Пратэст на дрэвах у Нямеччыне і развітанне з Навальным у Маскве. Фатаграфіі тыдня


Развітанне з палітыкам Аляксеем Навальным у Расеі, працяг пратэсту фермераў у Польшчы, 24-гадзінны страйк у Грэцыі – сабралі галоўныя здымкі за тыдзень.

Супрацоўнікі паліцыі дораць кветкі жанчынам-кіроўцам з нагоды свята Марцышор, румынскай традыцыі, паводле якой ранняй вясной людзі дораць адно аднаму чырвона-белыя двухколерныя стужкі. Бухарэст, Румынія. 1 сакавіка 2024 года.
Фота: Lucian Alecu / Shutterstock / East News
Пратэст фермераў у Польшчы, протест фермеров в Польше
У польскай сталіцы прайшла адная з самых буйных акцыяў пратэсту фермераў за апошнія гады. Аграрыі пратэстуюць з пачатку лютага ў розных частках Польшчы. Яны незадаволеныя патрабаваннямі «зялёнага» заканадаўства ЕЗ, а таксама пастаўкай прадуктаў з Украіны і скарачэннем рэнтабельнасці сельскай гаспадаркі. Варшава, Польшча. 27 лютага 2024 года.
Фота: Белсат
Экаактывісты пабудавалі драўляныя дамкі на дрэвах падчас пратэсту ў лесе Грунгайдэ на паўднёвым усходзе ад Берліну. Актывісты пратэстуюць супраць планаў кампаніі электрамабіляў «Tesla» ў высяканні дрэваў. 29 лютага 2024 года.
Фота: Tobias Schwarz / AFP / East News
Людзі, якія прысутнічаюць на адпяванні нябожчыка Аляксея Навальнага, кідаюць кветкі праз агароджы ля царквы Маці Божай «Утоли моя печали» ў маскоўскім раёне Мар’іна. На развітанне з лідарам расейскай апазіцыі прыйшлі тысячы людзей. Палітыка пахавалі на Барысаўскіх могілках. Масква, Расея. 1 сакавіка 2024 года.
Фота: Alexander Nemenov / AFP / East News
Украінскія салдаты кіруюць танкам у полі, дзе пасуцца каровы, падчас вучэнняў у нявызначаных мясцінах у Данецкай вобласці, Украіна. 29 лютага 2024 года.
Фота: Diego Herrera Carcedo / Anadolu Press / Abaca Press / East News
Ратавальнікі працягваюць пошукі людзей пад заваламі пасля расейскай атакі дронамі па Адэсе. На вечар 2 сакавіка было вядома пра 8 загінулых і столькі ж параненых. Адэса, Украіна. 2 сакавіка 2024 года.
Фота: Аляксандр Зяньковіч / Белсат
Нарадзінцы Мексікі выконваюць танец «Voladores» на першай Міжнароднай цыркавой канферэнцыі «Achura Karpa» ў Багаце. Падчас танцу артысты на круглай круцельнай пляцоўцы імітуюць птушынае апярэнне. Багата, Калумбія. 28 лютага 2024 года.
Фота: Luis Acosta / AFP / East News
Запальныя бомбы выбухаюць побач з групай сілавікоў падчас 24-гадзіннага страйку ў цэнтры Афінаў. Людзі патрабуюць адказаў на прычыны самай сур’ёзнай у гісторыі краіны чыгуначнай катастрофы, у выніку якой загінулі 57 асобаў, бо вінавацяць у гэтым улады, якія многія гады ашчаджалі на чыгуначнай сістэме краіны. Афіны, Грэцыя. 28 лютага 2024 года.
Фота: Aris Messinis / AFP / East News
Жанчына плача падчас цырымоніі пахавання Уладзіміра Галубнічага, украінскага старэйшага лейтэнанта 72-й механізаванай брыгады ЗСУ, які загінуў падчас баёў з расейскімі войскамі ў вёсцы Вадзяное Аўдзееўскага напрамку. Кіеў, Украіна. 28 лютага 2024 года.
Фота: Evgeniy Maloletka / AP Photo / East News

Андрэй Шаўчэнка belsat.eu

Стужка навінаў