Вынесеныя прысуды ў справе «Nexta»: Пратасевіч – 8 гадоў, Рудзік – 19, Пуціла – 20


У Менску  вынеслі прысуды чальцам рэдакцыі тэлеграм-каналу «Nexta». Пратасевіч атрымаў 8 гадоў, Рудзік і Пуціла адпаведна 19 і 20. Пра гэта паведамляе БелТА. 

Раман Пратасевіч на судзе. 3 траўня 2023, Менск.
Фота: belta.by

3 траўня ў Менскім абласным судзе прагучалі прысуды ў справе чальцоў рэдакцыі звышпапулярнага падчас пратэстаў 2020 года тэлеграм-каналу «Nexta» Рамана Пратасевіча, Яна Рудзіка і Сцяпана Пуцілы. Іх абвінавацілі ў змове з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам.

Паводле абвінавачання, фігуранты справы ў розны час з 2020 года, будучыы пераважна ў Польшчы, «выконваючы агульны план змовы з мэтай захопу дзяржаўнай улады ў Беларусі неканстытуцыйным шляхам, рэалізуючы ролі і задачы ўстойлівай групы, якую яны ўзначальваюць, публікавалі ў сетках каналаў «Nexta» і «Беларусь галаўнога мозгу» інфармацыйныя матэрыялы, якія маюць дэструктыўныя мэты. Акрамя таго, абвінавачаныя заклікалі пратэстава настроеных грамадзянаў здзяйсняць акты тэрарызму».

У выніку чальцы рэдакцыі прызнаныя вінаватымі ў «публічных закліках да захопу дзяржаўнай улады, актаў тэрарызму, абразе прэзідэнта, распаўсюджванні заведама ілжывых звестак аб Беларусі і іншых злачынствах». Пратасевіч атрымаў 8 гадоў, Рудзік і Пуціла – адпаведна 19 і 20.

Раман Пратасевіч на судзе. 3 траўня 2023, Менск.
Фота: belta.by

Суд над Сцяпанам Пуцілам і Янам Рудзікам праходзіў завочна, Раман Пратасевіч быў у зале на лаўцы, не ў клетцы. Пазней стала вядома, што Пратасевіча не ўзялі пад варту ў зале суда, і пасля агалошвання прысуду суд пакінуў яму ранейшую меру стрымання — хатні арышт. Паводле звестак праваабаронцаў, пазоў аб пакрыцці маёмаснай шкоды на агульную суму больш за Br 30 млн разгледзяць у парадку грамадзянскай судовай вытворчасці.

Раней паведамлялася, што пракурорка запатрабавала даць Пратасевічу 10 гадоў пазбаўлення волі, а Рудзіку і Пуцілу завочныя 19 і 20 гадоў зняволення. Раней дзяржаўныя медыі паведамлялі, што Пратасевіч часткова прызнаў новае абвінавачанне.

Раман Пратасевіч быў затрыманы 23 траўня 2021 года ў выніку захопу ўладамі Беларусі пасажырскага самалёта кампаніі «Ryanair». Разам з ім затрымалі студэнтку ЕГУ Соф’ю Сапегу, якая адбывае цяпер 6-гадовы тэрмін у калоніі. Па затрыманні Пратасевіча трымалі ў СІЗА КДБ. Потым ён зʼявіўся ў эфіры праграмы «Маркаў. Нічога асабістага» на АНТ са слядамі кайданкоў на руках. У чэрвені 2021 года яго перавялі пад хатні арышт. Ён даваў інтэрвʼю прапагандысцкім СМІ і зняўся ў фільме «Одно уголовное дело», у якім дзяліўся падрабязнасцямі сваёй працы з «Nexta» ў 2020 годзе. Софʼю Сапегу асудзілі да 6 гадоў і плануюць экстрадаваць у Расею.

Праваабарончая супольнасць прызнала Пратасевіча палітычным зняволеным. Статус не скасоўвалі, нягледзячы на заявы ўладаў аб пераводзе пад хатні арышт і вызваленне з-пад яго, а таксама нягледзячы на «пакаянныя» заявы зняволенага.

Мірон Маліна belsat.eu

Стужка навінаў