Польшча патрабавала ад ЕЗ неадкладна ўвесці санкцыі супраць Менску праз вырак «вясноўцам»


Варшава патрабавала ад ЕЗ неадкладна ўвесці санкцыі супраць Беларусі праз вырак сябрам праваабарончага цэнтру «Вясна». Адпаведныя звароты Польшча накіравала амбасадарам краінаў-чальцоў Еўразвязу, дарадцам прэзідэнтаў і кіраўнікоў урадаў, у Еўракамісію ды Еўрапейскую раду, піша агенцтва PAP.

Суд паводле справы праваабарончага цэнтра «Вясна». На здымку (злева направа) – Алесь Бяляцкі, Валянцін Стэфановіч і Уладзімір Лабковіч. Менск, Беларусь. 5 студзеня 2022 года.
Фота: belta.by

Польшча ініцыявала пашырэнне санкцыяў супраць Беларусі. Варшава заклікала да як мага хутчэйшай рэакцыі на прысуд сябрам праваабарончага цэнтру «Вясна». Адпаведныя звароты Варшава накіравала амбасадарам краінаў-чальцоў Еўразвязу, дарадцам прэзідэнтаў і кіраўнікоў урадаў, у Еўракамісію ды Еўрапейскую раду.

Яшчэ ў студзені старшыня Еўракамісіі Урзуля фон дэр Ляен анансавала новыя санкцыі супраць Беларусі, аднак іх так і не ўвялі. Крыніцы агенцтва PAP у Бруселі кажуць, што «ніякай актыўнасці шведскага старшынства ў ЕЗ у гэтым пытанні няма».

3 сакавіка суддзя суда Ленінскага раёну Менску Марына Запаснік агучыла вырак праваабаронцам «Вясны»: кіраўніку арганізацыі, нобэлеўскаму лаўрэату Алесю Бяляцкаму – 10 гадоў калоніі, ягонаму намесніку Валянціну Стэфановічу – 9 гадоў, каардынатару кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» Уладзіміру Лабковічу – 7 гадоў, праваабаронцу «Вясны» Дзмітрыю Салаўёву – 8 гадоў калоніі завочна.

Дзяржава палічыла злачынствам тое, што «Вясна» дапамагала аплачваць штрафы беларусам, якія былі асуджаныя паводле «палітычных» артыкулаў, а таксама шукала і аплачвала для такіх людзей адвакатаў.

Праваабаронцаў абвінавацілі ў увозе ў Беларусь грошай без дэкларавання ды ў «фінансаванні групавых дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак».

Агляд
«Вызваліць Бяляцкага, вызваліць усіх». Як свет рэагуе на прысуд вясноўцам
2023.03.03 20:38

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў