Уначы 7 чэрвеня расейская армія ўдарыла па Харкаве, ужыўшы беспілотнікі, авіябомбы і ракеты.
Цягам гэтай ночы Харкаў перажыў адну з самых страшных атак: усяго за паўтары гадзіны ў горадзе прагрымела больш за 40 выбухаў.
Удар быў камбінаваным і скіраваным на цывільную інфраструктуру. Агулам расейскія войскі выпусцілі на Харкаў 48 дронаў, 2 ракеты і скінулі 4 авіябомбы.
Паводле звестак мэра гораду, тры чалавекі загінулі, 17 чалавек, у тым ліку двое дзяцей (аднаму з іх споўнілася толькі 1,5 месяцы), атрымалі раненні.
Былі пашкоджаныя 18 шматкватэрных будынкаў і 13 прыватных дамоў. Пад заваламі яшчэ могуць быць людзі.
Акрамя Харкава, расейскія войскі атакавалі і іншыя ўкраінскія гарады: Дняпро, Паўлаград, наносілі ўдары па ваколіцах Нікапалю. У Дняпры была пашкоджаная інфраструктура, адно з прадпрыемстваў, навучальная ўстанова і дзясяткі гаражоў.
Раман Шавель belsat.eu