З Беларускага музею імя Івана Луцкевіча ў Вільні скралі ахвяраванні


Пасля Ночы музеяў, якую ладзілі ў тым ліку і ў Беларускім музеі імя Івана Луцкевіча ў Вільні, скралі сабраныя за гэты дзень ахвяраванні, паведамляюць на Instagram-старонцы ўстановы. Злодзеяў вылічылі паводле камераў і затрымалі, але цяпер музею патрэбная дапамога, каб даведацца суму скрадзенага.

Беларускі музей імя Івана Луцкевіча ў Вільні. Крыніца: lutskevichmuseum / Instagram

«Увесь дзень мы збіралі ахвяраванні – і ў канцы дня ў нас скралі скрынку з гэтымі ахвяраваннямі. Дзякуючы камерам мы добра бачылі, хто гэта зрабіў. І ведаеце што? Мы іх злавілі! Самі! Убачылі на вуліцы, дагналі, выклікалі паліцыю. То бок вінаватыя злоўленыя. Але цяпер нам вельмі патрэбная вашая дапамога», – напісана ў звароце музею.

Цяпер работнікам музею трэба сказаць літоўскай паліцыі дакладную суму, што была ў скрынцы. Ахвярадаўцаў просяць звязацца з музеем і паведаміць суму ды нумар тэлефона.

Звязацца з музеем можна праз іх Instagram, напісаўшы ў прыватныя паведамленні.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў