Чаго полк Каліноўскага і ўлады Беларусі чакаюць ад украінскага контрнаступу. Расказвае Кабанчук


З зімы ідуць размовы пра будучы ўкраінскі контрнаступ. Выглядае, што ён можа набліжацца: у Расеі ўсё часцей штосьці выбухае, ды і Лукашэнка разам з КДБ непакояцца. Чаго чакаць, у «Студыі «Белсату» расказаў намеснік камандзіра палка Каліноўскага – падраздзялення беларусаў, якія ваююць за Украіну.

Пасля восеньскага контрнаступу ў Харкаўскай і Херсонскай вобласцях мапа фронту вайны ва Украіне амаль не мянялася. Але неўзабаве можа істотна змяніцца. Намеснік камандзіра палка імя Кастуся Каліноўскага Вадзім Кабанчук расказвае, што ў палка на тле чакання ўкраінскага контрнаступу «настрой баявы»:

«Большасць палка прымае ўдзел, нават у гэтую хвіліну, у баявых дзеяннях. Нашым асабліва ні да чаго не трэба рыхтавацца, у нас пастаянная баявая гатовасць».

Аляксандр Лукашэнка 2 траўня праводзіў раптоўную нараду з сілавікамі – магчыма, у сувязі з падрывам беларускага цягніка на Браншчыне. Камітэт дзяржаўнай бяспекі паабяцаў яму, што зробіць больш жорсткім контрвыведны рэжым у Беларусі, спрагназаваў абвастрэнне сітуацыі на межах краіны і анансаваў бліжэйшым часам публікацыю нейкіх новых фактаў затрыманняў.

Каментар
«Дзейнічаць значна больш рашуча». Шчыгельскі сказаў, ад каго залежыць вызваленне Беларусі
2023.05.01 23:29

На думку Кабанчука, Лукашэнка і КДБ адчуваюць, што гэта «апошні год абодвух дыктатараў»: як Лукашэнкі, так і Уладзіміра Пуціна. Намеснік камандзіра каліноўцаў перакананы, што ўкраінскі наступ будзе паспяховым і запусціць «зваротны адлік існавання гэтых дыктатараў».

Што да самога цягніка, Кабанчук лічыць, што партызаны, якія ўчынілі выбух на чыгунцы, не палявалі на менавіта беларускі цеплавоз, а проста хацелі парушыць сістэму лагістыкі. Так склалася, што ў Бранск на той момант ехаў цягнік Беларускай чыгункі.

Адносна словаў старшыні КДБ Івана Церцеля пра «абвастрэнне сітуацыі» і магчымую засылку дыверсантаў, Кабанчук скептычны:

«Я мяркую, што гэта такая дымавая завеса ўласных дзеянняў, якія яны плануюць разам з расейцамі, бо падзеі будуць разгортвацца вакол украінскага наступу, вакол Украіны. І, безумоўна, адзін са сцэнароў дзеля адцягвання ўвагі, зрыву наступу ці пераразання лагістыкі ўкраінскай, гэта менавіта сцэнар развіцця падзеяў з боку Беларусі: нанясенне ўдару па заходніх лагістычных шляхах – зразумела, што гэты ўдар можна нанесці толькі з боку Беларусі».

Аналітыка
У рэжыме чакання. Што вядома пра будучы контрнаступ ЗСУ
2023.05.02 10:00

Ён скептычна ставіцца і да каментароў, што Лукашэнка спадзяецца на нейкія кулуарныя перамовы, таемна сустракаецца з некім у Віскулях ці яшчэ недзе. Пуцін, кажа Кабанчук, уклаў у Лукашэнку сотні мільярдаў долараў, і калі будзе трэба, проста ўключыць сістэму Лукашэнкі ў свой ваенны план, а тое і ўжо працуе паводле агульнага плану.

«Пуцін ніколі не дасць Лукашэнку саскочыць з гэтага «Тытаніку», – лічыць Кабанчук.

Полк Каліноўскага, кажа ён, ведае пра падрыхтоўку эскалацыі з беларускага боку, але не можа гэтых звестак агучыць. На думку Кабанука, дзеля новага ўзроўню эскалацыі спатрэбіцца нейкая правакацыя, – не выключана, што сілавікі з Беларусі могуць надзець форму Збройных сілаў Украіны і «нешта нарабіць» на мяжы ці з энергетычным аб’ектам.

У Беларусі цяпер не відаць фармавання ўдарнай групоўкі, але з тэрыторыі Беларусі могуць аднавіць ракетныя ўдары па Украіне, заўважае Кабанчук. Планы пішуць у Расеі, а Пуцін не збіраецца прайграваць: як Лукашэнка казаў, што «гатовы пакласціся пад танкі NATO», так можа і здарыцца.

Цяперашнія рэпрэсіі ў Беларусі Кабанчук называе «зачысткай стратэгічнага раёну ваенных дзеянняў»: рэжым Лукашэнкі не ўпэўнены ў сваім тыле, і не толькі ў насельніцтве, а і ў сілавых структурах. Праз гэта, лічыць ён, і пачынаюцца хаатычныя дзеянні з «народным апалчэннем» і «тэрабаронай», куды склікаюць «пузатых мужыкоў за сорак», а маладых зваць баяцца – і, рэзюмуе Кабанчук, баяцца даць народу зброю ў рукі.

Каментар
Ці час панікаваць беларускім прызыўнікам, як раяць расейскім?
2023.04.19 15:26

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў