навіны

Краіны ЕЗ патрабуюць адказаць на перашкоды ў працы навігацыйных сістэмаў з боку Расеі і Беларусі

Расейскія сістэмы радыёэлектроннай барацьбы. Фота: hvylya.net
Расейскія сістэмы радыёэлектроннай барацьбы. Фота: hvylya.net
podpis źródła zdjęcia

Міністр транспарту і камунікацыі Літвы Эўгеніюс Сабуціс аб’яднаў ініцыятыву 13 еўрапейскіх дзяржаваў і выступіў з заклікам да Еўракамісіі прыняць тэрміновыя супольныя захады супраць перашкодаў у працы глабальных навігацыйных спадарожнікавых сістэмаў (GNSS), якія, цвердзіць ён, паходзяць з Расеі і Беларусі.

У супольным звароце, падпісаным міністрамі Літвы, Латвіі, Эстоніі, Нямеччыны, Славаччыны, Фінляндыі, Славеніі, Чэхіі, Італіі, Іспаніі, Нідэрландаў, Даніі і Румыніі, падкрэсліваецца, што гэтыя перашкоды – не выпадковыя з’явы, а мэтавая гібрыдная тактыка, якая ставіць пад пагрозу такія стратэгічна важныя галіны, як транспарт, энергетыка і сувязь. Асабліва небяспечныя яны для цывільнай авіяцыі і марскога суднаходства, піша BNS.

«Сучасная сітуацыя ў сферы бяспекі патрабуе адзінага рэагавання на гібрыдныя пагрозы, што ідуць ад варожых рэжымаў, а таксама цеснай супрацы для ўмацавання гатовасці і ўстойлівасці Еўропы. Перабоі ў перадачы сігналаў GNSS маюць непасрэдны ўплыў на такія стратэгічныя сектары, як транспарт, энергетыка і тэлекамунікацыі. Каб перадухіліць патэнцыйныя інцыдэнты, мы мусім дзеяць хутка і настойліва на ўзроўні Еўрапейскага Звязу – не індывідуальна, а скаардынавана», – заявіў міністр транспарту і камунікацый Эўгеніюс Сабуціс.

Ліст быў накіраваны ў Еўракамісію, у тым ліку да кіраўніцы замежнапалітычнага ведамства Каі Калас, а таксама да адказных за транспарт, абарону і космас. Міністры прапануюць узмацніць маніторынг радыёчастотаў і ўдасканаліць механізмы каардынацыі паміж цывільнымі і вайсковымі сіламі дзяржаваў-чальцоў для супольнага маніторынгу, абмену звесткамі і магчымага рэагавання на перашкоды GNSS. Яны выступаюць і за паскарэнне разгортвання ўстойлівых да перашкодаў паслуг GNSS, асабліва функцыяў супраць падмены інфармацыі ў праграме «Galileo», а таксама за абнаўленне і мадэрнізацыю традыцыйнай навігацыйнай інфраструктуры.

Акрамя тэхнічных захадаў, краіны прапануюць узмацніць дыпламатычны ціск і разглядаць магчымасць прыцягнення вінаватых да адказнасці – у тым ліку праз судовыя інструменты.

Сітуацыя з перашкодамі ў GNSS у балтыйскім рэгіёне, што назіраецца з 2022 года, стала адною з цэнтральных тэмаў Рады ЕЗ у справах транспарту, тэлекамунікацыяў і энергетыкі, што адбылася ў Люксембургу 5–6 чэрвеня.

Нагадаем, што ў СМІ неаднаразова з’яўляліся паведамленні, што над еўрапейскімі краінамі, якія суседзяць з Расеяй і Беларуссю, па́дае сігнал GPS. Прычынай гэтаму называлася тое, што Расея выкарыстоўвае базу радыёэлектроннай барацьбы ў Калінінградскім рэгіёне. 

Раман Шавель belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10