«Дзеянні супраць цэлага народу, права ведаць праўду». У Кіеве гаварылі пра рэпрэсіі супраць журналістаў «Белсату»


Удзельнікі круглага стала, сярод якіх былі і ўкраінскія народныя дэпутаты, сабраліся 5 сакавіка ў Музеі Рэвалюцыі Годнасці ў Кіеве. Размова датычыла, ў першую чаргу, прыцягнення ўвагі да вызвалення беларускіх палітвязняў, падтрымкі дэмакратычных сіл у Беларусі і беларусаў, вымушаных пераехаць ва Украіну.

Круглы стол у Кіеве, 5 сакавіка.
Фота: Белсат

Падтрымку беларускім калегам выказала першы сакратар Нацыянальнага саюза журналістаў Украіны Ліна Кушч.

«Мы з трывогай глядзім на тыя масавыя рэпрэсіі, якія адбываюцца ў Беларусі. Але тое, што адбываецца з журналістамі, – гэта асабліва дзёрзкі наступ на свабоду слова, асабліва дзёрзкія дзеянні супраць цэлага народу, супраць ягонага права ведаць праўду. Таму мы, як Нацыянальны саюз журналістаў Украіны, будзем працягваць акцыі салідарнасці і будзем падтрымліваць нашых калегаў разам з саюзамі журналістаў іншых краін на міжнародным узроўні», – паведаміла Ліна Кушч.

Кушч распавяла, што днямі ў знак салідарнасці на будынку ў цэнтры Кіева з’явіўся банэр з выявай асуджаных рэжымам Лукашэнкі журналісткамі «Белсату» Кацярынай Андрэевай і Дар’яй Чульцовай.

«Мы лічым, што кожны, хто праходзіць па Крашчаціку, павінен памятаць, успамінаць, якім коштам сёння дастаецца праўдзівае слова ў Беларусі», – сказала Ліна Кушч.

На будынку Нацыянальнага саюза журналістаў Украіны на вуліцы Крашчацік у Кіеве вісіць банэр салідарнасці з Кацяй Андрэевай і Дашай Чульцовай.

Намеснік дырэктара тэлеканалу Белсат» Аляксей Дзікавіцкі нагадаў прысутным пра тое, як адбываўся суд над Андрэевай і Чульцовай, і распавёў пра ціск і шматгадовы пераслед журналістаў «Белсату» з боку беларускага рэжыму.

«Мы ўсе гэтыя гады плацілі штрафы за нашых калегаў, толькі летась – 26 тысяч долараў, а за апошнія некалькі гадоў – 130 тысяч долараў. У нас пастаянна канфіскоўвалі тэхніку на многія тысячы долараў. Калі слугі беларускага рэжыму зразумелі, што і гэта нас не спыніць, то вырашылі ўзяць зняволеных і правесці паказальны судовы працэс над дзвюма нашымі калегамі – Дар’яй Чульцовай і Кацяй Андрэевай», – распавёў Аляксей Дзікавіцкі.

Кіраўнік міжфракцыйнага парламенцкага аб’яднання «За дэмакратычную Беларусь» Аляксей Ганчарэнка паведаміў, што ён з калегамі спрабуе «зрабіць усё, каб падтрымаць дэмакратычныя сілы ў Беларусі і свабодную Беларусь».

«Я магу паабяцаць, што мы і надалей будзем выкарыстоўваць еўрапейскую, міжнародную пляцоўку для таго, каб максімальна ўздымаць тэму Беларусі і, у тым ліку, Кацярыны Андрэевай і Дар’і Чульцовай. Мы будзем рабіць усё, што ад нас залежыць, для таго, каб дамагчыся свабоды і для гэтых адважных журналістак і для многіх іншых людзей, якіх сёння ўтрымлівае рэжым Лукашэнкі», – сказаў кіраўнік міжфракцыйнага аб’яднання.

Ён таксама заявіў, што Украіна можа ўвесці санкцыі супраць Лукашэнкі і ягоных паплечнікаў.

МС/АА belsat.eu

Стужка навінаў