«Ламалі рукі, была прабітая спіна, прастрэленыя ногі». Жыхары Кіеўшчыны распавялі пра зверствы пад расейцамі


У красавіку гэтага года Збройным сілам Украіны ўдалося выбіць расейскіх захопнікаў з тэрыторыі Кіеўшчыны. Але і праз два месяцы на ўжо вызваленых землях адчуваюцца наступствы вайны. Здымачная група «Белсату» наведала сяло Сідаравічы ў Вышгарадскім раёне Кіеўскай вобласці, дзе мясцовыя жыхары і адміністрацыя распавялі пра жыццё пад расейцамі, а таксама пра сваю цяперашнюю сітуацыю.

Дзеці глядзяць у акно на паліцэйскіх, якія прыехалі з гуманітарнай дапамогай. Сяло Сідаравічы, Кіеўская вобласць, Украіна. 30 траўня 2022 года.
Фота: Алесь Усцінаў / Белсат

Расейскія войскі ў Сідаравічах прастаялі ад пачатку ўварвання ва Украіну – да першых дзён красавіка. Паволе супрацоўніцы Вышгарадскага раённага ўпраўлення паліцыі Наталлі Хаменкі, акупацыя далася мясцовым жыхарам досыць цяжка. Акрамя няспынных абстрэлаў, хапала марадзёрства і гвалту. На дадзены момант вядома пра аднаго забітага мясцовага жыхара, яшчэ адзін знік без вестак.

«Па дамах хадзілі, вельмі моцна марадзёрылі, забіралі ў мясцовых тэхніку, трактары, матацыклы, скутары, жывёлу забіралі, свінняў стралялі, кураў стралялі. З дамоў выносілі ўсе людскія нажыткі. Пакуль двух мужчынаў няма, аднаго апазналі, а другога так і не знайшлі».

Аднак і самой Наталлі Хаменцы, якая таксама жыве ў Сідаравічах, у акупацыю даводзілася нялёгка.

Наталля Хаменка, супрацоўніца Вышгародскага РУП. Яна разам з іншымі паліцыянтамі прыехала перадаваць гуманітарную дапамогу сем’ям з дзецьмі. Сяло Сідаравічы, Кіеўская вобласць, Украіна. 30 траўня 2022 года.
Фота: Алесь Усцінаў / Белсат

«Я родам з гэтага сяла, Сідаравічы, я была са сваім дзіцем і маці тут падчас акупацыі. Яны прыходзілі да мяне дадому, пыталіся, хто са мной жыве. Шукалі патроны, з якіх у іх страляюць».

Некаторым сем’ям у Сідаравічах не пашанцавала больш за астатніх: яны страцілі сваякоў, а таксама засталіся без дамоў. Цяпер гэтым людзям найперш патрэбная дапамога.

«У гэтым сяле тры дамы згарэлі цалкам. Там жылі малалетнія дзеці, таму ім у першую чаргу аказваецца дапамога – як харчовая, так і адзеннем. Бо сем’і і дзеці не маюць нічога. Часовы прытулак ім далі мясцовыя жыхары, але лета скончыцца, і тады пачнецца восень з дажджамі, зіма і холад, таму пэўны час трэба падтрымліваць гэтыя сем’і».

Адзін са знішчаных ад баявых дзеянняў дамоў мясцовых жыхароў. Сяло Сідаравічы, Кіеўская вобласць, Украіна. 30 траўня 2022 года.
Фота: Алесь Усцінаў / Белсат

Цяпер дапамогу пацярпелым сем’ям аказваюць валанцёры разам з супрацоўнікамі мясцовай паліцыі.

Самыя пацярпелыя жыхары Сідаравічаў распавялі журналістам пра тое, як аказаліся ў цяперашнім стане. Мясцовая жыхарка Анастасія расказала «Белсату», як расейцы забілі аднаго з ейных братоў. Паводле яе, яшчэ ў першыя дні акупацыі расейцы пачалі прыходзіць да іх дамоў. Спачатку яны проста правяралі дакументы і шукалі тых, хто мог перадаць іхныя каардынаты ўкраінскім войскам. А праз пару дзён захопнікі вярнуліся і пачалі дапытваць мясцовых.

«Спачатку хлопцаў раздзявалі і апытвалі, а потым нас, дзяўчат, па чарзе пачалі таксама раздзяваць па пояс і казаць, ці мы не снайперы, шукалі нейкі сіняк. Казалі павярнуцца, каб паглядзець, ці ёсць у нас сіняк».

Падчас такіх «аглядаў» хлопцаў увесь час трымалі на прыцэле і пагражалі іх расстраляць, калі дзяўчаты не дадуць патрэбнай інфармацыі.

Жыхарка вёскі Анастасія з сынам на руках. Сяло Сідаравічы, Кіеўская вобласць, Украіна. 30 траўня 2022 года.
Фота: Алесь Усцінаў / Белсат

«Мы пачалі плакаць і казаць, што нічога не ведаем. У канцы яны прапанавалі нам «пазабаўляцца», але мы з дзяўчатамі пачалі плакаць. Яны сказалі, што не будуць нас прымушаць, але калі прыйдуць іншыя, яны не будуць з намі так размаўляць. Тады нас адпусцілі».

Але ў адзін з чарговых візітаў расейцы забралі старэйшага брата Анастасіі – Яўгена. Толькі 27 сакавіка сям’я даведалася, што яго больш няма ў жывых. Мужчыну было ўсяго 25 гадоў.

Іншая мясцовая жыхарка Зоя Сініцкая распавяла, як расейцы забралі ды забілі ейнага мужа Віктара, з якім яна пражыла 27 гадоў разам.

Жанчына кажа, што першыя два дні вайны сям’я хавалася ўдома, але калі пачаліся вельмі частыя абстрэлы, Сініцкія перабраліся разам з дзецьмі ў мясцовую школу, дзе сядзелі ў склепе. Але і там яны не змаглі застацца надоўга, бо захварэла Зоіна ўнучка, і ім давялося вярнуцца дамоў.

Расейцы ў сваю чаргу першы час больш заставаліся ў суседніх з сялом лясах, але потым усё часцей пачалі заходзіць у населены пункт у пошуку мясцовых мужчынаў, якія, на іхную думку, выдавалі ўкраінскім войскам варожае месцазнаходжанне. У адзін з такіх заходаў расейцы забралі з дому 53-гадовага мужчыну.

«Яны ўбачылі, што дзеці моцна плачуць, таму сказалі мне завесці дзяцей у дом. Калі я вярнулася, мне сказалі, што майго мужа да вечара забіраюць у палон, ён будзе паказваць, дзе і хто, а таксама, як ім лепш дабрацца да Кіева. І як яго забралі, мы больш яго не бачылі».

Сям’я Сініцкіх выходзіць сустракаць паліцыянтаў Вышгародскага РУП, якія прыехалі з гуманітарнай дапамогай. Сяло Сідаравічы, Кіеўская вобласць, Украіна. 30 траўня 2022 года.
Фота: Алесь Усцінаў / Белсат

Пасля гэтага сям’ю эвакуявалі ў Польшчу, але надоўга Сініцкія там не затрымаліся, бо вырашылі вярнуцца дамоў. За гэты час Зоінага мужа паспелі пахаваць.

Як аказалася, цела мужчыны знайшлі на ўзбочыне, дзе побач ляжалі звязаныя яшчэ чатыры жывыя мужчыны. Акупанты звязалі іх і перад сваім адступленнем кінулі паміраць на трасе. На шчасце, астатнім мужчынам пашанцавала, бо іх яшчэ жывымі знайшлі мясцовыя. Забітага мужа Зоі Сініцкай давялося пахаваць там жа, але потым правялі экспертызу і перапахавалі яго ў іншым месцы.

«Яго прынеслі туды ўжо мёртвым: яму ламалі рукі, была прабітая спіна, прастрэленыя ногі, вельмі моцна катавалі яго, ад чаго ён, можа, і памёр», – распавядае пра зверствы расейцаў Зоя Сініцкая.

Цяпер сям’я з дзвюх дарослых жанчын і трох дзяцей ва ўзросце да 8 гадоў спрабуе вярнуцца да мірнага жыцця. Аднак пакуль Сініцкія нават не могуць аформіць дапамогу на дзяцей, бо памерлы Віктар быў грамадзянінам Расеі, хоць і пражыў большую частку жыцця ва Украіне, а таксама праз тое, што перад самай вайною мужчына згубіў свой пашпарт.

Алена Сініцкая з дачкой Каралінай на руках. Сяло Сідаравічы, Кіеўская вобласць, Украіна. 30 траўня 2022 года.
Фота: Алесь Усцінаў / Белсат

Расейскае ўварванне ва Украіну пачалося 24 лютага. Ужо ў першыя дні вайны расейскія войскі акупавалі асобныя раёны Кіеўшчыны, якія заставаліся пад іхным кантролем да 2 красавіка 2022 года. За гэтыя няпоўныя два месяцы былі амаль цалкам зруйнаваныя прысталічныя гарады Буча, Ірпінь, Бравары, а таксама іншыя паселішчы паўночна-ўсходняй часткі Кіеўшчыны. На пачатак траўня была пацверджаная гібель больш як 1200 мірных жыхароў вобласці, тысячы людзей засталіся без жытла або былі вымушаныя пакінуць свае дамы.

ВК belsat.eu

Стужка навінаў