Качанава заклікае беларусак нараджаць, беларускі пакуль адмаўляюцца

А чаго гэта яны? Усё ж нібыта хораша, стабільна, і дзяржава аказвае гэткую падтрымку маладым сем’ям, што не знойдзеш нідзе ў свеце. Схавацца няма куды ад такой падтрымкі, а яны ўсё роўна. У чым прычына такога дзіўнага становішча спраў?

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Жанчына фатаграфуе дзіця на беразе Менскага мора. Менск, Беларусь. 1 жніўня 2023 года.
Фота: Белсат

Для пачатку давайце зафіксуем факт –беларусаў усё менш і менш. У момант распаду СССР на тэрыторыі Беларусі пражывала 10,2 млн чалавек. Сёння, нават паводле афіцыйнай статыстыкі – 9,2 млн; гэтая лічба не натхняе, а калі ўлічыць тых, хто з’ехаў, але не паведаміў пра гэта клапатлівай дзяржаве, колькасць грамадзян даходзіць да знакавай адзнакі 9 млн і працягне рух уніз.

І, у адрозненне ад краін Балтыі, той жа Літвы, мы не пражывалі натуральных міграцыйных працэсаў. Там, па цалкам зразумелых прычынах, у пачатку 1990-х краіны пакінулі рускамоўныя таварышы, якія прыехалі на берагі Балтыйскага мора ў часы акупацыі, потым, у 2011 годзе жыхарам балтыйскіх рэспублік адкрыўся рынак працы Еўразвязу і частка грамадзян (часам да 10%) вырашыла паспрабаваць шчасця дзе-небудзь у Скандынавіі ці Нямеччыне.

Беларусь такіх працэсаў не пражывала, міграцыя ўсе гады (да 2020-га) была выключна станоўчая – да нас ехалі больш, чым з’язджалі. І, аднак, ва ўмовах адсутнасці чумы, вайны і іншых пошасцяў – мінус мільён з хвосцікам. Спецыялісты спасылаюцца ў тым ліку на пасляваенныя дэмаграфічныя хвалі, якія сапраўды коцяцца пакаленне за пакаленнем, але гэта толькі частка праўды.

Hавiны
Нараджальнасць у Беларусі штогод падае на 10 %. Сёлета будзе гэтак жа
2023.10.03 10:07

Сёння Беларусь па колькасці дзяцей на адну жанчыну займае 182 месца ў свеце з паказчыкам 1,38. Літва – 1,48, Латвія – 1,55, Эстонія – 1,58. Адпаведна – 166-е, 158-е і 148-е месцы. Хіба гэтыя краіны не пражылі ўсё тыя ж дэмаграфічныя працэсы? Больш за тое, хіба з іх (калі верыць дзяржпрапагандзе) не з’ехалі самыя маладыя і перспектыўныя? У Літве і Эстоніі ў апошнія гады колькасць насельніцтва расце. Гэтыя дадзеныя за 2020 год, больш свежых лічбаў няма, але, я ўпэўнены, зазірнуўшы ў іх, мы ўбачым толькі пагаршэнне сітуацыі, суцэльную дэмаграфічную катастрофу. Толькі паводле афіцыйных звестак за тры гады (2020-2023) краіна страціла 210 тысяч чалавек.

Качанава лічыць, што Беларусь – гэта «цудоўная, суверэнная, незалежная дзяржава», а таксама «прыгожая, дагледжаная, добраўпарадкаваная краіна». І што жанчынам перашкаджаюць больш нараджаць, як выказала здагадку кіраўніца праўладнага саюзу жанчын, «сыход моладзі ў віртуальную рэальнасць», «негатыўны ўплыў заходняй культуры і заходніх каштоўнасцяў», і жаданне маладых людзей забяспечыць уласны матэрыяльны дабрабыт перш чым заводзіць сям’ю.

Дзіўна ўсё ж такі: заходняя культура і заходнія каштоўнасці разам з віртуальнай рэальнасцю і нездаровымі матэрыяльнымі імкненнямі не перашкаджаюць нараджаць у цалкам заходніх ужо краінах Балтыі, а беларускам, якія шчытом прапаганды агароджаныя ад уплыву «ўсяго гэтага» – перашкаджаюць… Парадокс.

У мяне ёсць прапанова да гэтых дамаў у высокіх крэслах, якія гэтак узмоцнена намагаюцца не заўважаць рэальнасць: каб знайсці адказы на так хвалюючыя іх пытанні, ім варта зазірнуць у статыстыку нараджальнасці ў СССР падчас Другой сусветнай вайны. Лічбы гэтыя выглядаюць так: 1941-ы год (з улікам дзевяцімесячнай цяжарнасці пачатак вайны не мог паўплываць на вынік) – 17,53 нараджэнняў на 1000 насельніцтва, 1942-й – 11,99, 1943 – 8,6.

Жанчыны – таксама людзі. Нармальныя, не каровы-цялушкі і не свінаматкі. І паводзяць сябе цалкам лагічна. Нараджаць яны хочуць тады, калі адчуваюць упэўненасць ва ўласнай (і дзіцяці) будучыні, калі ім нішто не пагражае. І матэрыяльным дастаткам справа тут не абмяжоўваецца.

Я б прапанаваў Наталлі набор захадаў, якія могуць дапамагчы вырашыць пытанне, якое гэтак яе хвалюе. Вядома, пасля таго як яна паходзіць па школах разам з абразамі праваслаўных Фяўроній і зразумее, што гэта не дапамагае.

  1. Спыніць удзел Беларусі ў вайне. Так-так-так. Трэба перастаць сябраваць з Пуціным, падтрымліваць яго ў агрэсіі супраць Украіны – гэта стварае пагрозу;
  2. Выпусціць палітвязняў. У нас у цэлым з праваахоўнай сістэмай бяда, але пасадкі за каментары ў сацсетках не ствараюць абстаноўку даверу да любых рашэнняў дзяржаве;
  3. Перастаць напампоўваць інфармацыйную прастору нянавісцю да іншых нацыянальнасцяў і краін. Прапаганда ў рэжыме абложанай крэпасці добра ўплывае на кансалідацыю грамадства супраць агульнага ворага, але яна ж дае сігнал– небяспека побач, нараджаць не варта;
  4. Канечне, эканоміка. З ёй трэба нешта рабіць, хоць гэта апошні з пунктаў па ступені важнасці. 10 гадоў стагнацыі стварылі зусім дэпрэсіўны настрой у тых, хто ўмее супастаўляць лічбы ў разліковым лістку і кошты ў крамах.

Вось такі немудрагелісты план. Магу паручыцца – ён дакладна дапаможа. З часам, вядома. Але ёсць і яшчэ адна акалічнасць «над». Калі Наталля Качанава штурхае такія прамовы аб неабходнасці жанчынам нараджаць, яна ж не пра жанчын думае, і нават не пра іх дзяцей. Не пра чалавечае, сямейнае шчасце. І жанчыны гэта ведаюць.

Яна думае пра тое, як вырашыць цалкам эканамічную праблему – недахоп працоўных рэсурсаў, тых самых працоўных рук. З 9,2 млн толькі 4,2 млн занятыя ў эканоміцы, астатнія дададзеную вартасць не ствараюць, і, з улікам дапатопнага тэхналагічнага ўзроўню прадпрыемстваў, нам сапраўды трэба больш людзей у працаздольным узросце.

Пра праблему было вядома даўно, яшчэ да ўсіх кавідаў, выбараў і войнаў. Але вось такая ўласцівасць свядомасці чыноўніка-дачасніка –брацца за справу толькі калі смажаны певень ўжо стаміўся дзяўбці ў розныя «філейныя часткі».

Праблема сама не вырашыцца і не рассмокчацца, далей будзе толькі горш. Адзіны перспектыўны шлях – адмовіцца ад самой мадэлі адносінаў, калі дзяржаве нешта трэба ад сваіх грамадзянаў. Яна і так існуе толькі ў тэлевізары і галовах не самых кемлівых з беларускіх чыноўнікаў, так што гэта было б нескладана. Адмовіцца ад гэтага міфа, і перайсці да нармальных адносінаў, у якіх дзяржава – слуга народа, якая абслугоўвае яго элемент.

Праўда, на шляху такога пераўтварэння Беларусі ў нармальную краіну стаіць адна адзіная перашкода – Лукашэнка. У такой краіне яму месца няма. А значыць – будуць хадзіць з Фяўроннямі.

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў