Ці магчыма аднавіць стары горад на Кастрычніцкай плошчы ў Менску


Улады Беларусі задумалі паставіць манумент «Беларусь адзіная» на Кастрычніцкай плошчы ў Менску – блізу Палацу Рэспублікі і бізнес-цэнтру «BK Capital Palace». А што, калі змяніць плошчу радыкальна, вярнуўшы ёй выгляд, які быў да Другой сусветнай вайны? Аўтар кніг пра зніклы Менск кажа: гэта магчыма і нават неабходна.

Што было на месцы Кастрычніцкай плошчы ў Менску
Скрыжаванне вуліцаў Савецкай і Энгельса, злева – агароджа гарадскога скверу. Ліпень 1941 года.
Фота: з кнігі «Невядомы Менск. Гісторыя знікнення»

Сяргей Абламейка – журналіст радыё «Свабода», доктар гістарычных навук і аўтар кніг «Невядомы Менск. Гісторыя знікнення» (кніга 1 і кніга 2 у фармаце PDF).

Ён не ўпэўнены, што ёсць абмеры і здымкі ўсіх дамоў, якія раней стаялі на Кастрычніцкай плошчы, але дакладна можна аднавіць прынамсі частку, прылеглую да вуліцы Энгельса (колішняй Дамініканскай), і частку колішняй вуліцы Юраўскай (цяпер няіснай).

«Гэта б завязала ўсё з Верхнім горадам, гэта быў бы натуральны працяг Верхняга гораду, – уяўляе Абламейка. – Да адноўленай Святадухаўскай царквы, да базыльянскага кляштару – гэта ўсё натуральным чынам злучылася б».

На месцы цяперашняй плошчы некалі быў так званы Новы рынак, расказвае гісторык. Яшчэ ў XVII стагоддзі гэты рынак пачаў забудоўвацца мураванымі дамамі. Між цяперашнімі праспектам Незалежнасці і вуліцай Інтэрнацыянальнай ды паралельна ім ішла вуліца Юраўская. Перад цяперашнім Палацам культуры прафсаюзаў быў таксама вузкі завулак Луначарскага. У савецкі час Юраўскую назвалі Камуністычнай, а калі пасля Другой сусветнай вайны разбурылі ацалелую забудову Новага рынку, назву аддалі іншай вуліцы.

Што было на месцы Кастрычніцкай плошчы ў Менску
Вуліца Энгельса (былая Дамініканская). Выгляд з касцёлу Св. Тамаша Аквінскага. Унізе ў цэнтры яе перакрыжаванне з Камуністычнай (былой Юраўскай). Правей у цэнтры відаць лютэранскую кірху. Нямецкая паштоўка, 1918 год.
Фота: з кнігі «Невядомы Менск. Гісторыя знікнення»
Што было на месцы Кастрычніцкай плошчы ў Менску
Вуліца Акцябрская (былая Валоцкая), што аддзяляла Высокі рынак ад Новага гораду. Справа бакавы неф дамініканскага касцёлу Св. Тамаша Аквінскага, які добра сведчыць пра маштаб самой святыні. 1925 год.
Фота: з кнігі «Невядомы Менск. Гісторыя знікнення»

І некаторыя будынкі, якія там стаялі, вельмі каштоўныя, падкрэслівае Абламейка. Перадусім – барочны касцёл Св. Тамаша Аквінскага, збудаваны ў першай палове XVII стагоддзя, і кляштар дамініканцаў, а таксама палац Сапегаў за ім. Яны таксама перажылі вайну і былі знесеныя пазней. У кляштар падчас вайны трапіла савецкая авіябомба, але будынак касцёлу збольшага ацалеў і быў узарваны ўжо ў 1950-м – цяпер ад яго засталіся падмуркі і скляпы, схаваныя пад асфальтам. Раней ужо была даволі дэталізаваная прапанова аднавіць касцёл Св. Тамаша Аквінскага.

Абламейка згадвае незвычайную гісторыю з касцёлам: сто гадоў таму дзеячы Беларускай Народнай Рэспублікі пісалі, што касцёл будаваўся, калі ўжо была абвешчаная Берасцейская унія і ў ім нібыта існавалі два алтары. Адзін алтар, усходні, для службаў паводле грэцкага абраду, а другі – паводле лацінскага. Калі гэта праўда, дык з’ява ўнікальная.

Што было на месцы Кастрычніцкай плошчы ў Менску
Рэканструкцыя выгляду касцёлу Св. Тамаша Аквінскага ў XIX ст. Малюнак 1985 года. Выява: Уладзімір Дзянісаў / «Полымя»
Што было на месцы Кастрычніцкай плошчы ў Менску
Касцёл Св. Тамаша Аквінскага і кляштар дамініканаў на рагу вуліцаў Інтэрнацыянальнай і Энгельса. 1942 год. Каб не савецкія бамбаванні чэрвеня 1944 года, гэтая святыня магла б застацца цалкам непашкоджанай.
Фота: з кнігі «Невядомы Менск. Гісторыя знікнення»

«Але ж гэта дорага» і «што было, тое мінула»

Можна ўявіць шмат аргументаў супраць аднаўлення гістарычных будынкаў. Але Абламейка настойвае: «Памяць бясцэнная». Дзяржава нарабіла бяды – дзяржава павінна кампенсаваць. І калі аднаўляць тое, што было на Кастрычніцкай, народ робіцца толькі багацейшым.

Ён прыводзіць у прыклад Варшаву, якая моцна пацярпела ад Другой сусветнай вайны, як і Менск. Маўляў, шмат хто выступае супраць муляжоў на месцы разбураных будынкаў, але ж адноўленую частку старога гораду Варшавы ўключылі ў спіс сусветнай спадчыны UNESCO – менавіта як адноўленае, як набор муляжоў.

«З муляжамі выхаваюцца наступныя пакаленні, – кажа Абламейка. – А без муляжоў наступных пакаленняў можа і не быць, бо памяць – гэта тое, што трымае нас разам, прымушае лічыць сябе беларусамі».

Ён дадае, што цяпер беларусы ахвяруюць грошы Расейскай праваслаўнай царкве, а тая будуе храмы «пачварныя, у псеўдарускім стылі». Іх праекты капіююць «мураўёўскія» цэрквы, якія ў Расеі высмейвалі яшчэ ў XIX стагоддзі, калі іх будавалі. Абламейку здаецца, што не было б праблемай збіраць замест гэтага грошы на аднаўленне зруйнаванага. Ён згадвае, як у савецкія часы школьнікаў зрабілі чальцамі Таварыства аховы помнікаў, збіралі нейкія капейкі – а ў выніку ў Менску аднавілі Траецкае прадмесце.

Што было на месцы Кастрычніцкай плошчы ў Менску
На пярэднім плане вуліца Энгельса, далей справа дамініканскі кляштар з касцёлам Св. Тамаша Аквінскага. Восень 1941 года.
Фота: калекцыя Ганса Руфа ў музеі Вялікай Айчыннай вайны
Што было на месцы Кастрычніцкай плошчы ў Менску
Менчукі назіраюць за перамяшчэннем цяжкай нямецкай артылерыі на вуліцы Савецкай. Справа – перспектыва забудовы Новага гораду ад чатырохпавярховага дому на рагу Савецкай і Энгельса і да завулку Луначарскага на месцы цяперашняй Кастрычніцкай плошчы. Чэрвень 1941 года.
Фота: з кнігі «Невядомы Менск. Гісторыя знікнення»

Архітэктура, кажа Абламейка, – гэта матэрыяльнае выяўленне цывілізацыйнай прыналежнасці гораду і яго насельнікаў. Беларускія гарады бясспрэчна былі еўрапейскімі, з тымі ж архітэктурнымі стылямі і прынцыпамі арганізацыі прасторы, што і ў Еўропе.

Цяпер гэта бывае цяжка пабачыць з зямлі, аднак Абламейка прапаноўвае паглядзець з самалёта ці спадарожніка хоць бы на Наваградак: рэнесансавая планіроўка з часткова квадратным рынкавым пляцам і веерам вуліцаў ад яго, а побач – замкавая гара. Так жа выглядаў Менск да Другой сусветнай вайны і падчас яе.

«Што нам даражэй абыдзецца? – пытае Абламейка. – Бяспамяцтва і страта сваёй ідэнтычнасці, растварэнне ў масе расейскага народу – ці застацца беларусамі і жыць паўнавартасным нацыянальным жыццём, развіваць сваю гісторыю і культуру?»

Цяпер, лічыць ён, беларуская культура «дыхае на адно лёгкае», а каб пачаць дыхаць на поўныя грудзі, трэба аднаўляць знішчанае не толькі ў Менску, але і ў Горадні, Берасці, Віцебску, Магілёве, Наваградку і іншых гарадах.

Калі аднаўляць частку забудовы, варта захаваць Палац прафсаюзаў, упэўнены Абламейка. А Палац Рэспублікі і «BK Capital Palace» варта дэмантаваць незалежна ад таго, што рабіць з плошчай. Ён тлумачыць, што Палац Рэспублікі знявечыў ансамбль цэнтральнага праспекту Менску ў стылі сталінскага ампіру і ўскладніў аднаўленне забудовы, што была да Другой сусветнай вайны. Хоць сталінская забудова ў ідэалагічным сэнсе была «праявай заняволення», кажа гісторык, яе хаця б праектавалі прафесійныя архітэктары – і яна выглядае даволі прыгожа і прапарцыйна, як італьянскія «palazzo». А побач з гэтым паставілі спаруду, якая нагадвае месапатамскую бажніцу.

Агляд
Касцёл, кірха, Сталін і не толькі. Як змянялася Кастрычніцкая плошча і што плануюць цяпер
2023.05.27 14:00

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў