У Беларусі больш звальняюць, чым бяруць на працу


У 2024 годзе ў Беларусі працягнулася тэндэнцыя 2023 года, калі колькасць звальненняў перавышала колькасць прыёмаў спецыялістаў на працу. У студзені на прадпрыемствах звольнілі на 2013 чалавек больш, чым працаўладкавалі, як вынікае са звестак Белстату.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Сцяпан Цюшкевіч / 1prof.by

Разам за студзень 2024 года на працу былі прынятыя 41,38 тысяч чалавек, а звольненыя – амаль 43,4 тысячы. У параўнанні са студзенем 2023 года колькасць працаўладкаванняў вырасла на 4,7 %, а звальненняў – скарацілася на 5,2 %.

Колькасць звальненняў перавышае працаўладкаванні амаль ва ўсіх галінах гаспадаркі. Так, у гандлі звольнілі на 2 тысячы чалавек больш, чым прынялі (8,2 тысячы чалавек супраць 6,2 тысячаў).

У ахове здароўя ўзялі на працу 2,4 тысячы чалавек, а звольнілі – 2,8 тысяч чалавек.

У сельскай, лясной і рыбнай гаспадарках звольнілі на 521 чалавека больш, чым нанялі, у будаўніцтве – звольненых больш чым працаўладкаваных на 362 чалавекі.

Агляд
Як выглядае беспрацоўны беларус? Белстат склаў партрэт
2024.02.28 20:38

У галіне інфармацыі колькасць звольненых і прынятых на працу амаль аднолькавая: 824 і 817 чалавек. Звальненняў стала менш, чым летась, амаль у два разы – у студзені 2023 года ў галіне інфармацыі і сувязі звольнілі 1689 чалавек. З мінулага года Белстат не прадстаўляе статыстыку працаўладкаванняў і звальненняў паводле віду дзейнасці «інфармацыйныя тэхналогіі і дзейнасць у галіне інфармацыйнага абслугоўвання».

У прамысловасці працаўладкаванняў, наадварот, больш, чым звальненняў – у студзені на працу ўзялі на 1278 чалавек больш. Такая ж сітуацыя ў адукацыі, прынялі на 225 асобаў больш, у прафесійна-тэхнічнай дзейнасці – уладкавалі на 151 чалавека больш. У паслугах у часовым пражыванні і харчаванні на працу ўзялі на 129 чалавек больш, чым звольнілі.

Звальнялі ў Беларусі больш і летась. У 2023 годзе ў Беларусі былі звольненыя амаль 693 тысячы чалавек. Тым часам на працу ўзялі 630,15 тысяч чалавек.

У студзені 2024 года колькасць занятых у эканоміцы краіны складала 4 млн 129 тысячаў асобаў. У параўнанні са снежнем гэтая лічба паменшала на 11,1 тысячы.

Зніжэнне ўзроўню занятасці адбываецца рэгулярна. У 2022 годзе занятых было 4,214 млн, у 2021-м – 4,284 млн, у 2020-м – 4,319 млн, у 2019-м – 4,334 млн, у 2018-м – 4,337 млн асобаў. А дзесяць гадоў таму, у 2013-м, сярэднегадавая колькасць занятых складала 4 578 млн – то бок амаль на 450 тысячаў болей, чым цяпер.

Hавiны
Колькасць занятых у эканоміцы Беларусі працягвае зніжацца
2024.02.27 16:03

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў