Яшчэ адна беларуская спартоўка пакінула краіну, асцерагаючыся рэпрэсіяў


Беларуская спартоўка Вольга Сафронава, якая летась выступіла ў падтрымку сумленных выбараў, эмігравала.

Вершніца атрымала гуманітарную візу ў Польшчы, паведамляе PAP.

Вольга Сафронава з’яўляецца чэмпіёнкай Беларусі па конным спорце. Спартоўка мусіла прадстаўляць Беларусь на Алімпіядзе ў Токіо, аднак была выключаная са складу каманды на падставе заключэння дзяржаўнай камісіі, якая вырашыла, што яе конь нібыта кульгае. Але потым Вольга правяла ў Польшчы адпаведныя абследаванні, якія не пацвердзілі гэтыя высновы. Тады яна зразумела, што камісія наўмысна схлусіла, каб не пусціць яе на Алімпіяду.

«Я падумала, што вяртацца ў Беларусь будзе не зусім бяспечна, таму што я бачу, што адбываецца з іншымі спартоўцамі, якія выказваюць сваю пазіцыю», – распавяла Вольга ў інтэрв’ю «Белсату».

У Вольгі Сафронавай былі падставы меркаваць, што праз сваю грамадзянскую пазіцыю яе могуць пераследаваць. Летась яна апублікавала на сваёй старонцы ў сацсетках допіс пад бел-чырвона-белым сцягам, дзе выказалася наконт падзеяў у Беларусі і адзначыла, што яна на баку народу.

«Мне сказалі, што гэты здымак трэба выдаліць. Я адмовілася гэта зрабіць і атрымала апавяшчэнне пра непадаўжэнне кантракту. Кантракт праз два тыдні быў працягнуты, але пасля гэтага ні на адзін міжнародны старт я так і не выехала», – падкрэсліла яна.

Таксама Вольга трапіла ў «спіс здраднікаў» рэжыму Лукашэнкі. Асцерагаючыся рэпрэсіяў, спартоўка папрасіла ў Польшчы гуманітарную візу. Цяпер спартоўка спадзяецца, што зможа працягнуць карʼеру ў Польшчы.

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў