Ухіленне ад выплаты падаткаў і 20 фігурантаў: на БТ распавялі пра справу супраць «Атласу»


У эфіры каналу «Беларусь 1» выйшаў сюжэт аб крымінальнай справе за ўхіленне ад выплаты падаткаў у дачыненні да буйнога інтэрнэт-агрэгатару ў сферы пасажырскіх зносінаў «Аtlasbus» – у відэа яго называюць «бандай «чорных перавознікаў». Сцвярджаецца, што фігуранты справы – больш за 20 абвінавачаных і падазраваных – вялі свае справы пры дапамозе «шантажу, пагрозаў, сабатажу», піша zerkalo.io.

Маршрутнае таксі на трасе Магілёў – Менск, Магілёўская вобласць. 8 чэрвеня 2021 года.
Фота: Белсат

Як вынікае з сюжэту, уладальнікі інтэрнэт-платформы, якая аб’ядноўвала больш за 300 маршрутнікаў, прыдумалі «нетрывіяльную» злачынную схему. Сутнасць у тым, што яны запрашалі да супрацы нерэгулярных перавознікаў без ліцэнзіі, але за доступ да кліенцкіх базаў і загрузку аўтаў тыя вымушаныя былі рэгулярна дзяліцца няўлічанымі наяўнымі. Тым самым фігуранты «душылі» законапаслухмяных перавознікаў (у тым ліку дзяржаператараў), з дапамогай ценявой бухгалтэрыі недаплачвалі падаткі і не выконвалі бяспекі рэйсаў.

«Мелі месца выпадкі, калі да выканання рэгулярных міжгародніх перавозак прыцягваліся субʼекты, якія не мелі адпаведнага дазволу і не адпавядалі патрабаванням бяспекі, што выстаўляюцца да рэгулярных перавознікаў, што ставіла пад пагрозу жыццё і здароўе пасажыраў», – паведаміў намеснік начальніка следчага ўпраўлення КДБ Канстанцін Бычак.

У сюжэце гучаць сведчанні некаторых прыватных перавознікаў, якіх уладальнікі сэрвісу нібыта пагрозамі спрабавалі ўцягнуць у свой бізнес.

Паводле аднаго з іх, Генадзя Здаронка, фігуранты справы выкарыстоўвалі «шантаж і масу іншых спосабаў правучыць непажаданых».

Адзін з тыпавых сцэнарыяў – легкавік спецыяльна тармозіць перад маршруткай, даючы магчымасць заскочыць уперад яе сваім хаўруснікам.

«За 10 хвілін да нашага рэйсу, які адпраўляецца з платформы вакзалу, яны ставяць свой і збіраюць усіх пасажыраў – і сваіх, і тых, хто запісаўся да нас», – распавёў дырэктар іншага прыватнага прадпрыемства Сяргей Цыбулькін.

Індывідуальны прадпрымальнік Міхаіл Коршыкаў паскардзіўся, што бізнесмены штучна заніжалі кошт білетаў на пасажырскія зносіны, каб абрынуць рынак. Паводле яго, так здарылася, напрыклад, у Слаўгарадзе.

«Яны зайшлі з дэмпінгам 2 рублі. Расклеілі ўлёткі па ўсім Слаўгарадзе, разаслалі СМС жыхарам гораду. Натуральна, абрынуўся рынак коштаў. Аўтапарк не змог канкураваць, адмяніў практычна ўсе рэйсы, ды і мы не змаглі па такім кошце вазіць пасажыраў».

«Яшчэ адзін з прыёмаў – правакацыя, калі з непажаданым кіроўцам лаюцца, спрабуюць учыніць бойку (для гэтага часта выкарыстоўваюць бойкіх галасістых дамачак). Мэта – затрымаць рэйс або, як мінімум, зганьбіць кіроўцу», – працягваюць аўтары сюжэту.

Акрамя таго, уладальнікі сэрвісу нібыта «шантажавалі нават мясцовую ўладу і дзяржперавознікаў, каб тыя аддавалі ім самыя выгадныя маршруты»:

«Калі ў іх [фігурантаў справы. – Заўв. рэд.] нічога не атрымлівалася з перавознікамі, якія цвёрда стаялі на сваім, казалі, што яны будуць працаваць паводле свайго часу, у легальным полі, праз дамову з аператарам, выконваючы абсалютна ўсе ўмовы, то яны спрабавалі знайсці яшчэ адзін момант – сваіх дзейных, былых супрацоўнікаў, сваякоў прасілі пісаць скаргі ў адрас аблвыканкаму, у адрас аператара на дзейнага перавозніка. За раз прыходзіла ад 8 да 12 скаргаў», – сцвярджае дырэктар Магілёўскага абласнога цэнтру кіравання транспартам Ігар Мажароўскі.

Разбор
Паездкі пад каўпаком. Улады будуць ведаць, хто, каго і куды вязе таксоўкаю або маршруткаю
2023.11.18 14:45

У відэа таксама паказалі кадры аператыўнай здымкі з камераў, усталяваных у дыспетчарскай сэрвісу. У адным з эпізодаў дыспетчару выдаюць заробак у канверце, у іншым фігуранты спрачаюцца, чыя чарга «забіраць бабкі» чарговага ІП.

Яшчэ раней у іншым сюжэце паведамлялася, што агульная выручка камерцыйных структураў, якіх абʼяднала платформа, у 2022 годзе склала больш за 50 млн рублёў, аднак ніхто не ўнёс у падатковыя дэкларацыі звыш 10 млн рублёў. Гадавое ж абарачэнне па краіне магло складаць звыш 30 млн рублёў.

«Дзеянні ўдзельнікаў злачыннай групы кваліфікаваныя паводле артыкулу 243 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь «Ухіленне ад выплаты падаткаў». У якасці абвінавачаных і падазроных прыцягнута больш за 20 асобаў. У цяперашні час фігуранты даюць прызнальныя сведчанні і прымаюць захады для кампенсацыі прычыненай дзяржаве шкоды», – распавёў Канстанцін Бычак.

Што за платформа «Аtlasbus» і хто яе ўладальнікі

«Найбуйнейшы агрэгатар, які за ўзнагароджанне даваў перавознікам доступ да заказаў, перавозіў мінімум 7 млн чалавек за год, уключаючы рэйсы ў 13 рэгіёнаў Расеі і ў Польшчу», – так апісалі платформу ў сюжэце.

Канстанцін Бычак не прывёў канкрэтнай назвы сэрвісу, аднак паведаміў прозвішчы яго ўладальнікаў – Фундатар і Данцоў:

– [Яны] абʼядналі больш за 300 перавознікаў, даўшы ім доступ да кліенцкіх базаў. У якасці ўмовы давання такога доступу была вылучаная рэгулярная перадача няўлічаных наяўных сродкаў. З мэтай выканання гэтай умовы перавознікі хавалі абʼёмы ўласнай выручкі шляхам неабілечвання пасажыраў, выканання няўлічаных рэйсаў. І частку з грашовых сродкаў, якія ўтварыліся такім чынам, перадавалі ўладальнікам гэтай інтэрнэт-платформы. Такія дзеянні прывялі да прычынення шкоды дзяржаве ў выглядзе нявыплаты падаткаў у буйным памеры.

Уладзімір Фундатар і Андрэй Данцоў – заснавальнікі сэрвісу «Атлас» («Аtlasbus»), які працуе з 2019 года, займаецца пасажырскімі зносінамі ў Беларусі і Расеі, а таксама ў Польшчы. На сайце агрэгатару іх называюць выхадцамі з «Яндэксу», а ўсю каманду – «маладымі і амбіцыйнымі энтузіястамі з палымянай мэтай зрабіць аўтобусныя перавозкі great again».

Таксама на сайце гаворыцца, што перавознікі платформы выконваюць рэйсы ў 400 населеных пунктаў (мяркуючы паводле сеткі маршрутаў, не толькі па ўсёй Беларусі, але таксама ў Расею, Польшчу, Літву, Чэхію).

Яшчэ ў сакавіку падатковая заявіла аб прэтэнзіях да платформы «Атлас», «якая амаль бескарысліва забяспечвае сферу нерэгулярных перавозак пастаянным прытокам пасажыраў». Тады ведамства паабяцала «больш уважліва вывучыць тое, як гэтая платформа арганізавала свае дагаворныя адносіны са сферай нерэгулярных перавознікаў».

Пасля гэтага ў прэс-службе сэрвісу запэўнілі, што «цалкам падтрымліваюць ініцыятыву для навядзення парадку ў сферы пасажырскіх зносінаў» і разлічваюць на тое, «што ўсе партнёры сэрвісу добрасумленна выконваюць устаноўленыя нормы і правілы».

Мяркуючы паводле сайту, сэрвіс працягвае працаваць і нават прапаноўвае некалькі вакансіяў для распрацоўнікаў, менеджараў, аддзелу продажаў.

Што казаў пра перавознікаў Лукашэнка

Аб адкрыцці крымінальнай справы супраць уладальнікаў «Атласу» стала вядома 14 лістапада. Нагадаем, раней у той жа дзень Аляксандр Лукашэнка правёў нараду аб пасажырскіх аўтамабільных зносінах – успаміналі і маршруткі, і таксі. Сярод іншага ён заявіў, што ўсе агрэгатары таксі-перавознікаў абавязаныя размясціць свае інфармацыйныя сістэмы на тэрыторыі Беларусі.

«Да новага года гэтая норма павінна працаваць. Ніякіх польскіх, нямецкіх, галандскіх фірмаў», – сказаў Лукашэнка.

Ён таксама запатрабаваў «вызначыць адзіныя для ўсіх правілы гульні – жорсткія, празрыстыя і зразумелыя», таму што «выручку прыніжаюць, хаваюць, у канвертах зарплаты плацяць, падаткаў не плацяць у шалёных памерах». Гэтак, кантралёры часцей за ўсё выяўляюць утойванне выручкі, драбненне бізнесу, зарплату ў канвертах, нявыплату падаткаў.

На нарадзе была агучаная статыстыка – за 9 месяцаў 2023 года праверылі крыху больш за 10 тыс. аўтамабіляў і выявілі каля 9 тыс. парушэнняў.

Таксама абмеркавалі праект указу, падрыхтаваны ўрадам: прапануецца арганізаваць рэестр легальных перавознікаў, дыспетчараў і іншых удзельнікаў працэсу.

Hавiны
Таксі ў Беларусі будуць працаваць па новых правілах – на мясцовых серверах
2023.11.14 12:49

21 ліпеня на грамадскае абмеркаванне быў вынесены праект указу «Аб пытаннях аўтамабільных перавозак пасажыраў». Чыноўнікі тлумачылі, што распрацавалі законапраект для таго, каб удасканаліць пасажырскія зносіны з дапамогаю аўтамабіляў нерэгулярных зносінаў і таксі. Прапаноўваецца ўвесці пэўны механізм для допуску такога транспарту на рынак перавозак: электронныя карты для кіроўцаў, дыспетчараў і на аўтамабілі, заключэнне з кіроўцамі працоўных кантрактаў, справаздачы аб перавозках падаткавікам і іншае.

СП belsat.eu

Стужка навінаў