У Маладзечне вядуцца правяранні дзвюх службаў таксі


4 снежня з’явілася інфармацыя, што ў Маладзечне засталася працаваць толькі адна служба таксі з трох, якія існавалі ў горадзе. Наконт працы дзвюх службаў таксі міліцыя вядзе правяранне ўжо трэція содні. Журналісты «Белсат» высветлілі, што, нягледзячы на правяранне, праца службаў таксі працягваецца.  

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Kraj.by

Правяранне вядзецца ў дачыненні да маладзечанскіх аператараў таксі 152 і 158. Аб гэтым стала вядома яшчэ ў пятніцу, піша Kraj.by.

Вядома, што ў канцы мінулага тыдня ў офісы гэтых службаў прыйшлі сілавікі і падатковая інспекцыя. Згодна з папярэдняй інфармацыяй, 200 аўтаў не выехалі ў горад.

Абноўлена. Журналісты «Белсат» патэлефанавалі ў дыспетчарскую службу таксі 158, дзе дыспетчарка пацвердзіла правядзенне правярання, але адзначыла пры гэтым, што служба працягвае працу надалей і прымае заказы. Прычыну правядзення правяранняў яна не назвала.

Нагадаем, што 14 лістапада Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў узмацніць кантроль у галіне пасажырскіх зносінаў і загадаў выпрацаваць «адзіныя правілы гульні».

Ужо 20 лістапада ў эфіры каналу «Беларусь 1» выйшаў сюжэт аб крымінальнай справе за ўхіленне ад выплаты падаткаў у дачыненні да буйнога інтэрнэт-агрэгатару ў сферы пасажырскіх зносінаў «Аtlasbus» – у відэа яго называюць «бандай «чорных перавознікаў». Сцвярджаецца, што фігуранты справы – больш за 20 абвінавачаных і падазраваных – вялі свае справы пры дапамозе «шантажу, пагрозаў, сабатажу».

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў