У Гомлі арыштавалі былога міліцыянта: ён зліваў у сеціва асабістыя звесткі сілавікоў


У Гомлі быў затрыманы 30-гадовы Уладзімір Кашко, які перадаў асабістыя звесткі больш як 20 міліцыянтаў пратэставым тэлеграм-каналам. Пра гэта паведамляецца ў прэс-рэлізе УУС Гомельскага аблвыканкаму.

Паводле УУС, увосень 2020 года ў пратэставых тэлеграм-каналах пачалі размяшчаць персанальныя звесткі пра гомельскіх міліцыянтаў. «Было відавочна, што звесткі злівае чалавек, які не па чутках ведае міліцэйскую дзейнасць, хутчэй за ўсё, нехта з былых. Але кола магчымых падазраваных было настолькі шырокае, што спатрэбіліся месяцы карпатлівай аператыўнай працы ва ўзаемадзеянні з калегамі з Галоўнага ўпраўлення барацьбы з арганізаванаю злачыннасцю і карупцыяй, каб знайсці здрадніка», – адзначаюць у прэс-рэлізе.

Пачалі крымінальную справу за распаўсюд звестак аб прыватным жыцці міліцыянтаў. У траўні пры сілавым падтрыманні АМАПу быў затрыманы 30-гадовы Уладзімір Кашко. Паводле прэс-рэлізу, у свой час Кашко тры месяцы прапрацаваў у Дэпартаменце аховы МУС і яшчэ чатыры гады – у патрульна-паставой службе. Яго звольнілі нібыта за ўчынак, «несумяшчальны з далейшым праходжаннем службы». З канца 2019 года мужчына нідзе не працаваў, сцвярджаюць ва УУС.

Кашко зліў у пратэставыя тэлеграм-каналы асабістыя звесткі пра больш як 20 былых калегаў.

«У перапісцы з адміністратарамі каналаў ён абмяркоўваў не толькі публікацыю звестак, але і магчымасць уцячы з краіны», – сцвярджаюць у міліцыі.

Цяпер пацярпелымі ў крымінальнай справе праходзяць 12 міліцыянтаў. Яны ўжо заявілі матэрыяльныя пазовы на агульную суму амаль 25 тысячаў рублёў.

Ужо традыцыйна міліцыя апублікавала відэа, дзе затрыманы выбачаецца на камеру, застаючыся пры гэтым за кратамі. «Няхай мая гісторыя паслужыць прыкладам дзейным супрацоўнікам міліцыі», – таксама кажа ён.

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў