У школьнай праграме больш няма раману Караткевіча «Каласы пад сярпом тваім»


З праграмы па беларускай літаратуры прыбралі твор Уладзіміра Караткевіча «Каласы пад сярпом тваім», заўважыла «Медиазона. Беларусь». У ім расказваецца пра паўстанне Кастуся Каліноўскага у 1863 годзе.

Кніга Уладзіміра Караткевіча «Каласы пад сярпом тваім», перавыдадзеная выдавецтвам «Попурри». Крыніца: myseldon.com

Твор праходзілі ў 11 класе і ў праграме на 2022-2023 год «Каласы пад сярпом тваім» яшчэ былі, на вывучэнне твора адводзілася пяць навучальных гадзінаў. Аднак у праграме на 2023-2024 навучальны год «Каласы пад сярпом тваім» замянілі на іншы твор Караткевіча «Чорны замак Альшанскі».

Акрамя таго, з раздзела дадатковага чытання праграмы на 2023-2024 год прыбралі твор Алеся Разанава «У горадзе валадарыць Рагвалод».

Гістарычны раман Караткевіча «Каласы пад сярпом тваім» прысвечаны падзеям паўстання 1863 года. Раман апісвае станаўленне беларускай нацыі на прыкладзе шляхецкай сям’і. У рамане фігуруюць і гістарычныя асобы, напрыклад Кастусь Каліноўскі і Тарас Шаўчэнка.

Твор «Каласы пад сярпом тваім» у 2016 годзе быў прызнаны чытачамі самай важнай кнігай, якая паўплывала на развіццё беларусаў як нацыі. Таксама кніга Уладзіміра Караткевіча «Каласы пад сярпом тваім», перавыдадзеная выдавецтвам «Попурри», прызнана самай папулярнай у 2019 годзе.

У 2021 годзе з вучэбнай праграмы па рускай літаратуры за 11 клас у беларускіх школах прыбралі творы Святланы Алексіевіч і Аляксандра Салжаніцына, а менавіат ягоны твор «Адзін дзень Івана Дзянісавіча». Прычым Салжаніцын прыбралі нават у аглядных тэмах і спісах для дадатковага чытання. У праграме 2020 года вывучалася кніга Святланы Алексіевіч «Апошнія сведкі».

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў