Аўстрыя высылае чацвярых расейскіх дыпламатаў


Міністэрства замежных справаў Аўстрыі абвясціла персонамі нон грата чацвярых расейскіх дыпламатаў. Яны мусяць пакінуць краіну праз тыдзень, да 8 лютага, паведамляе ведамства.

Пасольства Расейскай Федэрацыі ў Аўстрыі.
Фота: austria.mid.ru

Паводле звестак ведамства, гэта двое працаўнікоў расейскага пасольства і двое чальцоў сталай місіі пры ААН. Прычыны іх высылання з краіны не ўдакладняюцца.

«Двое дыпламатаў пасольства Расеі ўчынілі дзеянні, несумяшчальныя з іхным дыпламатычным статусам. Таму яны абвешчаныя персонамі нон грата ў адпаведнасці з артыкулам 9 Венскай канвенцыі аб дыпламатычных дачыненнях. Двое дыпламатаў Сталага прадстаўніцтва Расеі пры ААН учынілі дзеянні, несумяшчальныя з Пагадненнем аб размяшчэнні штаб-кватэры. Яны таксама мусяць пакінуць тэрыторыю Аўстрыйскай Рэспублікі», – заявілі ў аўстрыйскім МЗС.

У МЗС РФ ужо заявілі, што «Расея дасць адпаведны адказ» на высыланне Аўстрыяй чацвярых расейскіх дыпламатаў.

Аўстрыя ўжо выслала траіх працаўнікоў расейскага пасольства ў Вене ў красавіку 2022 года.

Нагадаем, 2 лютага стала вядома, што балгарскі журналіст-расследавальнік і дырэктар «Bellingcat» Хрыста Грозэў праз пагрозу небяспекі з боку расейскіх спецслужбаў мусіў пераехаць з Аўстрыі. Ці звязанае высыланне расейскіх дыпламатаў з гэтым – невядома.

Hавiны
Кіраўнік «Bellingcat» Хрыста Грозэў быў вымушаны пакінуць Вену праз пагрозу жыццю
2023.02.02 10:38

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў