Заходнія дыпламаты праігнаравалі паездку да вывезеных у Беларусь украінскіх дзяцей


Старшыня Наваполацкага гарадскога выканкаму Дзмітрый Дзямідаў канстатаваў, што дыпламаты заходніх краінаў пастанавілі не наведваць дзяцей, якіх вывезлі з Украіны ў Беларусь «на аздараўленне», перадае расейскае агенцтва ТАСС. Раней пра тое, што прадстаўнікі дзяржаваў Еўразвязу і Вялікай Брытаніі праігнаруюць гэтую паездку, паведамлялі крыніцы «Белсату».

Дзеці з акупаваных тэрыторыяў Украіны ў Наваполацку. 22 верасня 2023 года.
Фота: Наваполацкі гарадскі выканкам / sb.by

Сёння ў Наваполацк з «азнаямленчым візітам» прыехалі замежныя дыпламаты, каб наведаць месцы пражывання, навучання і аздараўлення дзяцей з Лісічанску і Севераданецку, піша дзяржаўнае агенцтва БелТА.

Старшыня Наваполацкага гарадскога выканкаму Дзмітрый Дзямідаў заявіў журналістам, што гэта госці «высокага ўзроўню»:

«18 дэлегацыяў, што рэпрэзентуюць найбуйнейшыя краіны свету. Гэта Кітай, Індыя, Сірыя, Пакістан, Катар, краіны СНД, Мазамбік і іншыя».

Hавiны
МЗС Беларусі апраўдваецца перад замежнымі дыпламатамі за вываз украінскіх дзяцей
2023.09.22 20:37

Пра ўдзел заходніх дыпламатаў спытаў карэспандэнт расейскага агенцтва ТАСС. Чыноўнік канстатаваў, што яны не прыехалі, і назваў абвінавачанні ў прымусовым вывазе дзяцей з акупаваных тэрыторыяў Украіны «абсалютна дзікім, негуманным, нечалавечым падыходам»:

«Тое, што нашую краіну, якая заўсёды адрознівалася сваёй міралюбнасцю, спрабуюць абвінаваціць у найжахлівейшых злачынствах супраць дзяцей, гэта проста не паддаецца ніякім каментарам».

Таксама Дзямідаў запэўніў, што ў Беларусі ўкраінскіх дзяцей «адрываюць ад жахаў вайны» і «акунаюць у мірнае дзяцінства».

«Спрабуем стварыць атмасферу нармальнага дзяцінства ў нашым разуменні: шчаснага, бяспечнага. Дзеці мусяць вучыцца, забаўляцца, бавім іх вольны час», – сказаў чыноўнік.

Упершыню ўкраінскіх дзяцей прывезлі ў Наваполацк яшчэ ў леташнім снежні. У гэтым спрыяе фонд Аляксея Талая.

Hавiны
НАУ рыхтуе новыя доказы пра саўдзел рэжыму Лукашэнкі ў вывазе ўкраінскіх дзяцей
2023.09.20 00:35

Раней украінскі МЗС заклікаў замежных дыпламатаў, якія працуюць у Менску, не браць удзелу ў «прапагандысцкай паездцы беларускага рэжыму». Як казалі ў Кіеве, цяперашнія ўлады Беларусі гэтым візітам хочуць «легалізаваць незаконнае перамяшчэнне ўкраінскіх дзяцей з часова акупаваных тэрыторыяў».

Напярэдадні крыніцы «Белсату» распавялі, што дыпламаты краінаў Еўразвязу і Вялікай Брытаніі праігнаруюць гэтую PR-акцыю.

Украіна лічыць вываз дзяцей са сваіх акупаваных тэрыторыяў дэпартацыяй. Гэтай справаю шчыльна займаецца Народнае антыкрызіснае ўпраўленне на чале з Паўлам Латушкам. Адпаведныя дакументы ён перадаў Міжнароднаму крымінальнаму суду ў Гаазе.

Менавіта за дэпартацыю ўкраінскіх дзяцей трыбунал раней выдаў ордар на арышт прэзідэнта Расеі Уладзіміра Пуціна і дзіцячага омбудсмана Марыі Львовай-Беловай.

Рэпартаж
Святлана Ціханоўская: Мы як ніколі блізкія да таго, што будзе выдадзены ордар на арышт Лукашэнкі
2023.10.03 10:01

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў