Рэцэнзія на спектакль «Жанчына з аўтаматам» берасцейскага тэатру «Крылы халопа»


«Жанчына з аўтаматам» – аўтабіяграфічная драма, у якой намаляваныя розныя абліччы жанчыны: жонкі, маці, палюбоўніцы, ахвяры, фурыі. Тэкст заснаваны на досведзе аўтарак, якія выраслі ў 1990-я гады, пасля распаду Савецкага Саюзу, і прысвечаны пытанню аб тым, што значыць быць жанчынай. У «Жанчыне з аўтаматам» Аксана Гайко і ейная артыстычная каманда аб’ядноўваюць розныя тэатральныя жанры: оперу, стэндап, лялечны тэатр, фізічны і дакументальны тэатр. Выступ адбываецца з жывым суправаджэннем Вольгі Падгайскай, адной з самых вядомых беларускіх кампазітарак.

Афіша фестывалю беларускага мастацтва «Побач» у нямецкім Гэлераў, у межах якога прайшлі паказы спектаклю «Жанчына з аўтаматам».
Фота: Белсат

Жанчына з аўтаматам – ці то міфічная, ці то сапраўдная асоба, якая ў 1941 годзе з Берасцейскай крэпасці неўзаметку страляла ў фашыстаў. Неўзаметку – бо лічылася, што жанчына ў руках аўтамат трымаць не можа, таму ніхто і ўявіць не мог, што яна – галоўная кілерка ў ваколіцах. Персанажы Аксаны Гайко і Святланы Гайдалёнак, здаецца, таксама былі б не супраць каго-небудзь яскрава правучыць, але робяць яны гэта словамі і рухамі – і са сцэны.

Тэкст гэтай дакументальнай драмы заснаваны на асабістым досведзе Аксаны і прэзентуе, паводле анонсу, розныя архетыпы жанчыны: жонкі, маці, палюбоўніцы, ахвяры і вядзьмаркі. Разам з гераіняй мы праходзім яе шлях ад сталення ў бандыцкім Берасці 1990-х, дзе, каб выжыць, трэба было фарсіць прозвішчамі галоўных гарадскіх рэкеціраў, да пратэставай рэальнасці жніўня 2020 года, дзе кавалак газеты ператвараўся адначасова і ў шкарпэткі, і ў прасціны.

Спектакль «Жанчына з аўтаматам» берасцейскага тэатру «Крылы халопа».
Фота: Белсат

У той час як Аксана існуе на сцэне ў драматычным амплуа, яе калега Святлана адыгрывае камедыйную ролю, месцамі нават клоўнскую. Гэтае спалучэнне разнастайных амплуа выглядае паспяховым, аднак у размеркаванні сімвалічнай улады на сцэне прысутнічае некаторая дыспрапорцыя. Можна злавіць сябе на адчуванні, што Святлана абслугоўвае гісторыю Аксаны. Асабліва гэта адчуваецца ў першых сцэнах спектаклю. З развіццём гісторыі прысутнасць і гучанне акторак на сцэне выраўноўваюцца, і гэта нягледзячы на ​​тое, што мы ведаем, што асабістыя гісторыі збольшага адносяцца да жыцця Аксаны.

Цягам усяго спектаклю мы таксама можам слухаць жывую музыку і вакал у выкананні берасцейскай музыкі Вольгі Падгайскай. Гучанне зачароўвае і становіцца паўнамерным удзельнікам дзейства, нават калі вы ведаеце, што ў гэтыя хвіліны акторкі пераапранаюцца за сцэнай, каб здзівіць чарговым касцюмам. Сцэнаграфія спектаклю простая – пара крэслаў і чорная скрынка, з якой з’яўляецца і ў якую хаваецца ўвесь асноўны рэквізіт. Тут акторкі хутчэй за ўсё вымушана застаюцца вернымі традыцыям «беднага тэатру». А вось з касцюмамі «Крылы халопа» і іх касцюмерка Света Гусакова яўна намудравалі. Выйшла гэта даволі паспяхова: плашчы са штучнай скуры, сукенкі з паеткамі, доўгія ўбранні ў стылі Панны Марыі, строгі гарнітур партыйнай актывісткі пазнавальныя і дапамагаюць стварыць запамінальныя вобразы.

Спектакль адназначна можна назваць фемінісцкім, бо ён адкрыта і без лішніх расшаркванняў уздымае такія тэмы, як сацыяльныя чаканні, самастойнасць выбару або выбудоўванне адносінаў з раздражняльнымі сваякамі, якія ведаюць пра ўсіх, як ім трэба жыць.

У сцэне з адрэзанай галавой недарэчнага прыхільніка гумар акторак гучыць максімальна звонка: бо калі ад феміністак чакаюць адрэзаных мужчынскіх галоваў, то чаму б не зрабіць гэта хутчэй – і спакойна рушыць па гісторыі далей?

Гіпербалізаванымі выглядаюць таксама фігуры супергераінь з коміксу, якія мы можам бачыць у відэапраекцыі і якія нагадваюць нам, што быць жанчынай у Берасці – гэта сапраўдны гераізм, і доказаў таму ў паўтарагадзінным шоу будзе нямала.

Акрамя дакументальных гісторыяў акторак пра тое, што значыць быць жанчынай у Беларусі, у спектаклі таксама прысутнічаюць урыўкі з навуковых, мастацкіх і дакументальных тэкстаў, напрыклад, манаграфіі сацыялагіні Ганны Шадрынай ці паэмы Марыны Напрушкінай. Маналогі з трагедыі «Саламея» таксама гучаць некалькімі ўстаўкамі і здаюцца лішнімі, бо асабістыя гісторыі гераінь сілай свайго эмацыйнага гучання значна перабіваюць любую мудрасць старажытнай паэзіі. Чаго вартыя адныя толькі гісторыі пад гэштэгам #metoo, якія акторкі пастанавілі абгуляць у выглядзе гумарыстычнага інтэрактыўнага ток-шоу. Такім чынам зняўся градус напругі і нават некаторага адрынання, якія мімаволі ўзнікаюць у гледача пры згадванні назвы гэтага грамадскага руху.

Спектакль «Жанчына з аўтаматам» берасцейскага тэатру «Крылы халопа».
Фота: Белсат

Тэма жаночых пратэстаў 2020 года ў Беларусі і турэмнага сястрынства таксама знайшла сваё адлюстраванне ў спектаклі. Калі акторкі ўпершыню параўноўваюць умовы адміністратыўных арыштаў жанчын на Акрэсціна з умовамі ўтрымання зняволеных у канцэнтрацыйным лагеры Аўшвіц, можна адрэагаваць на гэта моцным раздражненнем, у тым ліку з прычыны таго, што мы цяпер пад інфармацыйным уплывам ад навінаў пра вайну ва Украіне. Цяпер гэтыя параўнанні гучаць нібы недарэчна. Падчас другой апеляцыі да Аўшвіцу раздражненне раптоўна знікае, бо выяўляецца, што гэта цытата з прамовы іншай зняволенай, якая адседзела свае жорсткія содні. Якое тут ужо раздражненне?..

Сёння берасцейская прастора і інстытуцыя «Крылы халопа» закрытыя. Гэтаму папярэднічалі шматлікія правяранні кантрольных органаў, пра якія Аксана Гайко пісала ў сваім «Фэйсбуку» – і пра якія таксама гаворыць у спектаклі.

  • Акторкі – Святлана Гайдалёнак і Аксана Гайко.
  • Тэкст – Аксана Гайко, Лёха Чыканас.
  • Музыка – Вольга Падгайская.
  • Касцюмы, рэквізіт – Света Гусакова.
  • Відэа – Света Гусакова, Карына Баратава.
  • Гук, святло – Віталь Апаў.
  • Рэжысёрка – Аксана Гайко.

Бліжэйшы спектакль «Крылаў халопа» можна ўбачыць 4 траўня ў Берліне.

  • Аксана Гайко – рэжысёрка, акторка, арт-менеджарка, драматург, тэатральны педагог. Заснавальніца тэатру «Крылы халопа» ў Берасці і культурнага цэнтру «KX Space». Тэатр «Крылы халопа» быў закрыты ўладамі ў 2021 годзе, але акторы працягваюць працаваць, некаторыя з іх у выгнанні. Пʼеса «Жанчына з аўтаматам» была пастаўленая, у прыватнасці, у тэатральных рэзідэнцыях у Нямеччыне і Чэхіі.
  • Тэатр «Крылы халопа» (з 2001 да 2011 – берасцейскі Свабодны тэатр) быў заснаваны ў 2001 годзе. Тэатр стварыў больш за 15 спектакляў з выкарыстаннем розных тэхнікаў: вулічныя парады, фізічны тэатр, дакументальны тэатр, онлайн-тэатр і г. д.

Віка Біран belsat.eu

Стужка навінаў