news
Разбор
У Беларусь ідуць мільёны долараў ад Праграмы развіцця ААН. Ці на добрыя справы даюць гэтыя грошы?
Ці можна гэта спраўдзіць у аўтарытарнай і карумпаванай дзяржаве?
02.04.202407:26

Праз Праграму развіцця ААН у Беларусь уклалі каля 200 мільёнаў долараў. Плынь грошай не спыніла нават вайна ва Украіне. Фінансы ідуць быццам бы на добрыя справы – але ці можна гэта спраўдзіць у аўтарытарнай і карумпаванай дзяржаве? Падобна, у бальшыні выпадкаў можна, але наконт некаторых праектаў ёсць сумневы.

Праграма развіцця Арганізацыі аб’яднаных нацыяў (ПРААН) была заснаваная ў 1965 годзе як развіццё Пашыранай праграмы тэхнічнай дапамогі, распачатай яшчэ ў 1949-м. Мэтамі праграмы дэкларуюць змаганне з беднасцю і змяншэнне няроўнасці, пабудову дэмакратычнага кіравання, вяршэнства права і інклюзіўных інстытутаў, дапамогу ў дасягненні мэтаў устойлівага развіцця.

У Беларусі ПРААН дзейнічае з 1992 года. Асноўнымі сваімі дасягненнямі называе «зялёныя» ініцыятывы – напрыклад, дапамогу ў змяншэнні выкідаў вуглякіслага газу і развіцці экатурызму, удзел у змаганні з вірусам імунадэфіцыту чалавека і рэабілітацыі пацярпелых ад чарнобыльскай катастрофы, дапамогу ў падпісанні Беларуссю Канвенцыі ААН аб правах людзей з інваліднасцю і прыняцці Нацыянальнага плану дзеянняў у галіне правоў чалавека.

Нават вайна не спыніла праекты ў Беларусі

Прынамсі некаторыя праекты ад імя ПРААН можна пабачыць на «партале празрыстасці» арганізацыі. Да Беларусі там прывязаны 91 праект. Агульны бюджэт праектаў складае 203,32 мільёна долараў, з якіх ужо выдаткавалі 194,8 мільёна.

Самы ранні праект у базе быў распачаты ў 2012 годзе. Але ёсць і тыя, што былі запушчаныя пасля выбараў-2020 і пачатку звязаных з імі рэпрэсіяў, пасля «ліквідацыі» грамадзянскай супольнасці і нават пасля пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне, у якой улады Беларусі выступілі ў ролі суагрэсара.

Сярод нядаўніх праектаў такія:

Ёсць яшчэ мноства праектаў з меншымі бюджэтамі. Некаторыя з іх могуць выклікаць пытанні.

Напрыклад, праект «падтрымання ўдасканалення сістэмы дзяржаўнага планавання і прагназавання ў галіне мэтаў устойлівага развіцця», які мае трываць з 1 верасня 2022 года да 31 снежня 2025-га, атрымаць 487 тысяч долараў ад фінансаванага выключна Расеяй «Mptf-Jp Belarus Sdgs» і выконвацца Міністэрствам замежных справаў Беларусі.

Або праект для мігрантаў у Беларусі, у якім ПРААН падтрымлівала ўрад Беларусі і скандальнае Беларускае таварыства Чырвонага Крыжа на 80 тысяч долараў. Праект распачаўся 10 снежня 2021 года, калі на Беларусь ужо былі накладзеныя санкцыі за штучнае стварэнне таго самага міграцыйнага крызісу, з наступствамі якога ўладам Беларусі дапамагала разбірацца ПРААН.

Hавiны
Беларусь спрабавала пахваліцца мэтамі ўстойлівага развіцця. Штаб Ціханоўскай перашкодзіў
2022.07.13 14:25

Не ва ўсіх праграмах з адкрытых звестак зразумела, на што скіраваныя грошы. Так, у згаданай вышэй праграме «Лакальнае эканамічнае развіццё» відаць толькі, што некаторыя прыватныя кампаніі атрымлівалі пэўныя сумы (дзясяткі тысяч долараў) у пэўную дату (асноўная маса – пасля пачатку поўнамаштабнай вайны) з мэтай, пазначанай проста як «LED». А што і навошта рабілі з атрыманымі грашыма – невядома. Сумы грантаў, меншыя за 15 тысяч долараў, ніяк не пазначаныя ў адкрытых звестках.

Ёсць і проста неахайна аформленыя старонкі праектаў, як практычна пусты праект «План менеджменту» з нібыта нулявым бюджэтам. Усё, што вядома пра гэты праект, гэта тое, што ў межах яго беларускі офіс ПРААН абвяшчаў тэндары на куплю і арэнду мікрааўтобусаў, куплю паліва і канцтавараў, працу ахоўніка, аўдыт і іншае.

Што пра гэта кажа ПРААН

«Белсат» звярнуўся з пытаннямі пра гэтыя праграмы на фоне рэпрэсіяў і вайны да беларускага і міжнароднага офісаў ПРААН. Мы пыталі:

  • Як ПРААН кантралюе размеркаванне грошай у праектах, звязаных з уладамі Беларусі?
  • Як ПРААН атрымлівае справаздачы пра такія праекты?
  • Ці можа ПРААН гарантаваць мэтавае выкарыстанне грошай у праграмах (каб, напрыклад, у фінансаваным Расеяй праекце, прысвечаным адукацыі ў Беларусі, грошы не пайшлі на ідэалагічнае апрацоўванне дзяцей з Беларусі і дзяцей, выкрадзеных з Украіны)?
  • Ці прымаюцца захады дзеля перадухілення нямэтавага выкарыстання сродкаў – напрыклад, абыходу санкцыяў уладамі Беларусі на фоне масавых рэпрэсіяў, штучна створанага міграцыйнага крызісу і суўдзелу ў расейскай агрэсіі супраць Украіны?
  • Ці могуць донары даведацца, як выкарыстоўваліся фінансы ў канкрэтных выпадках (на які «LED» пайшла канкрэтная сума для канкрэтнай кампаніі ў канкрэтную дату)?
Hавiны
«Бюро» распавяло, як кіраўнік Чырвонага Крыжа Шаўцоў за гранты вазіў палюбоўніцу за мяжу
2024.01.09 15:38

Міжнародны офіс прыслаў адказы ад імя прадстаўніка ПРААН. Прыводзім поўныя адказы і пытанні ў той форме, у якую іх перафармуляваў прадстаўнік.

Пра нагляд праграмаў:

«Усе праграмы і праекты ПРААН кіруюцца радамі або камітэтамі з удзелам многіх зацікаўленых бакоў, створанымі дзеля правярання эфектыўнасці на аснове маніторынгу і ацэньвання, а таксама для ўладкавання пытанняў рэалізацыі дзеля забеспячэння якасных вынікаў.

Кантроль праграмаў ажыццяўляецца праз раду краінавых праграмаў, якая звычайна ёсць аб’яднаннем нацыянальнага камітэту і кіраўнічага камітэту ААН. Яна выкарыстоўваецца для маніторынгу рамак супрацы, але можа быць спецыяльнай радай для краінавай праграмы ПРААН.

Рада – гэта механізм кансультацыяў і прыняцця пастановаў наконт праграмных пытанняў на аснове кансэнсусу. Яна адказная за нагляд рэалізацыі краінавых праграмаў ПРААН, а таксама за ўнёсак у Рамачную праграму супрацы. Рада, як мінімум, складаецца з кіраўнікоў (або прызначаных імі прадстаўнікоў) урадавага каардынацыйнага агенцтва і сталага прадстаўніка ПРААН або кіраўніка офісу».

Пра справаздачнасць:

«Праз арыентаваныя на вынікі рапарты аналізу ПРААН штогод дае Выканаўчай радзе ПРААН справаздачу аб выкананні і выніках адпаведна карпаратыўным стратэгічным планам.

Справаздачы донараў рыхтуюцца адпаведна канкрэтнымі пагадненнямі аб фінансаванні. ПРААН нясе адказнасць за рыхтаванне справаздачаў донарам адпаведна чаканай якасці, частаты і своечасовасці».

Пра нямэтавае выкарыстанне сродкаў:

«ПРААН мае нулявую цярпімасць да махлярства і карупцыі, што азначае, што працаўнікі ПРААН, пазаштатны персанал, пастаўнікі, партнёры ў рэалізацыі і адказныя бакі не могуць удзельнічаць у махлярстве або карупцыі.

Пра ўсе інцыдэнты махлярства і карупцыі трэба паведамляць, яны будуць ацэньвацца і, пры неабходнасці, расследавацца адпаведна Інструкцыі правядзення расследаванняў Упраўлення аўдыту і расследаванняў ПРААН і прававой базе ПРААН у барацьбе з неадпаведнасцю стандартам паводзінаў ААН, калі гэта прымальна. ПРААН будзе выкарыстоўваць строгія дысцыплінарныя і іншыя захады ў дачыненні вінаватых у махлярстве, у тым ліку спагнанне фінансавых стратаў, панесеных ПРААН.

ПРААН заахвочвае ўсіх, хто падазрае правапарушэнне, паведамляць пра сваю заклапочанасць ва Управу аўдыту і расследаванняў».

Разбор
Зварот у міжнародныя суды ад нашага імя. Што дае чарговая справаздача ААН пра рэпрэсіі ў Беларусі?
2024.03.19 06:00

Гэта праўда? Спыталі чалавека з сістэмы

На пытанні «Белсату» таксама адказаў былы працаўнік сістэмы ААН у Беларусі, які захацеў застацца ананімным, бо «нам ні з кім нельга размаўляць, на любы ўздых трэба мець дазвол». Мы азнаёмілі суразмоўцу са сваімі знаходкамі і з адказам прадстаўніка ПРААН, а суразмоўца самастойна праглядзеў дакументы ў некаторых праграмах.

Суразмоўца агулам пагаджаецца з напісаным у адказе прадстаўніка ПРААН. Грошы, якія ПРААН атрымлівае ад донараў, яна выдаткоўвае адпаведна ўхваленаму бюджэту і ўнутраным правілам, датычным выдаткоўвання грошай, закупаў і кантролю. «Арыентаваныя на вынікі рапарты» – гэта значыць, правяраюць, якіх вынікаў дасягнулі і колькі грошай выдаткавалі, каб атрымаць такі вынік. З тэхнічнага гледзішча, кажа суразмоўца, «тут не мусіць быць вялікіх пытанняў», бо ПРААН «сочыць за сваёй рэпутацыяй».

«Ніхто не можа закласціся галавой, што там няма злоўжыванняў, усялякае бывае на месцах, – адзначае суразмоўца. – Але сістэма пабудаваная так, каб грошы пайшлі на тое, на што іх далі».

Акрамя таго, суразмоўца адзначае, што праекты ПРААН заўсёды былі «бяззубымі» ў тым сэнсе, што не раздражнялі ўлады Беларусі, каб не ствараць непатрэбных канфліктаў. ПРААН падкрэслена пазбягае ў сваіх праектах «палітыкі», якая можа справакаваць скандал. Але, нягледзячы на імкненне максімальна згладжваць патэнцыйна канфліктныя моманты з уладамі, ПРААН заўсёды абараняе інтарэсы донара.

Калі грошы ідуць прыватным кампаніям, як у праекце «Лакальнае эканамічнае развіццё», то кампаніі выбіраюцца праз конкурс, працягвае суразмоўца, таму праект будзе мець усю дакументацыю пра тое, чаму абралі такую кампанію, а не іншую, якія дакументы кампанія падавала і на што мусіла пусціць грошы. Такія кампаніі заўсёды выбірала пэўная камісія, якая часткова складалася з беларускіх чыноўнікаў, але часткова – з прынамсі фармальна незалежных прадстаўнікоў. Можа, гэтыя бізнесы і будуць афіляваныя з уладамі, але грошы не пойдуць, напрыклад, проста Міністэрству ўнутраных справаў.

Hавiны
Адно месца з Эфіопіяй і Гамбіяй: Беларусь пагоршыла пазіцыі ў рэйтынгу карупцыі
2024.01.30 16:12

А ці можа быць так, што ў праекце пабудовы экасцежкі за 100 тысяч долараў на мэту пусцілі 10 тысяч, сцежку сапраўды пабудавалі, але 90 тысяч «паклалі ў кішэню»? Суразмоўца кажа, што гэта прадугледжвала б падробліванне дакументаў, перагляд бюджэту без дазволу донара, а значыць, «прыйдзе аўдыт – грошы прыйдзецца вярнуць». Той аўдыт для донараў, адзначае суразмоўца, дастаткова жорсткі, ён можа прайсці нават праз сем гадоў пасля праекту.

«Усе такія не карупцыйныя… так бы мовіць, тонкія рэчы – яны чыняцца ў найменшай ступені ў моманце выдаткоўвання грошай і кантролю выдаткаў, – адзначае суразмоўца. – Просты прыклад: трэба купіць тэлефоны. У тэхнічным заданні проста прапісваецца нейкая рыса тэлефона, якую мае толькі „Apple“, у выніку купляюць толькі „Apple“. Злоўжыванні найчасцей закладаюцца на этапе планавання. У залежнасці ад таго, як прапісанае тэхнічнае заданне, імплементацыя скіраваная ў той ці іншы бок».

Суразмоўца заклікае глядзець не на тое, як сочаць за выкарыстаннем грошай, асабліва калі гэта грошы самога ПРААН, а як фармулююць, на што грошы патрэбныя.

Расейскія фінансы выклікаюць сумневы

Добра гэта ці кепска, што ў Беларусь пасля падзеяў апошніх гадоў ідуць грошы праз ПРААН? Суразмоўца разважае: на такое пытанне вельмі цяжка адказаць. Ёсць адназначна пазітыўныя праекты гуманітарнай скіраванасці, напрыклад, купля лекаў супраць ВІЧ. Калі ўрад нечага не купляе, а ёсць патрэба і магчымасць такія лекі людзям даць, то такія праекты вартыя і патрэбныя.

І нават калі з праектам звязанае Міністэрства аховы здароўя Беларусі, вядомае шалёнымі маштабамі карупцыі, трэба глядзець канкрэтныя тэндары. Дзяржаўныя ўстановы могуць і не быць асноўным атрымальнікам донарскіх сродкаў, а донар мае магчымасць дапільнаваць, каб грошы былі выдаткаваныя паводле прызначэння.

Аналітыка
Дзяржава больш за 10 гадоў змагаецца з карупцыяй у медыцыне – і пакуль перамогі не відаць
2022.04.20 19:56

Але ёсць праекты, якія ў суразмоўцы выклікаюць пэўныя засцярогі: тыя, што фінансуе ўрад Расеі. Да нядаўняга часу суразмоўца не бачыў такіх праектаў ПРААН, дзе Расея была б асноўным донарам. Звычайна гэта былі іншыя ўрады або Еўразвяз – «самы складаны» донар з гледзішча справаздачнасці. Цяпер традыцыйныя заходнія донары скарацілі фінансаванне праектаў у Беларусі, а рэпутацыя Расеі як донара насцярожвае, гэта не «традыцыйны» донар для ПРААН.

Як прыклад – праект «Развіццё інавацыйнага патэнцыялу моладзі» ў Беларусі, які з 15 чэрвеня 2023 года выконвае Міністэрства адукацыі Беларусі на 165 тысяч долараў, атрыманых ад ураду Расеі. Суразмоўца кажа глядзець, наколькі гэты праект карысны для Беларусі, бо ў ім «вельмі мала суверэнітэту». Рызыкі ў ім не ў непасрэдным выдаткоўванні грошай, якое мае надзейна кантралявацца, раз грошы праходзяць праз фонд ПРААН.

Суразмоўца паказвае на канкрэтныя старонкі праектнага дакументу. Вось тут напісана пра Еўразійскі эканамічны саюз так, нібы Беларусь не незалежная краіна. Вось там напісана, што будуць захады ў інтэграцыі навукаёмістых галінаў эканомікі дзеля перадухілення ўцякання працоўных рэсурсаў за межы саюзу. І вось яшчэ напісана пра Каледж сучасных тэхналогіяў машынабудавання і аўтасэрвісу, у якога будзе новая лабараторыя, што дазволіць студэнтам атрымаць новыя навыкі. Але пытанне ў тым, на якіх заводах якіх краінаў у межах ЕАЭС студэнты скарыстаюць навыкі і што тыя заводы будуць прадукаваць у кантэксце сённяшняй геапалітычнай сітуацыі.

У сітуацыі, калі праект у Беларусі фінансуе ўрад Расеі, кажа суразмоўца, ПРААН можа выпадкова паўдзельнічаць у «нечым не вельмі добрым», хоць наўрад ці хтосьці такога чакае.

Агляд
«Браты ў болю». Як беларускіх школьнікаў будуць пераконваць, што яны з расейцамі адзін народ
2023.04.02 14:27

Ёсць яшчэ таямнічае фінансаванне сілавікоў

7 сакавіка 2024 года Савет міністраў Беларусі ўхваліў праект міжнароднай тэхнічнай дапамогі ва ўмацаванні маніторынгу, ацэньвання і справаздачнасці наконт мэтаў устойлівага развіцця, звязаных з міграцыяй. Праект каардынуе Міністэрства ўнутраных справаў.

Што гэта за праект, «Белсату» высветліць не ўдалося: яго не ўдалося знайсці ні на старонках ПРААН, ні на старонках іншых міжнародных арганізацыяў, звязаных з мэтамі ўстойлівага развіцця. Суразмоўца «Белсату» кажа, што гэта не абавязкова праект ПРААН, магчыма, ім апякуецца Міжнародная арганізацыя міграцыі, партнёрам якой традыцыйна быў МУС Беларусі.

Усё, што вядома пра праект, гэта пастанова ўраду пра тое, што сілавікі будуць каардынаваць выдаткоўванне грошай на штосьці, звязанае з мігрантамі і мэтамі ўстойлівага развіцця.

Hавiны
Ізраіль знайшоў тунэль «Хамасу» пад штаб-кватэраю ААН у Газе
2024.02.11 11:48

Алесь Наваборскі belsat.eu