Апеляцыя ў «справе Гайдукевіча», суд над вайскоўцам Паўлам Кучынскім. Хроніка рэпрэсіяў за 4 кастрычніка


Затрыманні, суды, катаванні і здзекі над палітвязнямі – рэпрэсіі лукашэнкаўскага рэжыму над беларускім народам не спыняюцца. У афіцыйным спісе праваабаронцаў – 1478 палітзняволеных (на вечар 4 кастрычніка). Насамрэч іх нашмат больш. «Белсат» фіксуе факты рэпрэсіяў штодзень.

Исправительная колония № 3, Витьба, Беларусь
Папраўчая калонія № 3. Віцьба, Беларусь. Ліпень 2022 года.
Фота: Акім Крумкач / Белсат

Як паведамляе «Вясна», у Менску 4 кастрычніка пачалі судзіць былога вайскоўца Паўла Кучынскага, якога вінавацяць паводле 7 крымінальных артыкулаў. У тым ліку за «акт тэрарызму», «здраду дзяржаве», «стварэнне арганізацыі для ажыццяўлення тэрарыстычнай дзейнасці або ўдзел у ёй». Арганізацыя «BYPOL» паведамляла раней, што Кучынскі быў затрыманы, імаверна, па справы «інкасатараў»: «спецслужбы, катуючы чалавека, прымусілі яго ўдзельнічаць у правакацыі, калі ён выходзіў на сувязь з «BYPOL» і прапаноўваў чыніць акцыі прамога дзеяння».

Вярхоўны суд разгледзеў 4 кастрычніка апеляцыйныя скаргі ў «справе Гайдукевіча», паводле якой 15 палітвязняў былі асуджаныя на тэрміны ад 2 да 25 гадоў зняволення. Ніводная апеляцыя не была задаволеная. Судовая калегія пад старшынёўствам суддзі Ігара Любавіцкага разглядала скаргі два дні. Праваабаронцы зазначаюць, што не ўсе асуджаныя падавалі апеляцыі. Цяпер фігуранты справы чакаюць этапавання ў калоніі.

Гісторыі
Музыкі Юля і Пятро Марчанкі – пра турму, каханне і жангляванне мандарынамі ў камеры СІЗА-1
2023.09.29 08:00

У Гомельскім абласным судзе на 5 гадоў калоніі агульнага рэжыму асудзілі мясцовага прадпрымальніка Валянціна Штэрмера. Яго прызналі вінаватым у абразе Лукашэнкі, стварэнні экстрэмісцкага фармавання і распальванні варожасці. Суд над прадпрымальнікам праходзіў у закрытым рэжыме. Прысуд агучыў так званы суддзя Сяргей Багінскі.

Суды над святаром і трактарыстам

Праваабаронцы паведамлялі 4 кастрычніка пра затрыманне трактарыста прадпрыемства «Зелянбуд», у якога ў кабіне стаяў бел-чырвона-белы сцяжок з Пагоняй. Паскардзіліся на трактарыста сілавікам «неабыякавыя грамадзяне».

Гарадзенскі святар Андрэй Ноздрын быў аштрафаваны на 15 базавых велічынь за распаўсюд «экстрэмісцкіх» матэрыялаў. Пасля затрымання ў тэлефоне святара знайшлі нібыта падпіску на «Інстаграм» журналіста Руслана Кулевіча. Пазней святар паведаміў, што затрымалі яго «па даносе».

У Лёзненскім раёне на Віцебшчыне суддзя Алена Шарэц прысудзіла 20 гадзінаў грамадскіх працаў маладому жыхару пасёлка Дабрамыслі Іллю Самохіну. Ён быў прызнаны вінаватым у распаўсюдзе «экстрэмізму» (ч.2 арт. 19.11 КаАП), бо нібыта паставіў падабайку пад адной з публікацыяў «Радыё Свабода» ў «Інстаграме», паведамілі віцебскія праваабаронцы.

Гомельскія праваабаронцы паведамлялі пра збіццё ў Светлагорскім ІЧУ мясцовага жыхара, які па вызваленні зафіксаваў пабоі ў медустанове.

Вікторыя Кульша зноў прайшла праз ШІЗА

Стала вядома, што палітзняволеную Вікторыю Кульшу зноў змяшчалі ў ШІЗА зарэчанскай калоніі № 24. Гэтым разам – на 30 сутак. За што – невядома. Агулам палітзняволеная жанчына адбыла 92 дні ў штрафным ізалятары і паўгода ў ПКТ. Некалькі разоў Вікторыя абвяшчала і трымала галадоўкі, пратэстуючы супраць жудасных умоваў утрымання. Вікторую Кульшу двойчы за год судзілі за злоснае непадпарадкаванне законным патрабаванням адміністрацыі калоніі (ч. 1 арт. 411 КК). Да прысуджаных трох з паловай гадоў дадалі яшчэ год.

Сваякі палітзняволенага журналіста Паўла Мажэйкі атрымалі ліст, у якім ён прызнаецца, што на судзе для яго было важным «захаваць гонар і годнасць, не змаладушнічаць». Павел падаў апеляцыю на прысуд (6 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму), але не верыць, што яе задаволяць. Разгляд адбудзецца 17 кастрычніка. Паведамляе таксама ў лісце, што перадача з лекамі, якія ён прасіў, так да яго і не дайшла.

На свабоду сёння выйшлі палітзняволеныя Людміла Волкава і Ігар Повараў.

Гісторыі
«12 трупаў для статыстыкі». Былы палітвязень апавёў пра допыты ў КДБ і гомельскія моргі ў сакавіку 2022 года
2023.10.02 08:27

Зміцер Міраш belsat.eu

Стужка навінаў