Апазіцыя перамагае вайсковую дыктатуру. Чаму паўстанне ў М’янме вучыць беларусаў?


Калі беларускія мірныя пратэсты пайшлі на спад пасля выбараў 2020 года, у М’янме, дзяржаве ў Паўднёва-Усходняй Азіі, вайскоўцы арганізавалі пераварот. Пачаліся мірныя масавыя пратэсты. Хунта адказала на іх крывавым гвалтам. Пратэстоўцы схапіліся за зброю і пайшлі ў трэнавальныя лагеры, схаваныя ў джунглях. Сёння, на трэці год грамадзянскай вайны, рэвалюцыйныя сілы перахопліваюць ініцыятыву ў вайсковай хунты. Якія высновы з гэтага канфлікту м’янманцаў супраць хунты варта зрабіць беларусам? 

Партызанская вайна рэвалюцыйных сілаў супраць хунты ў М’янме, пасля вайсковага перавароту ў 2021-м, працягваецца. Упершыню ў гісторыі шматгадовай барацьбы супраць дыктатуры вайскоўцаў паўстанцы з’яднаныя і не змагаюцца паміж сабой. Вынік кансалідацыі ёсць – праз некалькі гадоў супрацьстаяння рэвалюцыйныя сілы кантралююць больш за палову тэрыторыі М’янмы. Што праўда, гэта перыферыйныя рэгіёны, а не цэнтр.

«Ад восені мінулага года партызаны перанялі стратэгічную ініцыятыву. У кастрычніку яны часткова адрэзалі хунту ад кітайскай мяжы, захапілі некалькі пераходаў на мяжы з Кітаем. У студзені адно войска з партызанскага руху – Армія Аракану – захапіла Палеўа, крэпасць хунты на поўначы краіны, у штаце Чын. А цяпер самыя цяжкія баі адбываюцца ў Аракане. Аракан – штат на захадзе М’янмы, большая частка бірманскага ўзбярэжжа ў Бенгальскай затоцы. Гэта даволі спецыфічны штат, бо ён аддзелены гарамі. І насельніцтва штату – араканцы, якія блізкія ў паходжанні з бірманцамі, аднак іншыя», – каментуе палітолаг Міхал Любіна, прафесар Інстытуту Блізкага і Далёкага Усходу, Кракаў.

Агляд
Забытыя войны і пратэсты. Што з імі сталася, пакуль свет сачыў за іншым
2024.02.15 07:00

Араканцы маюць сваю дзяржаўную традыцыю, да XVIII стагоддзя яны былі незалежным ад Бірмы каралеўствам. Армія Аракану кантралюе значную частку гэтай тэрыторыі і спадзяецца, што вызваліць яе ад хунты цалкам. Калі да гэтага дадаць поспехі партызанаў, то сярод хунты пануе паніка і адбываецца спроба мабілізацыі. Хаця сілы хунты налічваюць 400 тыс. жаўнераў, а ў партызанаў людзей у чатыры разы менш, у лютым хунта заявіла пра мабілізацыю, прычым не толькі мужчынаў ва ўзросце ад 18 да 35 гадоў, але і жанчын ва ўзросце ад 18 да 27 гадоў.

«Мабілізацыю абвясцілі два тыдні таму. Паводле старога закону, які быў на паперы дзесяць гадоў і раптам хунта яго прыняла. Што прывяло да панікі, і людзі пачалі прасіць візы Тайланду, Малайзіі, Сінгапуру, каб пакінуць краіну. Узровень панікі такі, што праз тыдзень хунта часткова дала заднюю і абвесціла, што мабілізацыя не будзе датычыць жанчын», – кажа Міхал Любіна.

Рэальная карціна таго, да чаго прывядзе мабілізацыя, будзе бачная ў сярэдзіне красавіка, на які яна запланаваная. Нягледзячы на тое, што ў дзяржаўнай арміі М’янмы жанчыны не будуць служыць, у партызанскай арміі яны актыўна служаць. Партызаны могуць мець стратэгічную перавагу, але апошняе слова нават не за хунтай, а за вялікімі гульцамі. У першую чаргу за Кітаем, але тут не ўсё так адназначна. Кітай гуляе не толькі ў доўгую гульню, але і на некалькі франтоў – падтрымлівае і хунту, і розных партызанаў. Бо Кітаю важная стабільнасць у рэгіёне – каб М’янма канчаткова не развалілася.

«Звярніце ўвагу, што баі дагэтуль не нанеслі шкоды ні газавым, ні нафтавым трубаправодам Кітаю, – упэўнены Міхал Любіна. – Кітай меў прэтэнзіі да хунты, што яна не змагаецца з нелегальным гандлем онлайн на мяжы. Там вялікія нелегальныя казіно, а таксама кантрабанда, інтэрнэт-махлярства, што часцей за ўсё датычыць кітайскіх грамадзянаў, бо гэта яны губляюць грошы. Хунта нічога не рабіла, і Кітай падтрымаў партызанаў, якія занялі тэрыторыю і закрылі гэтыя казіно».

Нават Кітай не можа кантраляваць усіх працэсаў у М’янме, бо калі б мог, то не дайшло б да дзяржаўнага перавароту ў 2021 годзе. Расея адназначна падтрымлівае хунту, але цяпер выключна маральна, бо зброя Крамлю самому патрэбная. Тайланд, Індыя і Бангладэш таксама падтрымліваюць хунту, але адкрыта гэтага рабіць не могуць праз санкцыі ЗША супраць м’янманскай хунты.

Hавiны
Беларусь пераўтвараецца ў М’янму
2023.08.04 15:51

Паводле доктара Любіны, гэтыя дзяржавы адпраўляюць назад дэзерціраў з бірманскай арміі. А ў Бірме іх чакае смерць. І гэта мае эфект бяздзейнасці для іншых жаўнераў бірманскай арміі, якія тры разы спачатку падумаюць, перад тым як уцякаць.

Прычым у такой сітуацыі Захад таксама трымае дыстанцыю, бо ў свеце ёсць больш важныя праблемы. М’янманцы могуць спадзявацца толькі на сваю дыяспару, якая дае грошы не на гуманітарную дапамогу, а на зброю.

Зін Мар Аўн (Zin Mar Aung), міністарка замежных справаў аб’яднанага нацыянальнага ўраду М’янмы, зрабіла заяву падчас дыскусіі з удзелам Святланы Ціханоўскай на Мюнхенскай канферэнцыі аб бяспецы.

ПраСвет
Чаму Лукашэнка нагнятае атмасферу перад выбарамі. «Прасвет» з Сяргеем Пелясою
2024.02.23 16:57

«Дыктатары не разумеюць мовы негвалтоўнага супраціву. Яны разумеюць толькі сілу. Таму нашыя людзі спрабуюць размаўляць з імі на той мове, якую яны разумеюць. Уся нашая рэвалюцыя – гэта сумесь мяккай і цвёрдай сілы, каб спыніць хунту. Мой мэсідж да ўсяго свету. Мы мусім перагледзець і перафармуляваць, чым ёсць дыктатуры. Бо яны моцна аб’яднаныя і ўзаемазалежныя: рэжым у Бірме блізкі і да Расеі, і да Беларусі, і да Ірану. А дэмакратыі раз’яднаныя, і цяжка супрацьстаяць дыктатурам».

95 % насельніцтва М’янмы не падтрымліваюць хунты, але вайсковае супрацьстаянне з хунтай працягваецца з часу абвяшчэння незалежнасці ў 1948 годзе. Параза рэжыму генералаў у М’янме можа зрабіцца выдатным прыкладам для Беларусі, дзе калгасная дыктатура таксама зусім не разумее негвалтоўнай мовы і ўсё больш людзей спадзяецца на вызваленне краіны са зброяй у руках.

Вольга Міцкевіч, belsat.eu

Стужка навінаў