Беларусь у выгнанні: хто цярпіць ад рэпрэсіяў у Беларусі і як абараніць свае правы ў эміграцыі


Масавыя ператрусы, затрыманні, крымінальныя справы, несправядлівыя судовыя разборы, вялізныя тэрміны зняволення. Пра гэта размаўлялі падчас дыскусіі экспертна-аналітычнага клубу, зарганізаванага «Belarus in Focus», Беларускім прэс-клубам, беларускай экспертнаю сеткаю «Наша думка» і Беларускім інстытутам стратэгічных даследаванняў (BISS). Пераказваем самае цікавае.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Мітынг прысвечаны другой гадавіне выбараў у Беларусі. Вільня, Літва. 9 жніўня 2022 года.
Фота: Белсат

Улады Беларусі наўмысна ствараюць варожую абстаноўку, у якой нельга чакаць, што асобы і прафесійныя групы, на якіх скіраваныя ўладныя рэпрэсіі, застануцца ў краіне. Спалучэнне законаў, палітыкі і практыкі выкарыстоўваецца як магутны інструмент для прымусу людзей да ад’езду. Паколькі беспакаранасць захоўваецца, а сітуацыя з правамі чалавека пагаршаецца, перспектывы бяспечнага вяртання ў грамадзянаў, якія апынуліся ў выгнанні, невялікія. Адсутнасць незалежнай судовай сістэмы пагаршае сітуацыю.

Беларусы за мяжою сутыкаюцца з праблемамі ў розных сферах: легалізацыя, доступ да медыцыны, адукацыя, банкаўскія паслугі. Пераважная большасць вымушаных мігрантаў не мае статусу ўцекача. Не маючы дастатковай інфармацыі пра свае правы і механізмы іх абароны, а таксама баючыся высылкі ў Беларусь, беларусы часта ўспрымаюць усё гэта як нагоду да самаарганізацыі і самадапамогі, а не барацьбы за свае законныя правы.

Хто найбольш сутыкаецца з парушэннем правоў чалавека ў Беларусі?

Спецыфічная рыса цяперашняй хвалі эміграцыі беларусаў і сітуацыі пасля 2020 года ў тым, што мэтанакіраваны ўдар вядзецца па прафесійных сектарах: пераследуюцца цэлыя прафесіі. Гэта журналісты, выкладчыкі, эксперты, адвакаты… Актыўныя дзеянні асобы ўжо не адыгрываюць ролі: могуць прыйсці проста праз прыналежнасць да пэўнай прафесіі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Журналісты падчас працы на акцыі пратэсту ў Менску, Беларусь. 1 верасня 2020 года.
Фота: Цімур Котаў / Белсат

Падчас аднаго сацыялагічнага даследавання апытвалі актывістак і праваабаронцаў. Былі апытаныя 83 жанчыны, усе яны заявілі, што іхныя правы парушаліся. Пры гэтым у 80 парушалася права на свабоднае выказванне меркавання, у 73 – права на справядлівы судовы разбор, у 75 – права на свабоду збораў. Гэта адлюстроўвае сітуацыю ў Беларусі, праз якую людзі вымушаныя з’язджаць. Кожны чалавек цяпер можа сутыкнуцца з пераследам, парушэннем сваіх правоў проста таму, што жыве ў Беларусі.

На сёння ў Беларусі зліквідаваныя 695 грамадскіх арганізацыяў. За кожнаю такой арганізацыяй стаяць людзі. Калі ўлады ліквідуюць арганізацыі ці ціснуць на іх, гэта распаўсюджваецца на асобаў, якія рабілі Беларусь лепшаю. Праз гэта ў Беларусі застаецца ўсё менш людзей, здольных прыўносіць нешта новае, крэатыўнае ў краіну.

Трывожная тэндэнцыя: нядаўна апыталі з’ехалых работнікаў НДА – ад валанцёраў да менеджараў. Каля 10 %, то бок кожны дзясяты, заяўляе, што ніколі не вернецца ў Беларусь. І гэтая лічба, як прагназуюць, будзе расці.

Яшчэ адзін сектар, дзе практычна кожны суб’ект у той ці іншай ступені пацярпеў ад рэпрэсіяў, – медыі. Улетку Беларуская асацыяцыя журналістаў (БАЖ) ладзіла маніторынг, падчас якога апыталі 44 рэдакцыі. З іх усе зазналі рэпрэсіі ў той ці іншай форме. Некаторым удалося сабраць «full house» – усе віды рэпрэсіяў: ад блакавання сайту да прызнання экстрэмісцкім фармаваннем.

Апошнія паўтара года БАЖ дакументуе выпадкі парушэння правоў журналістаў, дэталёва апісаныя 150 выпадкаў. Калі праваабаронцы пачалі даваць прававую ацэнку гэтым гісторыям, аказалася, што 44 з іх змяшчаюць прыкметы злачынстваў супраць чалавечнасці. Гэтак, эксперты адзначаюць: ад парушэння палітычных і грамадзянскіх правоў улады перайшлі мяжу да адкрытага беспакаранага здзяйснення злачынстваў.

На люты 2022 года прыблізна траціна медыяў цалкам рэлакавалася за межы Беларусі, траціна працавала ў змешаным фармаце (менеджары – за мяжою, журналісты – у Беларусі), траціна заставалася ў краіне. Але цяпер сітуацыя значна пагоршылася, бо шмат якія рэдакцыі, што заставаліся ў Беларусі ў лютым, на сёння ўжо з’ехалі. І робіцца яшчэ горш.

Усё гэта на фоне поўнай адсутнасці хоць нейкіх механізмаў для абароны парушаных правоў. Пракуратура, суды проста самаўхіліліся ад выканання сваіх задачаў у абароне правоў людзей, калі справа палітычна матываваная. Журналісты перасталі звяртацца па юрыдычную дапамогу, бо, па-першае, не вераць у яе эфектыўнасць, па-другое, бачаць у гэтым хутчэй пагрозу прыцягнуць да сябе ўвагу, а не механізм абароны ўласных правоў.

Рэпрэсіі ў Беларусі ахопліваюць увесь спектр: эканамічныя, палітычныя, сацыяльныя. Агулам яны чыняцца супраць любога іншага меркавання, трывае татальнае зачышчэнне іншадумства. У беларусаў застаюцца тры опцыі: самацэнзура, турма альбо ўцёкі за мяжу. Дысідэнцтва не дапускаецца. Палітыка рэжыму скіраваная на тое, каб як мага больш асобаў з іншымі поглядамі выехалі з краіны, а ў Беларусі засталося грамадства, якое не выказвае свайго меркавання. Гэта можна таксама разглядаць як рыхтаванне да будучых выбараў.

Як бараніць свае правы за мяжою?

Мы ў нашым рэгіёне прывыклі, што патрабаваць выканання правоў чалавека трэба ў аўтарытарных краінах. Аднак правы чалавека могуць быць парушаныя ў любой краіне. Вось толькі рэагаванне на гэта ў дэмакратычных краінах адрозніваецца: гэта сапраўды прававыя дзяржавы, і тут ёсць шанцы дабіцца справядлівасці. Існуюць абавязковыя для ўсіх стандарты, якія мусяць выконвацца адносна ўсіх асобаў на пэўнай тэрыторыі, незалежна ад пашпарта. Спачатку – чалавек, а пасля ўжо – беларус, уцякач і гэтак далей.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. У Варшаве прайшла акцыя «Жанчыны супраць вайны». Жанчыны ў белым зноў выйшлі на вуліцы разам, каб сказаць «не» гвалту, нянавісці і вайне ва Украіне. Першая такая акцыя прайшла ў Менску 12 жніўня 2020 года як рэакцыя на жорсткія затрыманні і забойствы ў Беларусі пасля прэзідэнцкіх выбараў. Варшава, Польшча. 6 сакавіка 2022 года.
Фота: Цімур Котаў / Белсат

Калі вы ў эміграцыі, важны ваш прававы статус у іншай краіне. Калі вы маеце статус уцекача, то на вас распаўсюджваюцца дадатковыя правы, датычныя абароны ўцекачоў. Але большасць беларусаў мае часовы від на жыхарства, а гэта ўжо справа міграцыйнага заканадаўства, якое ў кожнай краіны сваё. Таму, калі ёсць парушэнне, важна дакладна разумець, якое менавіта права парушанае.

Дыскрымінацыя – няроўнае стаўленне на неразумных падставах. Забарона дыскрымінацыі не можа быць абмежаваная нічым: ні вайной, ні нацыянальнаю бяспекаю. Неразумнымі падставамі можа быць любая генералізацыя: напрыклад, проста факт прыналежнасці да грамадзянства не можа быць разумнаю падставаю да абмежавання правоў чалавека апрыёры. Абмежаванні правоў чалавека мусяць абгрунтоўвацца законамі.

Калі вы сутыкаецеся з парушэннем сваіх правоў, варта разумець, ці не парушаеце вы міграцыйнага заканадаўства пэўнай дзяржавы, то бок ці няма да вас правамерных прэтэнзіяў. Па абарону можна звяртацца ў Еўрапейскі суд правоў чалавека, а таксама скарыстацца механізмамі ААН. Каб гэта ўсё зарганізаваць, варта звярнуцца да праваабаронцаў – беларускіх і мясцовых, ёсць адвакаты, якія бясплатна дапамагаюць вымушаным мігрантам.

Што рабіць, калі вы сутыкаецеся з парушэннем сваіх правоў?

  1. Даведацца ўсю інфармацыю. Вы не першы беларус, які апынуўся ў выгнанні, дужа людзей прайшлр шмат якія працэдуры і развязала праблемы, з якімі сутыкнуліся вы. Тут вялікая роля ў дапамозе эмігрантам надаецца дыяспарам, дэмакратычным сілам, Офісу Святланы Ціханоўскай.
  2. Не трэба трактаваць сказанага супраць сябе. У шмат якіх заходніх краінах існуюць даволі бюракратычныя працэдуры. Гэта трэба прымаць як факт і працаваць з гэтым, а не лічыць спецыфічным стаўленнем да вас асабіста.
  3. Разумна ацэньваць сітуацыю. Напрыклад, ці можаце вы вярнуцца ў Беларусь. Так, шмат хто стаміўся быць у чужой краіне, і ў Беларусі могуць узнікнуць розныя сітуацыі ды абставіны, якія прымушаюць вяртацца. Але варта памятаць: вядома шмат выпадкаў арыштаў людзей пасля іхнага вяртання ў Беларусь з-за мяжы, таму трэба цвяроза ацэньваць рызыкі.
  4. У краінах рэлакацыі ёсць праваабарончыя арганізацыі – беларускія і мясцовыя. Не саромейцеся да іх звяртацца па параду і дапамогу.
  5. Не хавайце інфармацыі пра парушэнні і выпадкі дыскрымінацыі, агалошвайце яе. Гэта важна, бо калі вы прыцягваеце ўвагу да сваёй праблемы, то даяце імпульс праваабаронцам, самой дзяржаве: праблема ёсць, і яе трэба развязваць. Такім чынам вы робіце ўсё, каб гэтая праблема не сталася сістэмнаю.

Пасля пратэстаў у жніўні 2020 года тысячы беларусаў звярнуліся ў пракуратуру, бо пацярпелі ад катаванняў з боку сілавікоў. Супраць сілавікоў жа ніводнай крымінальнай справы так і не завялі. Дзясяткі тысяч беларусаў былі вымушаныя пакінуць краіну. Няма афіцыйных звестак, колькі беларусаў былі вымушаныя эміграваць праз рэпрэсіі на радзіме.

СП belsat.eu

Стужка навінаў