Еўразвяз пашырыў санкцыі супраць Беларусі


Еўразвяз увёў новы пакет санкцыяў супраць афіцыйнага Менску, паведаміла Еўрапейская камісія 3 жніўня. Абмежаванні абумоўленыя ваенным уварваннем Расеі ва Украіну, а таксама ўдзелам Беларусі ў агрэсіі. Пад забаронай аказаліся экспарт у Беларусь агнястрэльнай зброі і тэхналогіяў для авіяцыйнай прамысловасці.

Беларускія вайскоўцы. Вучэнні. Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: modmilby / Telegram

На старонцы Еўракамісіі паведамляецца, што новыя захады дапамогуць наладзіць больш цеснае ўзгадненне санкцыяў ЕЗ супраць Расеі і Беларусі і змогуць забяспечыць, каб расейскія санкцыі нельга было абысці праз Беларусь.

«Гэтыя захады пашыраюць забарону на экспарт у Беларусь шэрагу тавараў і тэхналогіяў асаблівай важнасці, якія спрыяюць вайскова-тэхналагічнаму развіццю Беларусі. Рада таксама ўводзіць дадатковую забарону на экспарт агнястрэльнай зброі і боепрыпасаў, а таксама тавараў і тэхналогіяў, прыдатных для выкарыстання ў авіяцыі і касмічнай прамысловасці. Змены таксама ўзгадняюць санкцыі Беларусі з рэжымам санкцыяў супраць Расеі», – гаворыцца ў паведамленні.

Таксама сказана, што гэтыя санкцыі паскараюцца з улікам тэрміновасці, звязанай з «барацьбой з абыходам адносна некаторых тавараў і тэхналогіяў асаблівай важнасці».

У афіцыйным часопісе Еўразвязу пералік уведзеных санкцыяў пакуль не з’явіўся.

Hавiны
Польшча назвала Беларусь самай вялікай шчылінай у санкцыйным рэжыме супраць Расеі
2023.05.13 10:24

Нагадаем: 11-ы пакет эканамічных і індывідуальных санкцыяў супраць Беларусі і Расеі ЕЗ прыняў 23 чэрвеня. Яны былі накіраваныя на ўзмацненне ўжо існых санкцыяў і на барацьбу з іх абыходам, «каб яшчэ больш падарваць ваенную машыну Пуціна і ягоныя даходы». Тады пад санкцыі Еўразвязу таксама трапілі кіраўнікі Беларускай чыгункі і Дзяржкамітэту вайсковай прамысловасці.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў