Вярхоўны суд ЗША дазволіў Доналду Трампу балатавацца ў прэзідэнты


Вярхоўны суд ЗША 4 сакавіка аднагалосна прыняў бок Доналда Трампа, дазволіўшы былому прэзідэнту балатавацца ў прэзідэнты. Пра гэта паведамляе «The Washington Post».

Доналд Трамп.
Фота: Shealah Craighead / Official White House Photo / Wikimedia

У снежні 2023 году суд штату Каларада забараніў Трампу ўдзел у выбарах на падставе таго, што палітык правакаваў паўстанне, распаўсюджваў непраўдзівую інфармацыю і заклікаў сваіх прыхільнікаў здзейсніць марш на Капітолій. Такім чынам, як сцвярджаецца, была парушаная 14-ая папраўка Канстытуцыі ЗША, што забараняе балатавацца ўдзельнікам мяцяжу.

Аднак Вярхоўны суд ЗША рашэнне суду Каларада адмяніў. Суддзі заявілі, што Канстытуцыя не дазваляе ніводнаму штату адхіляць кандыдата ў прэзідэнты ад нацыянальнай пасады, бо такая адказнасць «ляжыць на Кангрэсе, а не на штатах». Вярхоўны суд папярэдзіў, што калі адпаведныя рашэнні будуць прымацца на ўзроўні штатаў, то гэта прывядзе да хаосу ў краіне.

Гісторыі
Хто такая Нікі Гэйлі, якая кінула выклік Трампу?
2024.02.07 10:07

Пастанова Вярхоўнага суду ЗША распаўсюджваецца на іншыя штаты з аналагічнымі прэтэнзіямі да Трампа. Такім чынам, палітык застаецца найбольш імаверным кандыдатам у прэзідэнты ад Рэспубліканскай партыі.

Трамп назваў рашэнне Вярхоўнага суду «вялікай перамогай Амерыкі».

Hавiны
Доналд Трамп прыгразіў, што дазволіць Расеі рабіць з краінамі NATO «ўсё, чаго яна захоча»
2024.02.11 10:28

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў