Адкрыць турэмныя дзверы: як вызваліць беларускіх палітвязняў


Колькасць палітычных зняволеных у Беларусі штодня расце ўжо два з паловаю гады. На сёння такі статус маюць 1435 чалавек, але фактычна закладнікаў нашмат больш. У студзені ў беларускай інфапрасторы разгарнулася дыскусія адносна шляхоў вызвалення палітвязняў і перамоваў з уладамі Беларусі з гэтай нагоды. Што прапаноўваюць яе ўдзельнікі, разбіраўся «Белсат».

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Палітычная дзяячка Святлана Ціханоўская сустрэлася з беларускай дыяспарай у польскай сталіцы. Варшава, Польшча. 3 чэрвеня 2021 года.
Фота: Саша Альтэр / Белсат

Офіс Ціханоўскай: Гандаль людзьмі недапушчальны

Для вызвалення беларускіх палітвязняў робіцца не дастаткова, заявілі родныя палітзняволеных і былыя палітвязні, ды абвесцілі пра стварэнне свайго аб’яднання. У ініцыятыўную групу ўвайшлі сястра Марыі Калеснікавай Таццяна Хоміч, муж журналісткі Ірыны Слаўнікавай Андрэй Лойка і былая жонка Уладзіміра Мацкевіча Святлана Мацкевіч.

На думку новага аб’яднання, робяць недастаткова сярод іншага Святлана Ціханоўская і ейная каманда, якія лічаць недапушчальным «гандаль людзьмі».

Пазіцыя офісу Ціханоўскай у межах стратэгіі «дэлегітымізацыі рэжыму» ў 2021–2022 гадах не змянялася: ніякіх кантактаў з рэжымам, усе палітвязні павінны быць вызваленыя без умоваў, і толькі потым магчымыя перамовы.

Сярод прыярытэтаў палітыкі дэмакратычных сілаў на 2023 год агучаны план яшчэ больш інтэнсіўна дабівацца ўзмацнення санкцыяў супраць рэжыму Аляксандра Лукашэнкі. Ціханоўская настойвае на далейшай палітыцы непрызнання Лукашэнкі, а таксама на дакументаванні злачынстваў ягонай сістэмы.

Як можна меркаваць з заяваў еўрапейскіх чыноўнікаў, у ЕЗ трымаюцца блізкіх падыходаў. Асноўным «інструментам» у вызваленні беларускіх палітвязняў там лічаць узмацненне палітычнага ціску на рэжым Лукашэнкі, увядзенне санкцыяў супраць тых, хто здзяйсняе ці падтрымлівае рэпрэсіі, уключаючы суддзяў.  Пра гэта нядаўна казаў у інтэрвʼю DW афіцыйны прадстаўнік Еўразвязу ў замежнапалітычных пытаннях Пэтэр Стана.

«Наколькі мы, тыя, хто на волі, можам пакідаць людзей у турмах і патрабаваць ад іх ахвяраваць сваім здароўем і жыццём?»

«Пазіцыя дэмсілаў блакуе любыя працэсы дзеля вызвалення хоць нейкай часткі людзей», – кажа ў каментары «Белсату» Таццяна Хоміч, прадстаўніца Каардынацыйнай рады ў пытаннях палітзняволеных, сястра Марыі Калеснікавай.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Жанчына трымае здымак палітзняволенага Аляксандра Целяшмана на сустрэчы беларускай дыяспары са Святланай Ціханоўскай. Варшава, Польшча. 3 чэрвеня 2021 года.
Фота: Саша Альтэр / Белсат

Яна прапаноўвае паглядзець на досвед апошніх двух гадоў, калі былі выпадкі вызвалення палітычных вязняў: напрыклад, журналіста радыё «Свабода» Алега Груздзіловіча, грамадзянкі Швейцарыі Наталлі Хершэ, прадстаўнікоў «Прэс-клубу».

«Такія выпадкі вызвалення нешматлікія, аднак з іх можна зрабіць выснову: магчымасці ёсць. У кожным з гэтых выпадкаў былі знойдзеныя інструменты, якія былі прапанаваныя беларускаму рэжыму ў абмен на вызваленне людзей. У адным з інтэрв’ю аналітык Арцём Шрайбман казаў пра магчымы інструмент «публічнага прызнання», як гэта спрацавала з Ангелай Мэркель у лістападзе 2021 года, калі адзін званок Лукашэнку фактычна развязаў эмігранцкі крызіс на мяжы Польшчы і Беларусі. Такое маленькае дзеянне вырашыла вялікую складаную крызісную сітуацыю», – адзначае Таццяна Хоміч.

Яна разам з аднадумцамі звярнуліся да прадстаўнікоў заходніх краінаў з заклікам шукаць магчымыя шляхі і інструменты для вызвалення беларускіх палітвязняў.

«Нашым зваротам мы абазначаем пазіцыю перад міжнароднай супольнасцю. Каму як не нам змагацца за нашых родных, якія застаюцца ў турмах, калоніях Беларусі», – кажа Таццяна Хоміч.

Яна адзначае яшчэ адну мэту: знізіць узровень рэпрэсіяў. Калі не ўдасца вызваліць людзей, то трэба весці перамовы, каб ціск на палітвязняў быў меншы, каб умовы ў няволі былі нармальныя. Як вядома, катаванні за кратамі ў Беларусі не спыняюцца.

«Мы звяртаемся да беларускай экспертнай супольнасці, каб яна дапамагла знайсці, выпрацаваць шляхі вызвалення палітзняволеных. Мы не эксперты ў гэтым, але мы маем вельмі канкрэтны запыт. Ёсць дзясяткі людзей за кратамі, чыё жыццё цяпер пад пагрозай з-за стану іхнага здароўя. Магчыма, у нас засталося мала часу.

Наколькі мы, тыя, хто на волі, можам пакідаць людзей у турмах і патрабаваць ад іх ахвяраваць сваім здароўем і жыццём? Нават калі гаворка пра такія высакародныя мэты, як дэмакратыя і свабода. Гаворка пра жыццё, а гэта самае каштоўнае, што наогул ёсць», – разважае Таццяна Хоміч.

Аналітыка
Санкцыі ў абмен на палітвязняў? Сваякі зняволеных прапануюць пачаць гандаль. Ці спрацуе?
2023.01.11 07:00

Адзіная магчымасць – гуманітарны спіс?

Кіраўнік фонду BYSOL Андрэй Стрыжак у каментары «Белсату» выказаў сумнеў у тым, што дэмакратычным сілам ёсць што прапанаваць рэжыму ў абмен на вызваленне палітвязняў. «Ці маем мы нешта, каб нам было чым мяняцца? Шмат хто скажа: мы маем санкцыі. Добра, але хто – мы? Санкцыі ўводзіла не Ціханоўская, не сваякі палітвязняў і не мы з вамі. Санкцыі ўводзілі міжнародныя структуры і дзяржавы. У кожнай дзяржаве гэты працэс адбываецца не на ўзроўні подпісу аднаго чалавека, гэта ўзгодненая пазіцыя альбо кабінету міністраў, альбо парламенту і г. д. Трэба прызнаць, што ў нас няма ў кішэні пакету санкцыяў, які мы маглі б абмяняць на 20, 100, 1000 палітвязняў», –  лічыць ён.

Ён нагадаў, што ніякае лабіяванне санкцыяў з боку дэмакратычных сілаў не прыносіла плёну, пакуль не былі закранутыя інтарэсы Еўразвязу. «Да самай пасадкі, пірацкай спробы захопу самалёта «Ryanair» Еўропа прымала чыста намінальныя санкцыі супраць персаналіяў. Еўропа адстойвае свае інтарэсы, ці ёсць мы гульцом у дадзеным выпадку? Хіба што не. Атрымліваецца, нам няма чым гандляваць, няма чым мяняцца», – канстатуе Андрэй Стрыжак.

На ягоную думку, адзінае рэальнае выйсце ў такой сітуацыі – дзеяць праз тыя структуры на Захадзе, з якімі Лукашэнка яшчэ мае кантакт. Як мінімум гэта Святы прастол – Папа Рымскі і ягоны нунцый, праваслаўная царква, Швейцарыя, Чырвоны Крыж альбо іншыя структуры, якія працуюць з дзяржавай. Дадамо, што, напрыклад, Служба замежных сувязў ЕЗ і Дзярждэп ЗША не спынялі камунікацыі з МЗС Беларусі з 2020 года.

«Праз гэтыя структуры мы можам прасоўваць ідэю вызвалення часткі палітвязняў з гуманітарных прычынаў – у сувязі з іхным станам здароўя. Гэта каля 7–8 дзясяткаў чалавек. Напрыклад, Рыгор Кастусёў, Ксенія Луцкіна, якія маюць анкалагічныя захворванні, іхнае перабыванне за кратамі набліжае іх да смерці, яны памруць там. Альбо Аляксандр Фядута, які немалады і мае праблемы са здароўем. Вызваленне такіх людзей магло б стаць стартавым пунктам у камунікацыі наконт гэтай праблемы ўвогуле.

У мяне няма аніякага разумення, пра што можна дамаўляцца з Лукашэнкам, на якіх умовах з ім можна размаўляць наконт вызвалення ўсіх палітвязняў. Але мне як праваабаронцу і чалавеку, які разумее каштоўнасць чалавечага жыцця, дастаткова нескладана патлумачыць, чаму трэба выпусціць менавіта гэтых людзей – каб яны не памерлі за кратамі. Гэта вельмі простае абгрунтаванне. Не магу сказаць, што ёсць нейкае ўніверсальнае вырашэнне наконт усіх палітвязняў, але найперш варта прасоўваць пытанне такога гуманітарнага спісу. Далей будзе відаць», – перакананы эксперт.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Акцыя салідарнасці да дня палітвязня каля амбасады Беларусі ў Літве. На здымку – былы палітвязень Зміцер Фурманаў і ягоная жонка Вольга. Вільня, Літва. 21 траўня 2022 года.
Фота: Белсат

У канцы студзеня стала вядома, што праваабаронцы падрыхтавалі для ўладаў Беларусі гуманітарны спіс «найбольш уразлівых палітвязняў», куды ўваходзяць людзі з інваліднасцю, цяжкімі захворваннямі, пенсіянеры, непаўнагадовыя, шматдзетныя бацькі, жанчыны, – людзі, якія не павінны заставацца за кратамі з меркаванняў гуманнасці.

«Трэба ставіць пытанне палітвязняў на той жа ўзровень, што вайну ва Украіне»

Сярод тых, хто выступае за перамовы з уладамі аб вызваленні палітвязняў, ёсць і былыя палітвязні. Сярод іх – чалец ініцыятыўнай групы Святланы Ціханоўскай Зміцер Фурманаў.

Ён далучыўся да аб’яднання сваякоў палітзняволеных, бо лічыць, што сёння дзеля вызвалення палітвязняў робіцца не дастаткова.

«За кратамі застаюцца тысячы людзей, з якімі трэба вырашаць пытанне. Зразумела, цяпер такі час, што людзі думаюць найперш пра вайну. Але прайшоў ужо год з пачатку вайны, трэба вяртацца да сваіх праблемаў, ставіць пытанне палітвязняў на той жа ўзровень, што вайну ва Украіне. Гэтае пытанне павінна нас хваляваць найперш.

Мы мусім даведацца, што хоча той бок, якая мэта ў рэжыму, бо ўлады працягваюць садзіць людзей, але не агучваюць сваіх патрабаванняў. Такое адчуванне, што людзі рэжыму такім чынам падштурхоўваюць нас на размову. Магчыма, яны ўжо самі гатовыя дамаўляцца. Калі мы даведаемся, чаго хоча рэжым, наступным крокам будзе прыняцце рашэння, ці можам мы пайсці на тыя ці іншыя ўмовы. Запытаць пра гэта варта і саміх палітвязняў. Тут можа быць шмат падыходаў. Але трэба размаўляць, дзейнічаць трэба ўжо зараз, а не проста сядзець і чагосьці чакаць», – падсумаваў Фурманаў.

Аналітыка
Амаль 500 новых палітвязняў: рэпрэсіі ў Беларусі ў 2022 годзе
2022.12.31 09:00

СК  belsat.eu

Стужка навінаў