Еўрапейская народная партыя: Бацькам Ціманоўскай пагражаюць, гэта злачынства, якое вымагае адказу


З заявай пра беларускую атлетку выступіў лідар найбуйнейшай партыі Еўразвязу, рэпрэзентаванай ва ўсіх структурах альянсу.

Лёгкаатлетка Крысціна Ціманоўская ў аэрапорце Токіа, 1 жніўня 2021 г.
Фота: ISSEI KATO / Reuters / Forum

Генеральны сакратар Еўрапейскай народнай партыі Антоньё Лопэс-Істурыс Ўайт 3 жніўня апублікаваў у Twitter наступную заяву адносна сітуацыі вакол Крысціны Ціманоўскай:

«Беларускі рэжым цісне на беларускую атлетку Алімпіяды ў Токіа Крысціну Ціманоўскую, пагражаючы ейным бацькам. Пагрозы беларусцы, якую пераследуе рэжым, не мусяць мець месца. Гэтае злачынства супраць Алімпіяды вымагае неадкладнага міжнароднага адказу».

Абноўлена: Бацькі Ціманоўскай у размове з «Еўрарадыё» сказалі, што іх сям’ёй сілавікі не цікавіліся наўпрост.

Hавiны
Міжнародны алімпійскі камітэт распачаў расследаванне спробы прымусовага вывазу атлеткі Ціманоўскай
2021.08.03 10:51

Крысціна Ціманоўская мелася выступіць на Алімпіядзе 2 жніўня ў папярэднім забегу на дыстанцыі 200 метраў, аднак НАК Беларусі адхіліў яе ад удзелу ў Алімпіядзе і прыняў рашэнне адправіць Ціманоўскую дадому ў сувязі «з яе эмацыйна-псіхалагічным станам». Спартовы арбітражны суд адмовіўся скасаваць адхіленне атлеткі ад гульняў.

1 жніўня Ціманоўская ў такійскім аэрапорце звярнулася ў паліцыю і запісала відэа, у якім прасіла дапамогі, бо казала, што на яе ціснуць і спрабуюць вывезці без ейнай згоды. Паліцыя суправадзіла дзяўчыну ў гатэль, на наступны дзень Польшча дала ёй гуманітарную візу.

Да таго Ціманоўская апублікавала відэа, у якім расказвала, што яе, не спытаўшы, выставілі на спаборніцтвы, да якіх яна не рыхтавалася: на эстафету «4 па 400». Яна раскрытыкавала спартовых чыноўнікаў Беларусі за тое, што лёгкаатлетак, якія мусілі бегчы гэтую эстафету, не дапусцілі да Алімпіяды праз недастатковую колькасць допінг-пробаў. Чыноўнікі пагражалі ёй за гэтае відэа.

Hавiны
«Гучыць як галівудскі трылер». Што пішуць замежныя медыі пра Ціманоўскую?
2021.08.02 20:49

АА belsat.eu

Стужка навінаў