Польшча назвала Беларусь самай вялікай шчылінай у санкцыйным рэжыме супраць Расеі


Амбасадар Польшчы ў ЕЗ Анджэй Садась заявіў, што Беларусь – «самая вялікая шчыліна ў санкцыйным рэжыме» супраць Расеі, перадае агенцтва PAP. Менавіта таму, паводле дыпламата, патрэбныя новыя рэстрыкцыі ў дачыненні афіцыйнага Менску. Асноўная мэта адзінаццатага пакета санкцыяў, што цяпер абмяркоўваецца, – акурат «герметызацыя і ліквідацыя шчылінаў».

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: logist.today

Чарговы пакет санкцыяў супраць Расеі за вайну ва Украіне мусіць зліквідаваць магчымасць абыходу Масквой раней ухваленых абмежаванняў. Пры гэтым Беларусь – «самая вялікая шчыліна ў санкцыйным рэжыме», сказаў журналістам у Бруселі амбасадар Польшчы ў ЕЗ Анджэй Садась.

«Менавіта таму Польшча падкрэслівае неабходнасць улучэння Беларусі ў гэты пакет», – патлумачыў дыпламат.

Ён паведаміў, што Варшава паўтарыла патрабаванне ўхваліць санкцыі супраць расейскай ядравай галіны і алмазаў. Таксама Польшча прасоўвае абмежаванні ў дачыненні транспартных кампаніяў і харчоў з Расеі.

«У цяперашняй сітуацыі мы не бачым апраўданняў для працягу імпарту расейскай аграхарчовай прадукцыі», – сказаў польскі амбасадар.

Hавiны
Еўразвяз можа ўвесці санкцыі супраць кітайскіх кампаніяў, што дапамагаюць Расеі
2023.05.08 12:20

Анджэй Садась таксама распавёў, што на абмеркаванні новых санкцыяў Польшча звярнула ўвагу на «мінімальна тры лагеры ў Беларусі, куды прымусова змяшчаюць украінскіх дзяцей, у асноўным сіротаў».

«Паводле справаздачы незалежных арганізацыяў, гаворка ідзе мінімум пра 2 тысячы ўкраінскіх дзяцей, незаконна дэпартаваных з акупаванай тэрыторыі», – цытуе дыпламата агенцтва PAP.

Садась выказаў спадзеў, што адзінаццаты пакет санкцыяў ЕЗ у звязку з вайной ва Украіне будзе ўхвалены на наступным тыдні.

Hавiны
Наўседа: Санкцыі ЕЗ павінны распаўсюджвацца і на Беларусь, без выключэнняў
2023.05.10 22:10

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў