Ці ўраўнуюць у правах нашых ваяроў і ўкраінцаў?

Кожная гібель нашых найлепшых мужчынаў ва Украіне – гэта заўсёды скруха і роспач. Гінуць найлепшыя, і з гэтым змірыцца немагчыма. Яны маглі з’ехаць з чужой краіны, але замест гэтага пайшлі ваяваць, каб абараніць чужы народ, чужыя гарады, чужых дзяцей, шчыра верачы, што насамрэч такім чынам будуць абараняць і свой народ. Шмат хто думаў, што Беларусь так ці інакш будзе ўцягнутая ў вайну і давядзецца змагацца з акупантам і на тэрыторыі сваёй краіны.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Байцы палка Кастуся Каліноўскага на развітанні з загінулым пабрацімам Міраславам Лазоўскім. Кіеў, Украіна. 26 траўня 2023 года.
Фота: Белсат

Мы страцілі некалькі беларусаў яшчэ ў перыяд акупацыі Крыму і Данбасу, калі тэрыторыю Беларусі яшчэ не выкарыстоўвалі для нападу. Пасля 24 лютага ўсё змянілася. Мы губляем сваіх герояў на палях бітваў і сутыкаемся не толькі з папрокамі, але і з матэрыяльнымі праблемамі. Маці ці жонцы паведамляюць пра гібель, аддаюць цела – і на гэтым усё. Вядома, нашыя хлопцы атрымліваюць добры заробак. Не большы і не меншы за іншых. Але беларусы – у іншым становішчы. Хаця б таму, што яны не могуць вярнуцца дадому ў выпадку, калі захочуць перапыніць кантракт. Шмат хто вымушана пакінуў краіну, ратуючыся ад пераследу ўладаў. Некаторыя перапраўляліся ва Украіну гэтак, нібы выходзілі з акружэння. Мы нават не ведаем, колькі гісторыяў засталося за кадрам, калі да бацькоў прыходзілі з ператрусамі менавіта праз тое, што сын ваюе ва Украіне. Як спецслужбы даведаюцца пра гэта – іншае пытанне, але і яно, безумоўна, не менш важнае.

Маці і сястру Васіля Парфянкова арыштоўвалі ды трымалі ў быдлячых умовах на Акрэсціна, каб прымусіць на відэа адрачыся ад сына і сказаць, што яны асуджаюць ягоны ўчынак. Маці ўсё ж пагадзілася сказаць на камеру тое, што ёй загадалі, каб спыніць катаванні ўсёй сямʼі. Вася бачыў гэта. Але ён, на шчасце, разумеў увесь драматызм сітуацыі і сказаў, што яго гэта не зачапіла, бо даўно не падтрымлівае сувязяў са сваякамі. Але няцяжка сабе ўявіць, што насамрэч рабілася ў ягонай душы.

Васіль Парфянкоў быў адным з першых, хто пайшоў ваяваць ва ўкраінскую армію. Незадоўга да ягонай гібелі я паспела напісаць яму, каб вярнуўся жывым. У адказ – «дзякуй» і сэрцайка… Не вярнуўся. Засталося двое цудоўных дзяцей. Ягоная ўдава, грамадзянка Украіны, дасюль не атрымала ніякай кампенсацыі, а гэта 15 мільёнаў грыўняў, бо Вася лічыцца зніклым без вестак. Тэрыторыя пад акупацыяй, і пакуль не знойдуць цела, грошай не будзе. Калі цела так і не знойдуць, а такое цалкам магчыма, калі ўлічыць, як хавалі нашых байцоў іхныя супернікі, то толькі праз тры гады можна будзе ставіць пытанне пра грашовую кампенсацыю сваякам. Але гэта датычыць толькі тых сваякоў, якія ёсць грамадзянамі Украіны.

А вось сваякі ваяроў, якія маюць беларускае грамадзянства, нічога не атрымаюць. А гэта таксама дзеці, жонкі, бацькі. З аднаго боку, вядома, ніхто не прымушаў ісці ваяваць у чужое войска. Але з другога – няўжо не відавочна, што беларускія добраахвотнікі – у зусім іншай сітуацыі?

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Святлана Ціханоўская ўручыла ўзнагароды жонкам загінулых беларускіх ваяроў. Уручэнне медалёў пачалося з хвіліны маўчання. Раней 27 беларускіх добраахвотнікаў атрымалі ўзнагароды. Сёння яшчэ пяцёра: Васіль Парфянкоў (Сябро), Міраслаў Лазоўскі, Іван Марчук (Брэст), Зміцер Рубашэўскі (Ганс), Павел Суслаў (Волат). Вільня, Літва. 9 чэрвеня 2023 года.
Фота: Белсат

Беларусам пасля ўсяго таго, што ім давялося перажыць, прыйшлося навучыцца спраўляцца з навязаным пачуццём віны за тое, што на бацькаўшчыне – марыянетачны рэжым, які ператварыў тэрыторыю краіны ў плацдарм для нападу на Украіну. Тое, што беларусаў, якія засталіся ўдома, кожны дзень арыштоўваюць і судзяць, здаецца, мала каго хвалюе, акрамя самых беларусаў. Мы сутыкаемся з тым, што ва Украіне прыбіраюць памятныя знакі ў гонар нашых герояў, якія ахвяравалі жыццём за свабоду Украіны. Змяняюць назвы вуліцаў, дзе ёсць згадка нашых гарадоў ці народных пісьменнікаў. Праўда, потым на высокім узроўні апраўдваюцца і, як звычайна, усё спісваюць на вайну.

Але не абывацелі мяняюць назвы вуліцаў і забараняюць творы пісьменнікаў. Не абывацелі пастанаўляюць знесці памятны знак ці пакінуць яго ў спакоі. Мы ўсе памятаем, як да поўнамаштабнага ўварвання ва Украіне нас бянтэжылі пытанні мясцовых жыхароў. Самае распаўсюджанае: «А чым вас Бацька не задавальняе? Добры прэзідэнт. Чыста. Парадак». Як быццам, і не было ўсяго жаху, які нам давялося перажыць, нават бегчы ад яго, кінуўшы свае дамы. Вось тут і напрошваецца пытанне: а чаму ўкраінцы да такой ступені былі слаба інфармаваныя ў нашай сітуацыі? Чаму і сёння, а прайшло больш за 600 дзён страшнай вайны, пра беларусаў, якія ваююць, амаль ніякай інфармацыі няма? Калі паглядзець, як асвятляецца інфармацыя пра ізраільска-палестынскую вайну і як асвятляліся пратэсты ў Беларусі, то параўнанне будзе не на карысць апошняй. Праўда, дапамагае – асабліва ў замежжы – той жа абывацельскі ўзровень. Цяпер украінцы кажуць: «Божа, які жах! Гэта праўда, што ў вас за лайк могуць пасадзіць у турму?» Ну, хоць нешта.

Але мне падаецца, што самае галоўнае пытанне ў гэтым выпадку мы павінны задаваць кіраўніку Офісу прэзідэнта Украіны Міхайлу Падаляку. Ці мог ён праінфармаваць прэзідэнта Уладзіміра Зяленскага пра ўсе нюансы службы ў войску нашых добраахвотнікаў? Ці ведае ён пра іх? Цяжка паверыць, што чалавек, які столькі гадоў пражыў у Беларусі, зусім не цікавіўся падзеямі, што там адбываліся і адбываюцца. Як і не пацікавіўся, у якім становішчы цяпер нашыя добраахвотнікі. Што ён можа сказаць мамам тых, каго ўжо няма ў жывых? Бо дастаткова прэзідэнту падпісаць указ, каб зраўняць у правах беларускіх воінаў з украінскімі, і пытанне будзе развязанае. Чалавека не вернеш, але дапамагчы атрымаць дапамогу па страце карміцеля не такая ўжо і праблема. Зусім няшмат часу на гэта трэба. Можа, тады б і да беларусаў стаўленне змянілася на тым жа абывацельскім узроўні.

Я нядаўна ў роспачы сказала, што трэба, можа, зрабіць паўзу нашым ваярам, пакуль не развяжацца гэтае пытанне. Разумею: ваяваць ці спыніцца – кожны вырашае сам для сябе. Але ўвесь час згадваю гарачую дыскусію ва ўправе БНФ, калі Мікола Статкевіч сказаў: «Хлопцы, ваяваць трэба толькі на сваёй зямлі і паміраць толькі за свой народ. Ёсць магчымасць навучыцца ваеннай справе – вучыцеся. Баюся, што гэта можа спатрэбіцца». Гэта быў 2016 год. Шмат чаго змянілася з таго часу. Вайна закранула і беларусаў. Дык, можа, тады трэба да іх і паставіцца гэтак, як да сваіх ваяроў, раз яны нароўні ваююць за Украіну?

Hавiны
Валерый Залужны прызнаў, што контрнаступ ЗСУ зайшоў у пазіцыйны тупік
2023.11.02 11:01

Любоў Лунёва belsat.eu

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў