Грамадзянская вайна і мільён уцекачоў. Прагноз «Foreign Policy» для Беларусі на 2024 год


У 2024 годзе нашу краіну можа чакаць спроба расейскай анексіі, што выльецца ў грамадзянскую вайну і ўцёкі больш як мільёна жыхароў на Захад. Такі магчымы прагноз на гэты год апублікавала амерыканскае выданне «Foreign Policy».

Новый мост на Немиге в Минске
Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

Прагноз адносна Беларусі выйшаў у артыкуле пад назваю «8 наспелых пагрозаў, якія нельга ігнараваць у 2024 годзе».

«Гэты спіс не прызначаны для прагназавання; гэта, хутчэй, папярэджанне аглядальнікаў і аўтараў FP аб тым, што існуе шэраг гарачых кропак – ад Абхазіі да Эсэкібы, – якія заслугоўваюць большай увагі, чым яны атрымалі з боку назіральнікаў за міжнароднымі канфліктамі і геапалітычнаю рызыкаю», – піша Саша Палякоў-Суранскі, намеснік рэдактара «Foreign Policy».

Сярод іншага, эксперты выдання не выключаюць, што Расея сёлета можа пашкодзіць у водах Ірландыі кабелі, што злучаюць Еўропу і ЗША, зрабіцца пагрозаю краінам NATO ў Арктыцы ды, перавёўшы свой Чарнаморскі флот з Крыму ў Абхазію, стварыць небяспеку для Грузіі.

Агляд
Дзе бабахне ў 2024 годзе? Глядзім, у якіх краінах магчымыя новыя войны
2024.01.03 08:00

На дадатак, на думку аналітыкаў, усё ж можа разгарэцца тэрытарыяльны канфлікт паміж Венесуэлай і Гаянай. Грамадзянскі канфлікт у М’янме можа зачапіць суседнія Індыю і Кітай, а «Талібан» можа стварыць рэальную пагрозу «палітычна нестабільнаму, эканамічна знясіленаму, расцягнутаму ў вайсковым плане, маральна безгрунтоўнаму» Пакістану. Чарговы пераварот у Афрыцы можа адбыцца ў Камеруне.

Апакаліпсіс для Беларусі

Асобны раздзел з назваю «Крах Беларусі» ў матэрыяле прысвечаны нашай краіне. Яго аўтар – Джон Дэні (John R. Deni), прафесар Інстытуту стратэгічных даследаванняў ваеннага каледжу арміі ЗША.

Ён адзначае, што, нягледзячы на «мяккую анексію» з боку Расеі, Беларусь дагэтуль не ператварылася «ў поўную марыянетку» і не паслала сваіх войскаў на вайну супраць Украіны. Аднак, мяркуе Дэні, Крэмль, «сутыкнуўшыся з кадравымі праблемамі», можа запатрабаваць ад Менску большага ўдзелу ў вайне і, калі Аляксандр Лукашэнка выступіць супраць гэтага, «можа, нарэшце, стаміцца ад яго, выцесніўшы яго і паставіўшы на пасаду яшчэ больш згодлівага лідара».

На думку прафесара, з прычыны моцнага расколу ў грамадстве гэта можа спрычыніцца да ўзброенага грамадзянскага канфлікту ў Беларусі паміж прыхільнікамі «крамлёўскага прызначэнца» і тымі, хто захоча захаваць лукашэнкаўскі рэжым. Пры гэтым сам Лукашэнка можа нават паспрабаваць уцячы на Захад, каб не паўтарыць лёс Яўгенія Прыгожына.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

«Лідарка беларускай апазіцыі Святлана Ціханоўская, выгнаная ў суседнюю Літву, можа паспрабаваць вярнуцца і згуртаваць антырасейскія і антылукашэнкаўскія сілы. У любым выпадку, расейскія вайскоўцы і службы бяспекі, хутчэй за ўсё, будуць у гэтым удзельнічаць», – піша даследнік.

Паводле яго, таксама варта чакаць масавай плыні беларускіх уцекачоў у Польшчу, Літву і Латвію – каля 1,3 мільёна асобаў.

«Як і ў выпадку з Украінаю, ЗША і іх саюзнікі сутыкнуцца з пытаннем, як рэагаваць – адкрыта ўзбройваць і падтрымліваць паслядоўнікаў Ціханоўскай ці нейкую іншую фракцыю? Праводзіць таемныя аперацыі, накіраваныя на тое, каб стрымаць разлад і вывесці Пуціна з раўнавагі? Цалкам застацца ўбаку, улічваючы прысутнасць расейскіх узброеных сілаў?» – адзначае Дэні.

Што не так з прагнозам?

Гісторык, палітычны аглядальнік Аляксандр Фрыдман у каментары «Белсату» адзначыў, што «Foreign Policy» мае складаную рэпутацыю, але гэтае выданне ўсё ж чытаецца на Захадзе. Таму любую публікацыю пра сітуацыю ў Беларусі ў такіх выданнях можна ацэньваць станоўча. Тым больш, што іх апошнім часам робіцца ўсё менш.

Аднак сам аналіз Фрыдман ацэньвае як памылковы, бо, на ягоную думку, галоўны пасыл, на якім ён будуецца, не адпавядае рэчаіснасці. У прыватнасці, аглядальнік не згодны з тэзісам аўтара, што гэта заслуга Лукашэнкі, што беларуская армія не ўцягнутая ў вайну і баявыя дзеянні не перакінуліся на Беларусь, «што Лукашэнка супраціўляўся, што ён не дазволіў гэта зрабіць». Суразмоўца адзначыў, што Беларусь ужо ўцягнутая ў вайну і Расея робіць з нашаю краінаю «ўсё тое, што ім трэба».

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Sergei Supinsky / AFP / East News

«Лукашэнка, вядома, супраць таго, каб беларуская армія ўдзельнічала ў вайне. Ён, безумоўна, не жадае, каб баявыя дзеянні ішлі на тэрыторыі Беларусі. Вядома, ён не хоча, каб умоўны Мазыр стаўся беларускім Белгарадам, а Брагін ператварыўся ў беларускае Шабекіна. Але ягоныя магчымасці гэта перадухіліць абмежаваныя. Беларускіх войскаў няма ва Украіне і баявых дзеянняў няма ў Беларусі не таму, што ёсць такі Лукашэнка, які супрацьстаіць. Гэта менавіта той вобраз, які прадае лукашэнкаўская прапаганда на Захадзе. Гэтага не адбываецца толькі таму, што Расеі гэтага не трэба», – падкрэсліў аналітык.

На ягоную думку, з Лукашэнкам Расея можа зрабіць усё, што пажадае, як бы ён ні супраціўляўся. Таму і змяняць яго для Крамля няма сэнсу.

«Лукашэнка выконвае ўсё, што расейцам трэба. Так, з ім часам складана. Але яны яго ведаюць, яму няма ўжо куды бегчы, і ён іх задавальняе», – дадаў Фрыдман.

Мяняць яго на кагосьці іншага, на думку суразмоўцы, занадта складана і рызыкоўна для Уладзіміра Пуціна.

Што датычыць стратэгіі Захаду на выпадак канфлікту на тэрыторыі Беларусі, то, на думку суразмоўцы, яе няма. Паводле Фрыдмана, заходнія краіны будуць рабіць усё, каб гэта перадухіліць. Сведчаннем гэтага ён лічыць і тое, што Украіна не падпускае беларускіх добраахвотнікаў да беларускай мяжы, дзе таксама стаяць украінскія войскі, а выкарыстоўвае іх на самых складаных участках фронту.

«Магчыма, Украіна вырашыла, што яны на мяжы непатрэбныя, бо ў іх з Лукашэнкам пэўны статус-кво. Магчыма, Украіна таксама ведае, што Захаду гэта не трэба», – кажа Фрыдман.

Паводле яго, удзел беларускага войска ў вайне і яе распаўсюд на тэрыторыю Беларусі, што мяжуе адразу з трыма краінамі Еўразвязу, будзе найгоршым сцэнаром для Захаду. Сённяшні статус-кво Беларусі, хай нават і з дыктатарам Лукашэнкам, Захад цалкам задавальняе. Таму ў выпадку нейкай нестабільнасці ў Беларусі Захад будзе спрабаваць патушыць яе, а не даваць зброю, якой не хапае нават для Украіны.

«Палітычнае падтрыманне, заклапочанасць – усё гэта будзе, але нейкага сур’ёзнага ўмяшання я не магу сабе ўявіць», – заключыў суразмоўца.

Агулам жа, на ягоную думку, разважанні Джона Дэні ў «Foreign Policy» паказваюць слабое разуменне аўтарам сітуацыі ў Беларусі.

«У гэтага чалавека няма ніякага ўяўлення пра лукашэнкаўскую наменклатуру. Ён не вельмі разумее, як працуе беларуская ўлада, і ступені залежнасці Лукашэнкі. І абсалютна не разумее беларускіх дэмакратычных сілаў і таго, у якім стане яны цяпер», – падкрэсліў Фрыдман.

Макар Мыш belsat.eu

Стужка навінаў