«Каб нашыя дзеці змаглі вярнуцца дамоў». Збіраюцца подпісы за беларускую мову ў польскіх школах


Рух беларускай салідарнасці і працоўная суполка Каардынацыйнай рады «Захаванне беларускай мовы і культуры» запусцілі збор подпісаў за магчымасць вывучаць беларускую мову ў польскіх школах не толькі для тых, хто мае польскае грамадзянства. Ініцыятары кампаніі мяркуюць, што гэтак дзеці беларускіх сем’яў, якія былі вымушаныя з’ехаць з радзімы, не страцяць ідэнтычнасці і роднай мовы, ім будзе прасцей вярнуцца дамоў пасля пераменаў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Таццяна Верамеева / Белсат

Вучыцца на беларускай мове ў Польшчы можна толькі з польскім грамадзянствам

На сёння польскае заканадаўства дазваляе этнічным меншасцям вывучаць родную мову ў польскіх школах, аднак толькі тым вучням, якія маюць грамадзянства Польшчы (арт. 19 Закону аб нацыянальных і этнічных меншасцях і рэгіянальных мовах). Гэта датычыць і беларусаў. Пераважна гэтаю магчымасцю карыстаюцца беларусы Падляшша, якія ўжо даўно і нават не ў першым ці другім пакаленні жывуць у Польшчы.

Тыя ж беларусы, якія прыехалі ў Польшчу пасля пачатку масавых рэпрэсіяў у Беларусі ў 2020 годзе, пакуль жывуць на падставе ВНЖ, магчымасці вучыць дзяцей роднай мове ў школах не маюць. Таму Рух беларускай салідарнасці і працоўная суполка Каардынацыйнай рады «Захаванне беларускай мовы і культуры» хочуць ініцыяваць змяненні ў польскае заканадаўства, якія дазволяць вучыцца на роднай мове этнічным меншасцям у тым ліку без грамадзянства Польшчы.

Якраз з гэтаю мэтай і быў распачаты збор подпісаў. Яго арганізатары падкрэсліваюць, што ў Польшчы на сёння жывуць больш за сто тысяч беларусаў. Яны маюць легальны статус, аднак няма грамадзянства, да атрымання якога могуць прайсці гады, на працягу якіх дзеці будуць пазбаўленыя магчымасці вывучаць родную мову.

Беларускамоўныя гурткі не змогуць ахапіць усіх дзяцей

Лідар Руху беларускай салідарнасці, сябра Каардынацыйнай рады Віталь Рымашэўскі думае, што адсутнасць магчымасці вучыцца ў Польшчы на роднай мове вельмі ўскладніць ці зробіць немагчымым для такіх дзяцей вяртанне дамоў ды інтэграцыю ў беларускую сістэму адукацыі пасля таго, як у Беларусі наступяць перамены:

«Шмат сем’яў жывуць у Польшчы ўжо два гады, шмат дзяцей тут упершыню пайшлі ў школу, для іх ужо цалкам натуральна вучыцца на польскай мове, і яны ўсё больш адрываюцца ад роднай мовы, а тым больш ад культуры, гісторыі. Ім усё цяжэй захоўваць уласную ідэнтычнасць».

Арганізатары кампаніі для збору подпісаў хочуць, каб у польскіх школах беларускім дзецям выкладалася не толькі беларуская мова, але і літаратура, гісторыя, культура Беларусі – тое, што дазволіць дзецям захаваць ідэнтычнасць, разуменне сваіх каранёў.

Цяпер у Польшчы ўзнікла шмат ініцыятываў з магчымасцю пазашкольнага вывучэння роднай мовы, аднак, на думку Віталя Рымашэўскага, такая дадатковая адукацыя не дае магчымасці ахапіць усіх дзяцей, якія маюць у ёй патрэбу.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Freepik

«Беларусы цяпер раскіданыя па ўсёй Польшчы, жывуць не толькі ў гарадах, але і ў прыгарадах, і не паўсюль ёсць гурткі. А нават калі ёсць, напрыклад, часта яны праводзяцца ў суботы, і не ўсе бацькі маюць магчымасць вазіць дзяцей яшчэ і ў выходныя на заняткі, – зазначае сябра Каардынацыйнай рады. – Такім чынам, дадатковая адукацыя – гэта, безумоўна, добра, важна і патрэбна, аднак яна не дазваляе ахапіць навучаннем на роднай мове ўсіх, хто мае жаданне і патрэбу. Змяненні ж у заканадаўстве аб роднай мове для этнічных меншасцяў зробяць магчымым вывучэнне некаторых прадметаў на беларускай мове нават для 1-2 дзяцей у класе незалежна ад гораду».

Падтрыманне беларускіх настаўнікаў у выгнанні

Яшчэ адна складанасць, звязаная з дадатковай адукацыяй, – неабходнасць пошуку памяшканняў, арэнды, якая не заўсёды танная, а месцы, дзе ўдаецца штосьці знайсці, не заўсёды зручныя для вучняў і бацькоў, кажа Віталь Рымашэўскі. Замацаванне ж у заканадаўстве магчымасці вучыцца на роднай мове развяжа гэтую праблему, бо заняткі будуць праходзіць у школах.

Акрамя таго, з’явіцца магчымасць працы і заробку для дзясяткаў беларускіх настаўнікаў, якія з’ехалі з радзімы і далёка не заўсёды за мяжою могуць уладкавацца паводле спецыяльнасці, зазначае Рымашэўскі:

«Настаўнікаў дакладна хопіць. У бадзе дадзеных Беларускай школы ў Варшаве – больш за 100 беларускіх выкладчыкаў, якія гатовыя працаваць хоць сёння. На жаль, беларуская эміграцыя настолькі вялікая, што вельмі шмат настаўнікаў цяпер апынуліся за мяжой, і вельмі важна падтрымаць і іх таксама».

Віталь Рымашэўскі сцвярджае, што патрэба ў навучанні на роднай мове нашмат большая ў тых беларусаў, якія прыехалі апошнімі гадамі і чакаюць вяртання дамоў, чымся ў тых, хто ўжо даўно інтэграваны ў польскае грамадства, у тым ліку і таму ў заканадаўства трэба ўносіць змяненні.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Міра Ляселішская / Белсат

«У мяне ў самога ёсць сын, яму, праўда, усяго 2,5 года, у школу ісці яшчэ рана, але паўстае пытанне садка, у якім ён трапіць у польскамоўнае асяроддзе і польскую мову будзе засвойваць з ранняга дзяцінства, – заўважае спадар Віталь. – Гэта трагедыя, калі нашыя дзеці страчваюць сваю родную мову, нічога не ведаюць пра родную культуру, гісторыю. Мы павінны зрабіць усё, каб пазбегнуць гэтага і каб нашыя дзеці змаглі аднойчы вярнуцца дамоў».

«Чым больш будзе подпісаў, тым больш шанцаў, што голас беларусаў пачуюць»

Паводле палітыка, безумоўна, важна, на якой мове размаўляюць у сям’і, і дзіця з беларускамоўнай сям’і таксама будзе размаўляць на роднай мове:

«Аднак захаванне ідэнтычнасці – гэта не толькі мова, гэта веданне сваёй літаратуры, культуры, гісторыі. Далёка не ўсе бацькі маюць час, веды, кампетэнцыі, каб гэтаму ўсяму навучаць дзяцей. Таму неабходна, каб такія заняткі былі ў школах. Таму я заклікаю ўсіх далучацца да нашай кампаніі ды ставіць подпісы. Гэта можна і важна зрабіць, нават калі ў вас няма дзяцей, калі вы жывяце не ў Польшчы. Чым больш будзе подпісаў, тым больш будзе шанцаў, што голас беларусаў пачуюць».

Лідар Руху беларускай салідарнасці кажа, што размаўляў пра адсутнасць у беларускіх дзяцей магчымасці вучыцца на роднай мове з польскімі амбасадарамі, дэпутатамі Сейму, сенатарамі, і яны згодныя: пункт пра тое, што вучыцца на роднай мове этнічныя меншасці могуць толькі пры наяўнасці польскага грамадзянства, трэба змяняць. Такім чынам, польскія палітыкі пагаджаюцца з неабходнасцю змяненняў, аднак цяпер трэба, каб беларусы паказалі, што ім гэта сапраўды патрэбна.

Падпісацца можна, перайшоўшы па спасылцы.

Ганна Ганчар belsat.eu

Стужка навінаў