Роўна сто гадоў таму, 10 чэрвеня 1925 года, Савет Народных Камісараў БССР уганараваў Янку Купалу (Івана Луцэвіча) званнем «Народны паэт БССР».
Адначасова з наданнем ганаровага звання СНК пастанавіў прызначыць песняру беларускага народу пажыццёвую пенсію і вызваліць ад пасадаў, якія той займаў, каб стварыць спрыяльныя ўмовы для творчасці.
За 4 гады да гэтага, аднак, у сакавіку 1921 года Купала перабываў пад хатнім арыштам, у ягонай кватэры правялі ператрус, а архіў з рукапісамі адабралі ў ДПУ (Дзяржаўнае палітычнае ўпраўленне).
Пасля выхаду ў 1922 годзе трагікамедыі «Тутэйшыя» бальшавіцкая крытыка абвінавачвала Купалу ў «дробнабуржуазным народніцтве» і «супрацьпастаўленні сябе пралетарскай дыктатуры». У тым жа годзе разам з іншымі беларускімі паэтамі Купала паспрабаваў стварыць літаратурную суполку «Вір». Калі ДПУ пачало правяранне яе будучых сябраў, то амаль усе яны атрымалі адмоўныя характарыстыкі, і нават сам Купала быў названы «беларускім пісьменнікам-шавіністам». Суполку забаранілі.
Ціск працягнуўся напрыканцы 1920 гадоў, калі пачалося згортванне палітыкі беларусізацыі. Янку Купалу абвінавачвалі ў «нацдэмаўшчыне», ідэалізацыі мінулага. У 1930 годзе раскулачылі маці і сястру паэта, аднак ссылкі яны пазбеглі.
Улетку 1930 года ў газеце «Звязда» з’явіўся артыкул Лукаша Бэндэ «Шлях паэта», у якім Купала абвяшчаўся «ідэолагам буржуазнага нацыянал-адраджанізму». Неўзабаве яго пачалі выклікаць на допыты ў ДПУ, яму інкрымінавалася лідарства ў сфабрыкаваным спецслужбамі «Саюзе вызвалення Беларусі». У лістападзе таго ж года яго паўторна выклікалі ў ДПУ паводле той жа справы. 20 лістапада 1930 года, пасля допытаў у ДПУ, Янка Купала зрабіў спробу самагубства, аднак быў выратаваны.
У снежні 1930 года ў газеце «Звязда» быў апублікаваны «пакаяльны» ліст паэта, у якім ён прызнаваўся ў «памылках» і «шкодных поглядах», абяцаў парваць з «кулацкім нацыяналістычным адраджанізмам» і «аддаць усе свае сілы сацыялістычнаму будаўніцтву». Існуе версія, што сапраўдным аўтарам «пакаяльнага» ліста быў Лукаш Бэндэ, а сам Купала падпісаў яго пад ціскам.
Пасля ўсіх гэтых падзеяў літаратурная актыўнасць Купалы ажывілася толькі ў сярэдзіне 1930 гадоў. Ягоныя творы ў гэты час, аднак, пацярпелі ад значнай цэнзурнай праўкі.
У 1937 годзе Янка Купала апынуўся ў спісе чарговых ахвяраў рэпрэсіяў. Мясцовыя рэпрэсіўныя органы звярталіся да найвышэйшага кіраўніцтва па дазвол на арышт паэта, аднак такой санкцыі не атрымалі.
4 чэрвеня 1942 года Янка Купала быў выкліканы ў Маскву тэлеграмай ад старшыні Саўнаркаму БССР. 28 чэрвеня ў Маскве Купала загінуў, упаўшы ў лесвічны пралёт дзясятага паверху гатэлю «Масква». Існуе тры версіі смерці – няшчасны выпадак, самагубства, забойства органамі савецкай бяспекі.
1 ліпеня 1942 года пасля крэмацыі Янка Купала быў пахаваны на Ваганькаўскіх могілках у Маскве. У ліпені 1962 года урна з прахам была перавезеная ў Менск і перапахаваная на Вайсковых могілках. Тут пахаваная і маці паэта.
Марыя Міхалевіч belsat.eu