Кітайскія картографы «акупавалі» расейскі востраў. МЗС Расеі не заўважыла праблемы


Кітайскія ўлады выпусцілі мапы, на якіх пазначылі частку тэрыторыяў Індыі і Расеі як сваю. МЗС Індыі выступілі з асуджэннем гэтага, а ў расейскім ведамстве толькі адзначылі, што тэрытарыяльных спрэчак паміж краінамі няма, піша РБК.

Афіцыяльная прадстаўніца МЗС Расеі Марыя Захарава.
Фота: council.gov.ru

Кітайскі дзяржаўны Картаграфічны сэрвіс стандартных мапаў выпусціў новы, афіцыйна зацверджаны камплект геаграфічных мапаў за 2023 год, на якіх частка тэрыторый Расеі – Вялікі Усурыйскі востраў – адносіцца да Кітаю. Гэты камплект мапаў прызначаны для выкарыстання ў якасці ілюстрацыяў у навінах, кнігах, рэкламных матэрыялах.

Вялікі Усурыйскі востраў на рацэ Амур мае тэрыторыю 327–350 км2 (залежыць ад узроўню вады ў рацэ). Спрэчка за кантроль над ім ішла паміж Расеяй і Кітаем з 1860 года. У 2008 годзе частку вострава разам з некалькімі невялікімі астравамі РФ перадала Кітаю.

Аналітыка
Шматпалярная Індыя. Каго падтрымае ў глабальным супрацьстаянні Нью-Дэлі
2022.10.28 08:30

Таксама Картаграфічны сэрвіс стандартных мапаў аднёс да КНР індыйскі штат Аруначаль-Прадэш і прымежны раён Аксайчын.

«Сёння мы праз дыпламатычныя каналы выказалі рашучы пратэст кітайскаму боку наконт так званай стандартнай мапы Кітаю 2023 года, якая прэтэндуе на тэрыторыю Індыі», – заявілі ў індыйскім МЗС.

А вось афіцыйная прадстаўніца МЗС Расеі Марыя Захарава проста адзначыла, што памежнае пытанне паміж Расеяй і Кітаем канчаткова вырашанае, гэтай пазіцыі прытрымваюцца абедзве краіны.

«Дэлімітацыя і дэмаркацыя нашай агульнай мяжы завершаная на ўсёй яе працягласці (амаль 4300 км), у тым ліку ў 2008 годзе на востраве Вялікі Усурыйскі», – сказала яна.

Аналітыка
Не толькі Смаленск і Курылы. Хто і як малюе Расею на сваіх нацыянальных мапах
2022.03.05 09:32

Паводле неафіцыйных кітайскіх мапаў увесь Далёкі Усход РФ – гэта тэрыторыя КНР, а ў афіцыйных падручніках гісторыі ў Кітаі сцвярджаецца, што «Сібір – часова страчаная тэрыторыя Паднябеснай», заяўляюць расейскія медыі.

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў