Замест доктара працуе студэнт. Як да гэтага ставіцца?


Каронавірус у Беларусі выходзіць з-пад кантролю. Медыкаў не хапае, бо яны таксама хварэюць, шмат спецыялістаў звольнілі з палітычных прычынаў. Улады ўжо нават дазволілі студэнтам выдаваць бальнічныя. Калі замест лекара прыйшоў студэнт, ці варта яго праганяць, пратэставаць?

Кіраўская раённая больніца пад час эпідэміі.
Фота: «Белсат»

Студэнтаў 6 курсу лячэбнага і педыятрычнага факультэтаў БДМУ і раней накіроўвалі працаваць замест заняткаў, распавядае «Белсату» адміністратар Telegram-каналу «Рупар БДМУ», сябра стачкаму БДМУ, медык Міхаіл (імя змененае на просьбу суразмоўцы). Студэнты ў такім выпадку або працуюць бясплатна, або «за капейкі», і выконваюць фактычна тую ж працу, што і лекары. Але цяпер сітуацыя беспрэцэдэнтная: так масава студэнтаў зрываюць з вучобы хіба ў час вайны.

Студэнт – не паўнавартасны лекар

Бальнічныя і рэцэпты і раней маглі выпісваць студэнты, толькі пячатку на іх мусіў ставіць начальнік паліклінікі ў медычнай частцы. Цяпер проста прыбралі гэтую фармальнасць, кажа Міхаіл.

Так быць не павінна, каб студэнты выконвалі функцыі дыпламаваных дактароў, перакананы Міхаіл. І нават інтэрны не павінныя выконваць гэтыя функцыі, бо і яны толькі «лекары на стажаванні» – у іх мусіць быць фактычная інтэрнатура, куратар, за якім яны павінны «хадзіць хвастом», але нават у лепшыя часы такое не заўсёды адбывалася, а цяпер інтэрнатура трывае хіба месяц замест належнага года.

«Навучанне не рыхтуе нават інтэрнаў да таго, што адбываецца на ўчастках, – расказвае Міхаіл. – Нават тых, хто выпусціўся і ўжо спецыяліст з дыпломам! А шасцікурснікаў тым больш. Хоць веды шасцікурсніка ў чыстай тэорыі мала адрозніваюцца ад ведаў інтэрна, але калі яны прыходзяць на ўчасткі, то сутыкаюцца з суворым тварам беларускай медыцыны, да якога ніхто не гатовы. Даводзіцца па кожным незразумелым выпадку стэлефаноўвацца з кіраўніком практыкі, і добра, калі кіраўнік практыкі дапаможа, але даволі часта студэнта ці інтэрна проста бяруць і выкідваюць: ідзі працуй».

Hавiны
Паліклінікі ў Беларусі будуць працаваць без выходных праз каронавірус
2022.02.03 11:23

Дык выганяць студэнта і патрабаваць паўнавартаснага лекара?

У студэнта-шасцікурсніка на шэсць гадоў больш навучання, чым у таго, хто на медыка не вучыўся, адказвае Міхаіл. Студэнты – не ідыёты, і калі студэнт, або лекар чагосьці не ведае ці не ўпэўнены, то накіроўвае пацыента ў лякарню, або да вузкага спецыяліста. Ведаў у студэнта дастаткова, каб дапамагчы э «банальнай прастудай» або накіраваць да эксперта.

«Паўпрафесійная дапамога лепшая за ніякую, – заяўляе Міхаіл. – Студэнт нікога не атруціць і не заб’е. Ён не дурань!.. Хацелася б у гэта верыць».

Для студэнтаў гэта цяжкая і працяглая праца, за якую не плацяць або плацяць вельмі мала. Гэта падабаецца некаторым «мэтанакіраваным і ідэйным», якіх да шостага курсу застаецца няшмат, тлумачыць суразмоўца. Але большасць незадаволеная тым, што ў іх адразаюць кавалак навучання: мусілі б навучацца, напрыклад, на цыкле хірургіі, а іх накіроўваюць у паліклініку, а веды ў хірургіі праходзяць міма.

«Але прымушаюць! – абураецца Міхаіл. – І не толькі студэнтаў. Медыкаў прымушаюць працаваць звыш нормы. Нагрузка па выкліках, па прыёме настолькі касмічная, што нават не дзве стаўкі выходзіць. Але ўніверсітэт і Мінздароўя добра ўмеюць прымушаць, большасць яны ламаюць кругавой парукай, іхнымі любімымі словамі «ты падводзіш увесь калектыў». Большасць незадаволеная, але іх не слухаюць».

Фота: ТК / Белсат

Калі не было каронавіруса, яшчэ прынамсі запытваліся, хто са студэнтаў хоча пайсці памочнікам лекара за 100 рублёў, цяпер і не гэтага няма. І нават калі студэнт адмовіцца ісці працаваць замест лекара, застаецца пытанне, што яму рабіць, калі большасць студэнтаў накіравалі з універсітэту ў паліклінікі.

Ці трэба пратэставаць, пісаць петыцыі?

На думку Міхаіла, петыцыі нікому не дапамогуць, а сітуацыя, якая не павінная была ўзнікаць, ды ўжо ўзнікла.

З аднаго боку, каб задаволіць існыя патрэбы Міністэрства аховы здароўя ў працаўніках, мэтанакіравана пагаршаюць якасць будучых лекараў. Гэта катастрофа для працэсу навучання, заяўляе суразмоўца.

З іншага боку, сітуацыя крытычная. Калі не накіроўваць на працу студэнтаў, дык «зусім нікога не застанецца». На студэнтах трымаецца значная частка аховы здароўя. У ахове здароўя ў прынцыпе недахоп працаўнікоў. Пры гэтым медыкі такама хварэюць. Калектывы ў медустановах складаюцца таксама і з асобаў старэйшага ўзросту, а яны хварэюць яшчэ больш за студэнтаў.

«Мне здаецца, лепей змагацца з адсутнасцю ковідных абмежаванняў, – мяркуе Міхаіл. – Гэта будзе больш практычна: будзе меней захворванняў, медыкам будзе прасцей».

Міністэрства аховы здароўя мусіла б сабраць раду і абмеркаваць, ці лепей атрымаць тут і цяпер дадатковыя рабочыя рукі, ці захаваць якасць адукацыі, разважае ён. Але «наш Мінздароўя няздольны нават маскі надзець, а вынесці нейкае рабочае рашэнне – гэта фантастыка ўжо».

Hавiны
«Сітуацыя палыхае». Медыкі ды пацыенты распавялі, як у Беларусі выйшаў з-пад кантролю каронавірус
2022.02.01 22:41

belsat.eu

Стужка навінаў