Крыніцы агенцтва «Reuters» паведамілі, што ЗША ўпершыню перададуць Украіне далёкабойныя ракеты GLSDB. Яны здольныя атакаваць цэлі на адлегласці да 150 кіламетраў. Гэтыя боепрыпасы ўвойдуць у новы пакет дапамогі на 2,2 млрд долараў.
Ракеты GLSDB – саманаводныя і высокадакладныя. Гэта супольнае распрацоўванне амерыканцаў і шведаў. Ракеты запускаюцца ў тым ліку з сістэмаў HIMARS і могуць атакаваць рухомыя цэлі на адлегласці да 150 кіламетраў.
Раней хаўруснікі Украіны перадавалі ёй ракеты з максімальнай дальнасцю 80 кіламетраў.
Агулам чарговы пакет дапамогі ЗША складзе 2,2 млрд долараў. Чакаецца, што ў гэтай партыі будзе абсталяванне для сістэмаў супрацьпаветранай абароны «Patriot», высокадакладныя боепрыпасы і супрацьтанкавая зброя «Javelin». Пра гэта афіцыйна абвесцяць да канца тыдня, піша «Reuters».
Тым часам стала вядома, што Францыя пастанавіла перадаць Украіне яшчэ 12 самаходных гаўбіцаў «Caesar» у дадатак да 18-ці, якія былі пастаўленыя раней. Міністр абароны рэспублікі Сэбаст’ен Лекарню (Sébastien Lecornu) пасля сустрэчы ў Парыжы з украінскім калегай Аляксеем Рэзнікавым паведаміў, што тэхніку даставяць бліжэйшымі тыднямі.
Сяргей Крот belsat.eu