Супраць беларускай мовы выказаўся знаны расейскі блогер і апазіцыянер Адагамаў


Увечары 31 кастрычніка «Еўрарадыё» расказала ў X (былым Twitter) пра паразу хакеістаў менскага «Дынама». На тўіт адказаў расейскі блогер Рустэм Адагамаў: пасмяяўся з беларускай мовы. Потым папрасіў прабачэння.

Рустэм Адагамаў
Рустэм Адагамаў на Форуме расейскай культуры. Будва, Чарнагорыя. 23 верасня 2018 года.
Фота: Андрей Романенко / Wikimedia, CC BY-SA 4.0 DEED

«Якая жа смешная беларуская мова, – напісаў Рустэм Адагамаў. – Ну чаму „Дынама“, „серыю“ і „трохматчавую“? Навошта каверкаць расейскую? Пагатоў на ёй размаўляе ўся Рэспубліка Беларусь».

Пасля гэтага блогер пераконваў беларусаў, якія яму адказалі, што яны не размаўляюць па-беларуску, а «ўсе беларусы размаўляюць на добрай расейскай мове, без акцэнту, без [г] фрыкатыўнага».

Сярод іншых Адагамаву адказаў беларускі блогер і журналіст Антон Матолька, які спытаў: «Што за *** [лухта] наагул, Рустэме?» Адагамаў заявіў, што Матолька толькі «робіць выгляд, што не разумее», як смешна выглядае беларуская мова.

Беларускі сатырык Спадар Джыпсінкоў адзначыў: «У навінах пра хакейнае менскае „Дынама“ цяжка быць горшым за хакейнае менскае „Дынама“». Ён аднёс Адагамава да расейскіх лібералаў, для якіх, як мяркуе сатырык, «няма такога дна, якое нельга прабіць».

Папулярны ананімны акаўнт «Вестник стабильности» перапытаў: можа, расейская – гэта перакручаная беларуская ці ўкраінская? Пасля сур’ёзна дадаў: фраза «гэтая мова гучыць смешна» патыхае шавінізмам.

Беларускі блог «Nexta» прывёў Адагамаву табліцу, дзе словы падобныя ў беларускай, польскай, славацкай, чэшскай і ўкраінскай мовах, у той час як расейскі адпаведнік цалкам іншы.

https://twitter.com/nexta_tv/status/1719472071074291899

«Еўрарадыё» ж на тўіт Адагамава адказала адным толькі эмодзі «🤦» – чалавек, які закрывае твар рукою.

Агулам тўіт Адагамава на момант публікацыі набраў 116 тысяч праглядаў і амаль 600 каментароў (з якіх шмат нецэнзурных). Выказванне Адагамава актыўна цытавалі і абмяркоўвалі таксама ў Facebook.

Абноўлена. На наступную раніцу Адагамаў папрасіў прабачэння за тое, што «змарозіў глупства» і пакрыўдзіў многіх людзей. Тўіт ён патлумачыў тым, што ў яго «цяжкі час у жыцці», з якім ён часам не спраўляецца. Матолька параіў яму скарыстацца сілаю сваіх сацыяльных сетак і заклікаць дапамагчы беларускім палітычным вязням праз фонд «BYSOL».

Хто такі Адагамаў

Адзін з першых сапраўды масава чытаных блогераў рунэту. Праславіўся ў Livejournal з заведзеным у 2002 годзе блогам «drugoi», які на піку папулярнасці меў прыблізна 80 тысяч падпісаннікаў – вельмі шмат, як на часы Livejournal, калі ў Расеі прыраўнавалі да сродкаў масавай інфармацыі блогераў з аўдыторыяў 3000 чытачоў за дзень.

Цяпер у X за Адагамавым сочаць паўмільёна карыстальнікаў, яшчэ 270 тысячаў сочаць за ягонаю старонкай у Facebook (там ён не выказваўся супраць беларускай мовы). У сваіх блогах шмат крытыкуе Уладзіміра Пуціна і дзейную расейскую ўладу.

Таксама Адагамаў вядомы як фотажурналіст. Сярод іншага, быў у журы конкурсу «Belarus Press Photo 2011».

Адагамаў нарадзіўся ў Татарстане, ягоны дзед быў татарынам. У канцы 2000-х быў дапушчаны рабіць рэпартажы пра тагачаснага прэзідэнта Расеі Дзмітрыя Мядзведзева. Але ў пачатку 2010-х сышоў у апазіцыю, быў выбраны ў Каардынацыйны савет расейскай апазіцыі. У 2013 годзе пераехаў у Чэхію.

Разбор
Не толькі Навальны? Хто ў Расеі ў апазіцыі да Пуціна
2023.02.14 07:01

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў