наташа, мы всё уронили», часта згадваўся ў Twitter. Але з’яўляліся і новыя карцінкі на тэму катоў, якія ўсё скідваюць.

У Расеі, падобна, згадвалі і нядаўні перадвыбарчы візіт сілавікоў у расейскі офіс Google.

А ў Беларусі якраз перад збоем падключылі назад у сетку БелАЭС.

АА belsat.eu

Стужка навінаў