У 2024 годзе праявілася зацікаўленасць Кітаю да геаграфічнага становішча Беларусі. Было восем урадавых дэлегацыяў з Паднябеснай, але пад канец года актыўныя кантакты спыняюцца. Анансаваны Лукашэнкам візіт да Сі Цзінь Піна, што меўся адбыцца перад самапрызначэннем на пасаду прэзідэнта, сарваўся. Што тады здарылася?
Падобна, што Лукашэнка не выканаў «хатняга задання» ад кітайцаў. Беларускі ўзурпатар апынуўся на шырокім шпагаце паміж інтарэсамі Масквы і Пекіну.
Расея паслядоўна зацікаўленая ў разгойдванні Еўропы хваляй нелегальнай міграцыі. Інтарэсы Кітаю ў нашай краіне іншыя. Выглядае, Кітай не зацікаўлены ў паглынанні Беларусі Расеяй чыста з прагматычнага пункту гледжання. Расея застаецца пад санкцыямі за агрэсію супраць Украіны, таму спадзяванняў на адмену санкцыяў небагата. А вось Беларусь магла б у перспектыве дабіцца паслаблення. Беларусь пры сённяшнім раскладзе грае ролю рыльца пляшкі, цераз якое здзяйсняецца транзіт кітайскіх грузаў у Еўразвяз. Відаць, кітайцы рэкамендавалі Лукашэнку аднавіць добрасуседскія адносіны найперш з Польшчай, каб быць упэўненымі ў стабільнасці транзіту.
Зацікаўленасць Кітаю вырасла яшчэ больш пасля прыходу Трампа да ўлады ў ЗША. Праз тарыфныя войны таваразварот паміж Пекінам і Вашынгтонам можа зменшыцца. Кітай разглядае Еўразвяз як асноўнага гандлёва-эканамічнага партнёра. Вось чаму транзіт праз Беларусь важны.
,,Такім чынам роля Беларусі праз яе геаграфічнае становішча вырастае для ўсіх актараў у нашым рэгіёне. У плане бяспекі «беларускі балкон» – пагроза і Украіне, Польшчы і краінам Балтыі. У эканамічным плане наш «балкон» робіцца рыльцам пляшкі. Аўтаматычна вынікае – хто кантралюе тэрыторыю Рэспублікі Беларусь, той робіцца дырыжорам нашага рэгіёну.
Нармалізацыю адносінаў паміж Беларуссю і Польшчай чакалі яшчэ летась, але гэтага не адбылося. Выконваючы патрабаванні Масквы, Лукашэнка спадзяваўся на фінансавае падтрыманне ад Пуціна. Больш таго, з’явіліся сумневы ў суб’ектнасці Лукашэнкі і ягонай здольнасці кіраваць працэсамі. У той час, калі Міністэрства замежных справаў максімальна старалася абяляць узурпатара ў вачах міжнароднай супольнасці, МУС РБ паслядоўна разгортваў антыпольскую дзейнасць. Рукамі міліцыі Расея зрывала планы Кітаю. Тое, што Сі Цзінь Пін цёпла прыняў Лукашэнку, сведчыць пра змену тэндэнцыяў.
Сяргей Бульба, заснавальнік «Белага легіёну, кіраўнік ініцыятывы «Беларусь 2.0» для belsat.eu