Дэвальвацыйныя вынікі года. Рубель патаннеў да долара на 16%, а да еўра – на 21%


Да кошыку валютаў – долара, юаня, расейскага рубля – беларускі рубель дэвальваваўся за год на 1,22%, падлічыў Нацбанк. Пры гэтым да асобных валютаў наш рубель патаннеў значна болей: на 21% – да еўра, на 16% – да долара і на 15% да юаня.

Курсы абмену валюты на табло побач з аддзяленнем аднаго з банкаў у Верхнім горадзе. Менск, Беларусь.
Фота: Белсат

Кошык валютаў складаецца з расейскага рубля, долара і кітайскага юаня ў прапорцыях 60%, 30% і 10% адпаведна. За 2023 год беларускі рубель умацаваўся да расейскага на 7,5%, але патаннеў да долара на 16,1%, а да юаня – на 15%. І з увагі на прапорцыі валютаў наш рубель дэвальваваўся да кошыка толькі на 1,22%. Што тычыцца еўра, выкрасленага з кошыку ў пазалеташнім снежні, то рубель дэвальваваўся да яго на 21,4%.

Самы высокі курс долара летась быў 9 кастрычніка: 3,3605 рубля, еўра паставіў рэкорд 15 жніўня: 3,5753 рубля.

На першых гандляваннях 3 стузеня 2024 года на Беларускай валютна-фондавай біржы, долар падаражэў на 0,49% да 3,1932 рубля, расейскі рубель патаннеў на 0,11% да 3,4954 рубля (за 100 рублёў), юань падаражэў на 0,12% да 4,4468 рубля (за 10 юаняў).

Раней старэйшы навуковы працаўнік даследчага цэнтру BEROC Дзмітрый Крук у размове з «Белсатам» канстатаваў, што курс валютаў у Беларусі амаль цалкам залежыць ад расейскага рубля:

«Расейскі рубель для нас можна ўявіць як нейкі карабель, якім мы рухаемся. Вось карабель рухаецца, і мы рухаемся. Але мы самі яшчэ можам рухацца ў межах гэтага карабля. Галоўны чыннік у нашым выпадку – рух расейскага рубля-карабля. На жаль, мы да гэтага рубля прымацаваныя».

Валюта суседняй краіны летась прадэманстравала не найлепшую форму і, паводле курсаў Цэнтрабанку, патаннела да долара на 27,6%, да еўра – на 31,1%, да юаня – на 27%.

Прагназаваць, што будзе з расейскім рублём (і, адпаведна, беларускім), амаль немагчыма.

«Мы паставілі сябе ў такія ўмовы, якія не ад нас залежаць. Ступень нявызначанасці што ў адзін, што ў другі бок – істотная. Расейскі рубель можа як істотна ўзмацніцца, гэтак і істотна абрынуцца. Нявызначанасць проста гіганцкая, і яна цалкам пераносіцца на беларускі рубель», – адзначаў эканаміст.

Паводле прагнозаў Еўразійскага банку развіцця, сёлета долар будзе каштаваць у Беларусі ў сярэднім 3,01 рубля, а налета – 3,25 рубля. У лістападзе 2022 года ЕАБР лічыў, што сярэдні курс амерыканскай валюты ў 2023 годзе ў нашай краіне будзе 2,75 рубля, а насамрэч быў 2,96 рубля.

Даследчы цэнтр BEROC прагназуе, што, паводле базавага сцэнара, долар сёлета будзе каштаваць у сярэднім 3,44 рубля. На 2023 год чакаўся курс у 3,74 рубля.

Аналітыка
«Хісткі картачны дамок». Якую эканоміку пабудавалі ў Беларусі і ці пашчасціць налета?
2023.12.26 07:20

Сцяпан Кубік belsat.eu

Стужка навінаў