Крытычная для ЗСУ сітуацыя ў Іванаўскім. Што адбываецца ва Украіне?


«Белсат» падводзіць вынікі 740-х содняў поўнамаштабнай вайны, распачатай Расеяй ва Украіне. Пра галоўныя падзеі станам на вечар 4 сакавіка чытайце ў нашым аглядзе.

Вайна ва Украіне
Украінскія вайскоўцы.
Фота: Генеральний штаб ЗСУ / General Staff of the Armed Forces of Ukraine / Facebook

Купянскі і ліманскі кірункі (паўночна-ўсходняя частка Харкаўскай вобласці, захад Луганскай і поўнач Данецкай)

У Генеральным штабе Збройных сілаў Украіны паведамілі пра адбіццё 11 атак праціўніка на купянскім кірунку ў ваколіцах населеных пунктаў Сынькоўка і Табаеўка. Расейскі ваенкор Сямён Пегаў сцвярджае, што каля другога сяла баі маюць сустрэчны характар. Нагадаем, раней на гэтым участку фронту ЗСУ ўдалося вярнуць частку пазіцыяў.

На суседнім ліманскім кірунку вядома пра прынамсі 5 безвыніковых атак расейцаў каля Цернаў і Верхнякаменскага ў Данецкай вобласці і Белагораўкі на Луганшчыне. Пры гэтым Пегаў гаворыць, што УС РФ прасунуліся з усходу ад Цернаў, прыціснуўшы праціўніка яшчэ бліжэй да ракі Жарабец.

У гэты ж час аналітыкі праекту Deepstate пішуць, што расейцы завяршылі ратацыю сваіх сілаў на кірунку, і таму бліжэйшым часам варта чакаць павелічэння іх актыўнасці.

Бахмуцкі кірунак (лінія фронту ў ваколіцах аднайменнага гораду ў Данецкай вобласці)

На бахмуцкім кірунку, паводле ўкраінскага камандавання, войскі РФ наступаюць у ваколіцах сёлаў Багданаўка, Іванаўскае і Андрэеўка, імкнучыся выйсці да суседняга гораду Часаў Яр.

У Deepstate гавораць, што таксама расейцы актывізаваліся на поўначы ад Клішчыеўкі. Пры гэтым аналітыкі адзначаюць, што сітуацыя ў Іванаўскім крытычная для ЗСУ, і існуе вялікая верагоднасць страты імі населенага пункту. Разам з тым у Багданаўцы становішча ўкраінцаў больш стабільнае.

Прарасейскі тэлеграм-канал «Два майора» сцвярджае, што пад кантролем УС РФ знаходзіцца ўсход і цэнтр Іванаўскага.

Праўкраінскі «Говорять Снайпер» адзначае, што цяпер войскі РФ намагаюцца заняць дарогу на поўначы сяла.

Аўдзееўскі кірунак (на поўначы ад Данецку)

На аўдзееўскім кірунку расейскія вайскоўцы спрабуюць развіць поспехі з захаду ад раней занятага аднайменнага гораду, атакуючы каля населеных пунктаў Бэрдычы, Арлоўка, Танэнькае, Первамайскае і Невельскае.

Тэлеграм-канал «Говорять Снайпер» удакладняе, што цяпер Арлоўка прыкладна на палову кантралюецца праціўнікамі, у Танэнькім ЗСУ трымаюць да 40% тэрыторыі.

У Deepstate гавораць, што таксама баі ідуць у Первамайскім, але лініі сутыкнення ў самім сяле патрабуе ўдакладнення.

Навапаўлаўскі кірунак (ліні фронту на поўдні Данецкай вобласці)

Найбольшая інтэнсіўнасць наступальных дзеянняў расейцаў, паводле Генштабу ЗСУ, цягам апошніх содняў зафіксаваная на навапаўлаўскім кірунку, дзе сілы абароны Украіны адбілі не менш за 30 атак каля населеных пунктаў Краснагораўка, Георгіеўка і Новаміхайлаўка.

Аналітыкі Deepstate пішуць, што ЗСУ выбілі праціўніка з Краснагораўкі, але пры гэтым расейцы працягваюць замацоўвацца ў руінах Новаміхайлаўкі, адкуль іх будзе складана выбіць з улікам цяперашняй канфігурацыі лініі сутыкнення.

Прарасейскі тэлеграм-канал «Рыбарь» сцвярджае, што расейцы прасунуліся ў цэнтральнай частцы Новаміхайлаўкі па вуліцах Шаўчэнкі і Саборная, у выніку чаго пад іхным кантролем апынулася мясцовая царква Архангела Міхаіла. Адначасова з гэтым, паводле крыніцы, УС РФ адкінулі праціўніка з часткі пазіцыяў на поўдні сяла ўздоўж вуліцы Ціміразева.

Канал «Говорять Снайпер» піша, што цяпер пад кантролем ЗСУ застаецца каля 40-45% сяла.

Вайскоўцы 46-й брыгады ЗСУ мяркуюць, што пакуль на навапаўлаўскім кірунку расейцы аказаліся ў аператыўным тупіку, бо не маюць дастатковых сілаў для прасоўванняў адразу па ўсім фронце, пакуль цяпер асноўная ўвага расейскага камандавання засяроджаная на баях пад Аўдзеекай.

Запарожскі і херсонскі кірункі (лінія фронту ў Запарожскай і Херсонскай вобласцях)

У Запарожскай вобласці наступальная актыўнасць войскаў РФ захоўваецца з поўдня ад гораду Арэхаў на ўчастку паміж сёламі Вэрбовае і Работына, а таксама каля сяла Чырвонае (на ўсходзе ад гораду Гуляйполе).

Праўкраінскі тэлеграм-канал «Офіцер», спаслаўшыся на вайскоўцаў ЗСУ, піша, што сітуацыя пад Арэхавам застаецца стабільна цяжкай, але кантраляванай: тут расейцы абмежавана карыстаюцца цяжкай тэхнікай, зрабіўшы стаўку на пяхотныя штурмы падраздзяленнямі былых зняволеных.

На іншых участках фронту адзначаюцца лакальныя пазіцыйныя баі, а таксама артылерыйскія абстрэлы ўздоўж лініі сутыкнення.

Ва ўмовах актыўных баявых дзеянняў журналісты не маюць магчымасці аператыўна правяраць афіцыйныя паведамленні ўдзельнікаў вайны.

Аналітыка
Чаму вайна ва Украіне зайшла ў тупік, і чым гэта можа скончыцца?
2024.02.24 06:45

Наталля Кулыгіна belsat.eu 

Стужка навінаў